Маці збіраецца ў вагон-лаўку, якая, як і вагон-клуб, прыязджае на станцыю адзін раз у месяц. У чыгуначную лаўку пускаюць толькі чыгуначнікаў. А хто ж не ведае на вуліцы і нават у пасёлку, хто такі Дарынчын бацька? Усе ведаюць, бо Дарынчын бацька — чыгуначнік! Ды яшчэ і які: ён адукаваны і таму працуе начальнікам — брыгадзірам рабочых-пуцейцаў. А яшчэ ён дапамагае большаму начальніку, дарожнаму майстру, рабіць справаздачы, бо ў яго такі прыгожы почырк — на заглядзенне. Нейкі калігра... каліграфічны. Правільна вымаўляць гэтае слова яе навучыў брат. Дарынка ледзь язык не зламала, завучваючы яго. Калі бацька робіць тыя справаздачы, дык прыносіць дамоў лічыльную машынку — арыфмометр называецца. Дарынка з Шуркам нават круціла на ім ручкай. Праўда, адхапіла разам з братам прачуханца за гэта, бо пасля іх кручэння той арыфмометр бацьку давялося несці назад у кантору, а потым везці на рамонт у Гомель, у тую самую дыстанцыю. Пасля гэтага здарэння бацька замыкаў машынку ў спецыяльнай скрынцы на маленькі замочак.
З вагона-лаўкі бацькі прыносяць усяго-ўсякага: цукеркі, розныя крупы, белую муку, макарону. Галоўнае для Дарынкі і меншага з братоў, канешне ж, цукеркі, а большыя браты і сястра цікавяцца прамтаварамі. У вагоне-лаўцы прывозяць і іх.
А аднаго разу бацька прынёс на плячы нейкі доўгі скрутак. Вочы маці свяціліся задавальненнем: «Ну во, і ў нас будзе як у людзей», — сказала яна, калі бацька апусціў яго на падлогу ў зале і пачаў развязваць шпагат. Дзеці абкружылі бацькоў і з нецярплівасцю чакалі, што ж там за цуд такі? Скрутак аказаўся самым сапраўдным крамным дываном. На яго бацька запісваўся ў чаргу. «Віцебская фабрыка», — прачытаў Мацвей на этыкетцы, прыклеенай на тым дыване. Яго прымацавалі над ложкам бацькоў у зале. Потым бацькі прынеслі з вагона-лаўкі крамныя палавікі-дарожкі. Яны былі зялёнага колеру з палосамі па баках. Новыя палавікі засцялілі таксама ў зале, а самаробныя перамясцілі ў вітальню-сталовую.
Вагон-лаўка — штука насамрэч цікавая, але вагон-клуб нашмат цікавейшы. Ён прывозіць на іх станцыю кіно. Дарынка ўсё ніяк не дачакаецца, калі ж і яна пойдзе ў тое кіно на колах.
Нарэшце дачакалася. Ёй пашанцавала — бацькі ўзялі яе з сабой. У кіно папрыходзілі чыгуначнікі з восаўскай і маканавіцкай брыгад. Дарынка сядзела на руках у бацькі.
«Вірынея» — так называўся фільм. Вячаслаў Шалевіч, Вячаслаў Нявінны, Людміла Чурсіна на ўсё жыццё засталіся ў памяці маладымі, прыгожымі. Потым, калі ўжо вырасла, чамусьці больш ніводнага разу не давялося пабачыць «Вірынею».
Раіса ДЗЕЙКУН
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.