Вы тут

Тры плюсы дадатковай адукацыі


Нездарма кажуць, што за дадатковую адукацыю дзеці галасуюць ножкамі. Яны не пойдуць у гурткі, у якіх ім будзе нецікава. Таму, каб прывабіць навучэнцаў, найперш кожная пазашкольная ўстанова вывучае запыты як саміх дзяцей, так і іх бацькоў. І сёння сярод прапаноў ёсць ужо школы блогінгу і журналістыкі, робататэхнікі, праграмавання, заняткі для будучых мадэляў і мадэльераў, бізнесменаў.


Педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы вёскі Чэрні Дзіна Дубчук і навучэнка паліна Пупчык праводзяць майстар-клас па вышыўцы. Фота БЕЛТА.

Калі ў школах усе вывучаюць аднолькавыя прадметы, то дадатковая адукацыя дазваляе развіваць дзяцей менавіта па запатрабаваных кірунках. Прычым у хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў розных галінах. Выбар аб'яднанняў па інтарэсах настолькі вялікі, што бацькам ужо можна прадумваць індывідуальную праграму развіцця дзіцяці. Напрыклад, чаму б не падабраць гурткі, якія будуць карысныя будучым архітэктарам, інжынерам, праграмістам, эколагам? І пачынаць атрымліваць уменні і веды па некаторых кірунках дзеці могуць ужо з шасці-сямі гадоў. Праграма паступова будзе ўскладняцца, ад больш простых рэчаў з цягам часу дзеці пяройдуць да сур'ёзных даследчыцкіх работ, вынаходніцтваў, падлеткі навучацца абараняць свае праекты.

На новы лад

У нацыянальнай сістэме сёння функцыянуе 282 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія наведвае больш за 380 тысяч дзяцей. Забяспечаныя найноўшым абсталяваннем і прафесійнымі кадрамі, установы дадатковай адукацыі ўжо сёння гатовы рэалізаваць мары многіх бацькоў пра тое, каб іх дзеці атрымалі сучасныя, запатрабаваныя веды.

Уласна, адна з задач дадатковай адукацыі — падрыхтоўка моладзі, якая валодае пэўнымі прафесійнымі навыкамі, з незалежным мысленнем, крэатыўным падыходам, гатоўнасцю да прыняцця самастойных рашэнняў. Аб'яднанні па інтарэсах дазваляюць раскрыць таленты, дапамагаюць вызначыцца з будучай прафесіяй, спрыяюць інтэлектуальнаму, мастацкаму, фізічнаму развіццю дзяцей. Нельга недаацэньваць і мастацкія гурткі. Не ўсе малыя, якія сёння малююць, спяваюць, танцуюць, у будучым выберуць творчыя прафесіі. Але, як заўважае намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ларыса ІСАЧКІНА, мастацка-эстытычнае выхаванне фарміруе светаўспрыманне, крэатыўныя і інтэлектуальныя якасці асобы, гарманізуе, выхоўвае, матывуе. Натуральна, такія маладыя людзі будуць адчуваць сябе ўпэўнена ў любой прафесіі. Вядома, што многія вучоныя, вынаходнікі займаліся музыкай, жывапісам ці пісалі вершы...

Установы супрацоўнічаюць з рознымі арганізацыямі. Распрацоўваць і праводзіць заняткі дапамагаюць псіхолагі, юрысты, банкіры. Напрыклад, сярод запатрабаваных сёння кірункаў — эканамічны, дзе дзяцей навучаюць разбірацца ў фінансавых пытаннях, знаёмяць з маркетынгам. Плануецца развіваць на базах устаноў дадатковай адукацыі і школы медыяцыі, дзе навучэнцы і іх бацькі даведаюцца, як вырашаць канфлікты, наладжваць зносіны. Установы адукацыі не забываюцца і на праграмы накшталт «Бяспечнае дзяцінства», калі дзеці даведваюцца пра асновы бяспечнай жыццядзейнасці, сустракаюцца з супрацоўнікамі ДАІ і МНС.

