Вы тут

Афіцэр, які закрыў салдата ад гранаты, уганараваны ордэнам


У сераду ў зале Перамогі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пяць афіцэраў і два прадстаўнікі грамадзянскага персаналу атрымалі з рук міністра абароны Андрэя Раўкова дзяржаўныя ўзнагароды. Адпаведны ўказ 24 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.


Сярод іх - старшы лейтэнант Дзмітрый Філіповіч, камандзір вучэбнай мотастралковай роты 307-й гвардзейскай школы падрыхтоўкі спецыялістаў мотастралковых і дэсантных падраздзяленняў 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Ён узнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць".

...14 сакавіка гэтага года ў Пячах адбылася надзвычайная сітуацыя. Падчас заняткаў па агнявой падрыхтоўцы салдат выпусціў з рук баявую наступальную гранату РГД-5. Дзмітрый Філіповіч, які кіраваў заняткамі, выкінуў свайго падначаленага за межы акопа і закрыў яго сваім целам. Абодва вайскоўцы атрымалі тады раненні мяккіх тканак ног і былі шпіталізаваны.

Сёння, крыху больш чым праз паўгода пасля тых падзей, Дзмітрый Філіповіч згадвае, праз што яму давялося прайсці:

- З раніцы пачаліся планавыя заняткі. Усё ішло як мае быць - і ў нейкі момант граната паляцела ў акоп. Салдат выпусціў яе на замаху. Я дзейнічаў па сітуацыі. Загадзя штосьці ў галаве не пракручваў, усё адбылося вокамгненна. Паспрабаваў выкінуць гранату з акопа, але паколькі яго барты былі даволі высокія, зрабіць гэта не атрымалася. Граната ўпала ў куток акопа, што нам і паспрыяла. Я закрыў салдата сваім целам - і граната ўзарвалася. На ўсё было не болей за чатыры секунды. Выбух адбыўся далей, чым у выпадку, калі б я яе не чапаў. Першая думка была  -  "Што з салдатам?" Усе засталіся жывыя. І я, і той салдат далей праходзім службу ва Узброеных Сілах.

Павел Бацяноўскі скончыў "вучэбку" і па размеркаванні паехаў служыць у 120-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду. Вучыўся ён на камандзіра аддзялення.

Таксама Андрэй Раўкоў уручыў ордэн "За службу Радзіме" ІІІ ступені начальніку штаба - першаму намесніку камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёру Руслану Касыгіну, камандзіру 361-й базы аховы і абслугоўвання палкоўніку Андрэю Расюку, начальніку ракетных войскаў і артылерыі - начальніку аддзела ракетных войскаў і артылерыі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання палкоўніку Руслану Чэхаву. Ордэнам "Пашаны" ўганараваны намеснік дырэктара па вытворчасці і кіраванні якасцю РУП "Інстытут "Ваенпраект" Сяргей Паўленка. Дырэктар гэтага ж прадпрыемства Сяргей Карпаў атрымаў ганаровае званне "Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь". А начальнік Галоўнага штаба - першы намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Сяргей Трус узнагароджаны званнем "Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь".

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?