Вы тут

Дзе вучыліся спяваць Дзядзька Ваня і Ціма Беларускіх?


Педагогі нярэдка нагадваюць: не выхоўвайце дзяцей, выхоўвайце сябе, бо дзеці ўсё адно будуць падобныя да вас. Вопытныя кіраўнікі гурткоў і секцый могуць дадаць: не рэалізуйце ў дзецях уласныя амбіцыі. Аддавайце сына ці дачку ў спорт, у балет, у музыку не таму, што вам у дзяцінстве карцела стаць другім Марадонам, Плісецкай ці Паганіні, а таму, што дзіця само прагне «сябе паказаць», мае не толькі здольнасці, але і характар, каб не здацца пры першай жа няўдачы. Прынамсі, у дзіцячым тэатры-студыі — гэтая ўнікальная творчая майстэрня існуе пры Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі вось ужо 30 гадоў — пасля кожнага новага набору застаюцца толькі такія вучні.

Пра ўзроставыя адметнасці, цяжкасці работы з бацькамі і перспектывы выхаванцаў «СГ» гутарыць з кіраўніком студыі Аленай НЯРОНСКАЙ.


«Спектакль, які глядзіш з-за куліс і ў зале, — дзве зусім розныя рэчы», — прызнаецца кіраўнік дзіцячага тэатра-студыі Алена Няронская.

— Кажуць, сёлета ў вас нейкі асабліва вялікі набор?

— Ён заўжды вялікі, дзяцей кожны год прыходзіць вельмі многа. Вось, глядзіце: на пачатку верасня на праслухоўванне было запісана 54 дзіцяці, і звычайна яшчэ каля дваццаці чалавек прыходзіць без запісу, проста ў апошні момант — не адмаўляць жа ім. Набралі мы ў студыю 35, і, шчыра скажу, дазвалялі сабе выбіраць, шукаць найлепшых сярод выдатных, бо прыйшлі насамрэч вельмі падрыхтаваныя дзеці. (У студыю прымаюцца дзеці ад 7—8 гадоў, з пачатковай музычнай адукацыяй — як мінімум з веданнем нотнай граматы, артыстычныя і пластычныя. — Аўт.) Тут удакладню: справа не ў тым, што ёсць дзеці дрэнныя, а ёсць добрыя. Проста далёка не кожнае дзіця нават перад самай прыязнай камісіяй (у нашу, напрыклад, уваходзяць народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, загадчык опернай трупы тэатра, заслужаная артыстка Ніна Казлова, хормайстар Сяргей Аграновіч — усе вельмі вопытныя і дружалюбныя да дзяцей) можа раскрыцца і паказаць сябе як след. Я сама маці і ведаю, што са мной сын адзін, у калектыве ці на конкурсе — зусім іншы, і як ён будзе сябе паводзіць, прадказаць цяжка. Аднак сёлета набор быў сапраўды моцны, і зусім невялікая колькасць дзяцей узятая на выпрабавальны тэрмін у залежнасці ад таго, як пакажуць сябе, — усе астатнія залічаны ў студыю. І цяпер мы з імі з радасцю і хваляваннем рыхтуемся да «Стварэння свету» — гэта балет, які ідзе ў суправаджэнні дзіцячага хору, што атрымліваецца вельмі прыгожа і зусім інакш, чым з «дарослымі» галасамі. Натуральна, пераважна прыходзяць дзяўчаткі, бо хлопчыкаў, як заведзена, часцей аддаюць у спорт, а не ў класічны вакал.

Хормайстар Алена Сакалоўская паўтарае партыю са студыйцамі, якім неўзабаве выходзіць на сцэну.

Можна не ведаць нот, але займацца ў студыі і хадзіць сюды хоць да пенсіі. Але многія бацькі лічаць як: аддалі дзіця ў студыю, значыць, праз месяц яно ўжо мусіць выйсці на сцэну тэатра. А чаму яно павінна там быць і паказваць гледачу вельмі сярэдні ўзровень? З гэтым заўжды даводзіцца не тое каб змагацца, але бясконца тлумачыць бацькам, што артыст музычнага тэатра — вялікая праца, і каб здаць партыю, яе трэба вучыць, шмат разоў паўтараць і ўдасканальваць... Бацькі хочуць бачыць вельмі хуткі вынік. А дзецям у сем-восем гадоў, па вялікім рахунку, усё адно, на якой сцэне стаяць — Вялікага тэатра ці Палаца культуры, галоўнае, што ёсць публіка, і што яны такія прыгожыя выступаюць перад гледачамі і атрымліваюць апладысменты.

З 35 чалавек навічкоў да Новага года, зыходзячы з вопыту, у найлепшым выпадку застанецца дваццаць, а да канца сезона, можа, толькі пятнаццаць тых, хто гатовы некалькі разоў на тыдзень ездзіць на заняткі без аглядкі на халоднае надвор'е, недахоп часу, доўгую дарогу і дні нараджэння сваякоў і суседзяў.

