Вы тут

Фанат машын


Летась трактары і камбайны, якія туды-сюды ганяюць па вёсцы, мяне, мякка кажучы, раздражнялі. Не паспее малы на вуліцы заснуць, як такі гул стаіць, што хочаш не хочаш расплюшчыш вочкі. А тым больш калі такі далікатны (нават цяпер варта паправіць коўдрачку і накрыць ножкі-басячкі, якія вылезлі з-пад яе, Арцёмка ўжо пачынае варушыцца).


Фота: desktopbackground.org

Гэтым летам сельскагаспадарчую тэхніку, якая працягвае ездзіць па вясковых дарогах, я нават люблю. За тое, што хоць некалькі хвілін магу пастаяць спакойна, бо мой маленькі сынок адразу перастае сваволіць і кудысьці ісці — быццам заварожаны глядзіць на трактар ці іншую гуллівую махіну, якая паказалася на гарызонце.

У горадзе так не расслабішся. Варта было пасля трохмесячнай «ссылкі» ў вёску прыехаць у Ліду, дзе мы таксама часова жывём, як Цёмікавы вочкі разбягаліся ад такой колькасці аўтатранспарту. Мала што яму трэба было дакрануцца (а то і панаціскаць на ручкі, паляпаць па фарах) да кожнай машыны на паркоўцы, дык яшчэ і па дарозе пабегаць захацелася. Абмежаванне свабоды малому, канешне, не спадабалася. Ён прызвычаіўся хадзіць, дзе яму ўздумаецца, а тут то адно нельга, то другое. На нашай вясковай дзіцячай пляцоўцы ўзяў суседчын самакат ды пацягнуў, пакуль тая не кінецца ў плач (а ён яшчэ падумае, аддаваць ці не). У гарадской краме такая хітрасць не пракаціла — сігналізацыя патрабавала вярнуць цацкі на месца.

А на дні горада, куды мы нядаўна выбраліся з сям'ёй, Цёмік нават разгубіўся ад такой колькасці людзей. На дзіва спакойна сядзеў у калясцы, што звычайна для яго выпрабаванне. Праўда, пакатаўся і на машынцы на пульце кіравання, паслухаў з бабуляй, як граюць саксафаністы, відаць, пазайздросціў дзецям, якія асядлалі поні і аслоў. Але пра што ён расказваў сваімі «а» і «ў» дома, паказваючы пальчыкам на столь, дык гэта пра верталёт, які за невялікія грошы дэманстраваў жыхарам і гасцям свята Ліду з вышыні птушынага палёту. Мы, вядома, не лёталі, але ўся ўвага была сканцэнтравана на вінтакрылай машыне.

Цёміку пашанцавала ўбачыць верталёт зусім зблізку і на наступны дзень, калі мы паехалі ў той раён, дзе акурат знаходзілася ўзлётная пляцоўка, у цырульню. Нажніцы шчоўкалі над маленькай галоўкай упершыню (валасы ў Арцёмкі растуць слабавата), а ён спакойна сядзеў. Мае бацькі дзівіліся, як удалося засунуць малога непаседу ў крэсла да цырульніка. Аказалася вельмі проста, калі гэтае крэсла — машына. Цёмік круціў цацачны руль і краем вока пазіраў на мульцікі, якія цёця Наташа спецыяльна ўключыла для яго (сэрвіс!) — і хутка маленькі пучок светленькіх валасоў ляжаў у мяне ў пакеціку — на памяць аб першым паходзе ў цырульню.

Чаго толькі няма ў сучасных дзяцей! Яшчэ нядаўна я вазіла (добра, што машына ёсць) з кватэры ў кватэру ванначку, каляску, фітбол (вялікі мячык для гімнастыкі), шэзлонг, крэсла для кармлення, каб Цёміку было камфортна на новым месцы. Я ўжо не кажу пра сумкі адзення і іншыя рэчы. Прыкладна з такім багажом прыехала на днях да свекрыві і другая нявестка, у якой, між іншым, двое дзяцей. Сабраліся мы разам, заставілі сваімі рэчамі трохпакаёвую кватэру і адчулі, што цеснавата неяк стала. А як жа ў маленькай хатцы некалі па дзве-тры сям'і тулілася!

Затое весела было. Не ўпэўнена наконт нашых продкаў, але нам дакладна. Па вечарах нашы хлопцы ўвогуле на галовах хадзілі. Машыны пад нагамі былі паўсюль, шапкі іх прадзядулі-ветэрана і прымяраліся, і падкідаліся (хай не прачытае гэта дзядуля Саша). І смяяліся, і плакалі — мой шкоднік забіраў у пяцімесячнай сястрычкі ўсе цацкі, аднойчы не згледзелі, як увогуле трактарам у галоўку патрапіў. Прабачэння, канешне, прасіў. Толькі невядома, што лепш: для немаўляткі Цёмікавы абдымкі і пацалункі былі залішняй праявай любові.

І Вадзіку, якому праз некалькі месяцаў споўніцца сем, дасталося ад малога шкодніка. Таму не дзіва напрыканцы нашай сустрэчы было ад яго пачуць, што ён не хоча, каб Арцёмка прыязджаў да яго ў госці. Дарэмна спалохаліся. Аказалася, ён турбуецца, каб малодшаму брату, як яму, не стала дрэнна ў дарозе (яны жывуць далёка). Такім чынам, злапамятных у нас няма. Спадзяюся, маленькая Ева некалі не прыпомніць Цёміку трактар, які пакінуў на яе маленькім лобіку невялічкую драпіну.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.