Адзіная праблема, з якой вы сутыкняцеся пры выбары дадатковай адукацыі, — на чым спыніцца, бо ці не ў кожнай установе захочаце запісаць дзіця адразу ў некалькі гурткоў. Напрыклад, калі вы завітаеце ў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, будзеце здзіўлены. Сёння тут працуе каля 800 аб'яднанняў па інтарэсах, якія наведвае больш за восем тысяч дзяцей. Нейрапілаціраванне, бізнес-англійская мова, займальныя вопыты і эксперыменты, дызайн, экатэатр... Тут рэалізуецца каля 290 праграм, якія маюць прафарыентацыйную накіраванасць. Ужо два гады паспяхова працуе адукацыйны цэнтр інавацыйных практык «Тэхнапрарыў», які аб'ядноўвае школьнікаў, што цікавяцца інжынерыяй, архітэктурай, дызайнам, ІТ-тэхналогіямі. Установа рэалізуе новую мадэль адукацыі, якая заснавана на праектным метадзе работы. Цэнтр актыўна супрацоўнічае з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, з дзецьмі працуюць у тым ліку і педагогі ВНУ. Не дзіва, што навучэнцы паспяхова заяўляюць пра сябе на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Інавацыйная лабараторыя Палаца дзяцей і моладзі працуе ў фармаце адкрытай майстэрні, дзе кожны навучэнец можа прыйсці і рэалізаваць сваю ідэю. Матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстановы дадатковай адукацыі можна пазайздросціць — тут ёсць фрэзерныя, лазерныя станкі, 3D-прынтары, паяльная ўстаноўка і многае іншае абсталяванне.

Вопыт

«Усё, што сёння цікавае адбываецца ў адукацыі, звязана з гэтымі ўстановамі. Сістэма не выстройваецца хаатычна. Распрацаваны сур'ёзныя праграмы дадатковай адукацыі, — адзначае намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея ВЯЛІКАЯ. — Назіраецца станоўчая дынаміка. У горадзе Мінску функцыянуе 20 праграм на павышаным узроўні (яшчэ год таму іх было амаль у два разы менш). З дзецьмі займаюцца педагогі вышэйшай катэгорыі, і таму яны паказваюць выдатныя вынікі ў тым ці іншым кірунку, праслаўляюць краіну на міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах». І, як заўважае Надзея Міхайлаўна, адукацыйныя праграмы, у якіх павінны быць прапісаны алгарытм работы і выніку, узроставы цэнз і бяспека дзяцей, неабходны быць і ў камерцыйных структур. І сёння многія камерцыйныя арганізацыі, якія працуюць з дзецьмі ў галіне дадатковай адукацыі, маюць метадыстаў, прыцягваюць выкладчыкаў ВНУ і псіхолагаў пры распрацоўцы праграм для дзяцей. Так, многія ІТ-школы сёння прапануюць дзецям спасцігаць камп'ютарныя сакрэты на працягу сямі і болей гадоў, падчас якіх дзеці навучаюцца не толькі тэхналогіям, але і лідарству, асновам прадпрымальніцтва, замежнай мове.

Між іншым, прыватнае партнёрства сёння падтрымліваецца дзяржавай. Камерцыйныя структуры маюць моцныя базы і матэрыяльныя рэсурсы, а ўстановы адукацыі могуць падзяліцца ведамі, метадычнымі напрацоўкамі. І самае галоўнае — тут ёсць педагогі, якія гатовы працаваць з новымі тэхналогіямі.

Дадатковая адукацыя сёння моцна ўплывае і на адукацыйны працэс у школе. Настаўнікі атрымліваюць дадатковыя веды і гатовы весці ў сваіх школах новыя гурткі, факультатывы. Асабліва гэта датычыцца сучасных тэхналогій. Напрыклад, сёння ўжо нікога не здзівіш тым, што ў школах дзеці могуць наведваць гурткі робататэхнікі і праграмавання альбо логікі (калі малыя рашаюць розныя хітрыя задачкі на камп'ютары). І натуральна, творчыя педагогі знойдуць, як прымяніць новыя веды і на «класічных» уроках.

Але не толькі айцішнікам ёсць чым падзяліцца.