Усе — у вобразе.

— Вельмі часта даводзіцца бачыць, як бацькі рэалізуюць у дзецях свае ўласныя, некалі няспраўджаныя дзіцячыя мары. Паўтаруся, я сама мама, і мой сын упершыню трапіў у тэатр у шасцімесячным узросце, у дзевяць месяцаў мы ўжо стаялі за кулісамі навагодняга канцэрта, у чатыры гадкі ён іграў ролю слугі Людаеда ў мюзікле «Кот у ботах». Спачатку мне страшна хацелася, каб сын займаўся картынгам і суднамадэляваннем, потым — каб працягнуў творчую дынастыю, тым больш у яго вельмі неблагі барытон... Балазе сын аказаўся з мазгамі і характарам, чаго ён не хацеў рабіць, прымусіць было немагчыма, і ў выніку ён сказаў, што не бачыць сябе ў мастацтве ад слова «наогул», і паступіў на юрыдычны факультэт. І хоць там ён усё адно запісаўся ў КВЗ і нейкія творчыя гурткі, і гэта ўжо яго ўласны выбар. Але тут чалавеку 17 гадоў і ён можа заявіць пра сваю пазіцыю. А калі дзіцяці сем, і мама спіць і бачыць яго на вялікай сцэне — гэтае няшчаснае дзіця марыць зусім пра іншыя рэчы, але вымушана рабіць тое, што сказала мама...

— Ніжні ўзроставы парог студыйцаў — 7-8 гадоў. Раней не варта ісці ў тэатр?

— Глядзець пастаноўкі, у тым ліку знаёміць дзіця з операй і балетам — варта і трэба, гэта тыя ўражанні, якія застануцца з чалавекам назаўжды і спрыяюць культурнаму выхаванню асобы. Што да заняткаў, тут справа іншая. Я некалі працавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў і спеваў — і на ўласным вопыце пераканалася, што ў шасцігадовых дзяцей свой, асобны цыкл адукацыйнага працэсу: максімум 35 хвілін заняткаў, з якіх абавязкова дзве «фізхвілінкі», і бясконцая змена дзейнасці. Вывучыць за 35 хвілін з двума перапынкамі харавую партыю балета «Стварэнне свету» проста немагчыма. Зразумела, бываюць выключэнні, але іх можна пералічыць па пальцах. Збольшага малодшым дзецям проста надакучваюць доўгія заняткі, і малое — раз, і залезла пад раяль, яму там добра, і што я тут зраблю, не пакідаць жа сто чалавек хору і не лезці пад раяль выцягваць гэта дзіця. Для старэйшых дзяцей дысцыпліна — не пустое слова, з імі можна дамовіцца, і ў нас асабліва не пасваволіш.

Спыніся, імгненне! І паўтарыся яшчэ раз.

— Ці можна вызначыць па некалькіх рэпетыцыях, у каго ёсць перспектыва, а хто проста добра бавіць час?

— На мой погляд, адразу гэта вызначыць немагчыма. Скажам, прыйшоў да нас хлопчык, яму 12, вельмі артыстычны, ноты ведае — але чутна, што ўжо ідзе мутацыя, таму голас трэба пакуль што паберагчы, будзе выступаць у мімансе. Менш за месяц прайшло, як некалькі хлопчыкаў з новага набору ўжо ўдзельнічалі ў спектаклі «Князь Ігар» — такія яны жывыя, цудоўныя артысты, як быццам яны заўжды ў нас займаліся. Але гэта рэдкасць, калі з першага позірку бачны патэнцыял: звычайна патрэбны час, каб раскрыцца, каб прывучыць дзіця да сцэны — ёсць пастаноўкі, дзе нашы дзеці ходзяць літаральна за руку з артыстамі хору, пакуль усвядомяць, што значыць — працаваць разам з вялізным калектывам і быць яго часткай. Згадваю хормайстра Алу Мазураву, у яе ўзорны хор «Званочкі» ў ліцэі пры Акадэміі музыкі. Я прыйшла ў тэатр, калі яна ўжо тут працавала, — і вельмі добра запомніла, што яна нікога ніколі не выганяла. У каго атрымлівалася — спявалі, калі не — слухалі, спрабавалі разам з усімі дыхаць і распявацца. І ў канцы года з дзесяці, здавалася б, безнадзейных вучняў восем у яе пачыналі нешта гудзець, кеміць, падладжвацца. Так што цяпер я дакладна ведаю, што пры наяўнасці слыху — абсалютна ўсё магчыма развіць. Іншая рэч, калі людзі займаюцца вакалам не зважаючы на прыродныя даныя, проста таму, што гэта модна, а патраціўшы на прыватныя ўрокі шмат часу і грошай, «раптам высвятляюць», што слыху няма. Я ўсімі рукамі за ўсебаковае развіццё асобы, але не за тое, каб усё хапаць па вярхах, — гэта нейкая бяда, у выніку якой сёння ўсе лічаць сябе «спецыялістамі» ў фатаграфіі, ці вакале, ці педагогіцы....

Зусім неабавязкова ўдзельнікі нашай студыі стануць прафесійнымі артыстамі, але многія вырастаюць і вяртаюцца ў тэатр. Напрыклад, канцэртмайстар Таццяна Панасюк — выпускніца студыі, гэтаксама як рэжысёр Наталля Бараноўская, хормайстар Алена Сакалоўская, салістка Вялікага тэатра Таццяна Гаўрылава, загадчык пастаноўчай часткі тэатра Таццяна Ераза, памочнік рэжысёра Алена Макарава, рэжысёр Наталля Кузьмянкова, кампазітар Каця Шымановіч — ужо яе дачка Фрося ходзіць да нас. І папулярны спявак Іван Вабішчэвіч — Дзядзька Ваня, і расійскі спявак і кампазітар Глеб Матвяйчук, і кумір моладзі Ціма Беларускіх — усё гэта выпускнікі нашай студыі.

Ужо ў лістападзе-снежні пачынаецца вельмі напружаны час, калі раніцай адзін спектакль, увечары другі, а паміж імі яшчэ стаяць рэпетыцыі... Бывае, за месяц шаснаццаць «Шчаўкункоў»! І ва ўсіх гэтых пастаноўках занятыя студыйцы — мабыць, з оперных спектакляў нас няма толькі ў «Аідзе» і «Вяселлі Фігара», плюс яшчэ некалькі балетаў, шматлікія навагоднія канцэрты, масавыя мерапрыемствы. Я не ведаю, як яны «выжываюць»: некаторыя робяць школьныя заданні ў рэпетыцыйных класах, але не прапускаюць заняткі, бо захопленыя тэатрам, і ім гэта сапраўды трэба.

— Што варта зрабіць бацькам і дзецям, перш чым ісці да вас на праслухоўванне?

— Варта даведацца, ці хоча дзіця наогул спяваць — ведаю, нават у многіх музычных школах вучні цярпець не могуць спяваць у хоры. Добра, што многія бацькі здагадваюцца спытаць, ці займаюцца ў нас танцамі, і калі высвятляецца, што будуць толькі харавыя спевы, то сыходзяць.

Калі ў вас творчая сям'я, гэта не гарантыя поспеху — талент ёсць альбо няма, і дзіця можа як працягнуць дынастыю, так і быць адзіным у сваім родзе. Наогул, мне здаецца, да патрэб і інтарэсаў дзіцяці трэба больш прыслухоўвацца, і калі яму падабаецца шыць сукенкі лялькам, то, магчыма, няхай шые, а не змушана апраўдвае вашы чаканні?

— Працуючы з дзецьмі амаль 30 гадоў, як пазбегчы прафесійнага выгарання?

— Гэта наогул не наша гісторыя, бо тут пастаянна ўсё змяняецца: новыя спектаклі, новыя дзеці прыходзяць кожны год — такая чахарда падзей, якая не ператвараецца ў руціну. У параўнанні са школай у нас ёсць пэўныя рычагі ўздзеяння на вучняў, дый, паўтаруся, у студыю прыходзяць ужо матываваныя дзеці, якім няма сэнсу выхваляцца аднаму перад адным, бо ім цікава ў тэатры. Натуральна, бываюць розныя абставіны, але ўсе пытанні можна вырашыць, прычым наўпрост з дзецьмі, бо з імі знайсці агульную мову лягчэй, чым з бацькамі.

Дасье «Звязды»

Дзіцячы музычны тэатр-студыя ў складзе Вялікага тэатра Беларусі з'явіўся ў 1989 годзе — і цяпер, а тым больш на той час, гэта ўнікальная з'ява. Ужо праз год першыя выхаванцы студыі дэбютавалі ў вялікім канцэрце з сімфанічным аркестрам, а таксама выступілі як паўнапраўныя ўдзельнікі мюзікла «Пітэр Пэн».

 

Сёння юныя артысты занятыя больш чым у 17 оперных пастаноўках, балетных спектаклях, у якіх ёсць дзіцячы хор: «Стварэнне свету» (цалкам ідзе ў суправаджэнні дзіцячага хору), «Эсмеральда», «Карміна Бурана» і «Шчаўкунок», «Маленькі прынц», а яшчэ ў трох дзіцячых спектаклях — «Чароўная музыка», «Доктар Айбаліт», «Церам-Церамок». Па выніках адбору, які праходзіць у пачатку новага тэатральнага сезона, у дзіцячую студыю штогод прыходзяць новыя вучні, якія становяцца часткай вялікага калектыву, засвойваюць акцёрскае майстэрства і часта выбіраюць творчую прафесію. Так, тутэйшых выпускнікоў можна ўбачыць і пачуць у тэатрах Беларусі, Расіі, Чэхіі, Германіі.

Студыйцы ў пастаноўцы «Багема» Джакома Пучыні — дарэчы, адной з самых выконваемых опер у свеце.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Білет... у закуліссе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.