«Два гады ў краіне праводзіцца вялікі эксперымент з Нацыянальным інстытутам адукацыі, які прысвечаны тэматыцы профільнага навучання, — паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена АНУФРОВІЧ. — Мы шукаем звязку дадатковай адукацыі з вучэбнымі прадметамі, напрацоўваем праграмы, і па выніках гэтага эксперымента, думаю, атрымаем цэлы вучэбна-метадычны комплекс». Дарэчы, гэтая ўстанова сёння курыруе работу ў краіне 41 цэнтра турызму і краязнаўства і 18 эколага-біялагічных. Аб'яднанні падобных кірункаў працуюць і ў многапрофільных цэнтрах дадатковай адукацыі. Больш нідзе дзеці не змогуць пазнаёміцца з такімі прафесіямі, як геалогія, археалогія, тапаграфія, геадэзія. Дзеці на практыцы вучацца прымяняць новыя веды. Напрыклад, будучыя экскурсаводы, якія займаюцца ў краязнаўчых гуртках, ужо некалькі гадоў удзельнічаюць у адпаведных конкурсах, пацвярджаюць, што здольны правесці экскурсіі як па сваіх малых гарадах, так і па вялікіх. «Мы зацікаўлены даць доступ да тых магчымасцяў, якія ёсць на базе нашай установы, не толькі дзецям з Мінска, — дзеліцца Алена Уладзіміраўна. — Выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, развіваем дыстанцыйна вочна-завочнае навучанне. Многа гадоў працуе рэспубліканская школа юных біёлагаў, праводзяцца вочныя зборы, тэсты, і запыты на такое навучанне паступаюць ад дзяцей з усіх куткоў краіны». Таксама тут чакаюць хлопчыкаў і дзяўчынак у школах дадатковай геаграфічнай адукацыі, музейнай справы, дзейнічае навуковая лабараторыя. Толькі за мінулы год дзеці, якія займаюцца ў цэнтры, напісалі 16 навуковых праектаў, прывезлі ўзнагароды з Кеніі, а зараз рыхтуецца каманда, якая са сваімі навуковымі праектамі паедзе ў Бразілію. У цэнтра ёсць уласная метэастанцыя, дзе юныя сіноптыкі змогуць назіраць за зменамі клімату. Адкрыты лабараторыі па біяразнастайнасці і водных сістэмах, па вывучэнні паветра і глебы. Самае сучаснае абсталяванне ўдалося атрымаць у межах праекта «Зялёныя школы».

Прафарыентацыя

Як заўважае дырэктар установы адукацыі «Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі» Мікалай Воюш, большасць дзяцей, якія выбіраюць падобныя аб'яднанні, пасля паступаюць у профільныя навучальныя ўстановы. Напрыклад, дзеці, якія пісалі праекты па азеляненні тэрыторый прышкольных тэрыторый падаюцца ў дызайнеры, тут вырастаюць і будучыя біёлагі, эколагі, медыкі, ды не толькі. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзеці вучацца камунікаваць у новым асяроддзі, прыстасоўвацца да разнастайных умоў, знаходзяць сяброў — аднадумцаў з іншых гарадоў і краін, абменьваюцца вопытам. Нават і кухар добры можа атрымацца з тых жа юных турыстаў, таму што ў паходах ім даводзіцца гатаваць ежу, вылічвац,ь колькі прадуктаў трэба выкарыстаць, каб накарміць пэўную колькасць людзей. Ды ніякія гутаркі, лекцыі, падручнікі так не працуюць на патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, як падарожжы, а навучэнцы цэнтра сёння ў тым ліку ўдзельнічаюць і ў сплавах на байдарках.

Каля 90 працэнтаў гурткоў пазашкольных цэнтраў працуюць на прафарыентацыю навучэнцаў. Многія дзеці пазней выбіраюць прафесію, звязаную з іх дзіцячым захапленнем. Каб дапамагчы школьнікам вызначыцца, ва ўстановах дадатковай адукацыі праводзяцца розныя мерапрыемствы: круглыя сталы, групавыя і індывідуальныя кансультацыі, тэсты. Традыцыйныя формы, канешне, даюць вынік. Але, як ўпэўнены дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей САЧКО, сёння трэба больш актыўна ўжываць інтэрактыў, калі дзіця можа паўдзельнічаць у розных конкурсах, спаборніцтвах і пасля ўпэўнена заявіць: «Так, тата, мама, мне гэта падабаецца». І толькі па тэхнічным профілі падобных рэспубліканскіх мерапрыемстваў праводзіцца каля сарака ў год.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Чым займаюцца дзеці?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.