Вы тут

​У гэтыя выхадныя ў Браславе пройдуць віцебскія абласныя «Дажынкі»


Губернатар Мікалай Шарснёў напярэдадні свята сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ, каб адказаць на пытанні, што датычыліся дзейнасці аграпрамысловага комплексу і перспектыў развіцця сельскай гаспадаркі.


Старшыня аблвыканкама падкрэсліў: дзякуючы падрыхтоўцы да «Дажынак» у райцэнтрах па добрай традыцыі робіцца добраўпарадкаванне, вядзецца капітальны рамонт аб'ектаў сацыяльнай сферы, жылля. Пры гэтым не забываюць і пра іншыя населеныя пункты. І тутэйшыя адчуваюць добрыя перспектывы, асабліва калі паралельна адкрываюцца сучасныя вытворчасці, дзе можна добра зарабляць. Як вынік — моладзь застаецца на малой радзіме, у сем'ях усё больш дзяцей, ды і з вялікіх гарадоў дзеля добрых умоў жыцця і годнай работы пераязджаюць... 

Падрыхтоўка да «Дажынак» вядзецца на працягу некалькіх гадоў. Гэта дае магчымасць атрымаць дадатковае фінансаванне з бюджэту Прыдзвіння як ад структур абласнога ўзроўню, так і мецэнатаў.

Што датычыцца вынікаў сёлетняга жніва, то нагода для гонару ёсць, бо ўраджай збожжавых сабралі на 30 % большы, чым летась! Вага каравая вобласці — 980 тысяч тон. А з улікам асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва і фермераў — больш за мільён. Калі б не зацяжныя дажджы, як лічыць губернатар, маглі б сабраць яшчэ прыблізна на 200 тысяч тон больш.

Цікава, што Аршанскі раён зрабіў самы вялікі ўнёсак у агульны каравай — каля 119 тысяч тон. Таксама больш чым 100-тысячны намалот у Віцебскага раёна. Сярэдняя ўраджайнасць збожжа склала 29,8 ц/га. Для параўнання, у 2018-м збіралі па 25,1 цэнтнера. Найбольшую ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур атрымалі ў Віцебскім раёне — 39,6 ц/га. На другім месцы — Верхнядзвінскі раён (36,1 ц/га), на трэцім — Гарадоцкі (30,7 ц/га).

Па такім паказчыку, як вытворчасць збожжа на бала-гектар ворных зямель, Віцебская вобласць, як, дарэчы, і летась, на другім месцы — 106 кілаграмаў. А «золата» ў гэтай намінацыі рэспубліканскага рэйтынгу ў Брэстчыны — 112 кілаграмаў.

Віцебшчыну часта называюць ільняным краем. Сёння на тэрыторыі вобласці вырошчваннем лёну займаюцца восем ільнозаводаў, 12 сельскагаспадарчых арганізацый і льнонасеннестанцыя. Экалагічна чыстыя тканіны і вырабы становяцца ўсё больш папулярнымі, як мовяць, у трэндзе. І попыт павялічваецца, як і цэны. Цяпер працягваецца рэканструкцыя льнокамбіната ў Оршы, мадэрнізаваныя заводы ў Дуброўне і Паставах. А што датычыцца астатніх пяці, лічыць губернатар, трэба будзе вырашыць: ці патрабуе вялікіх выдаткаў мадэрнізацыя, можа, лепш закрыць вытворчасць? Пры гэтым, канешне, людзям, якія там працуюць, трэба знайсці годнае месца новай работы.

Каб павысіць ураджайнасць гэтай культуры, неабходна дакладна прытрымлівацца тэрмінаў пасадкі і збору, выконваць тэхналогіі і забяспечыць працаўнікоў усёй неабходнай тэхнікай.

На Віцебшчыне плануюць раза ў паўтара больш сеяць лён — на ўзроўні 15 тысяч гектараў. У савецкі час даходзіла і да 60 тысяч, таму ёсць да чаго імкнуцца, яшчэ рэзервы не вычарпаны!

«Дажынкі» налета правядуць у абласным цэнтры.

Загаловак у газеце: Каравай пацяжэў прыблізна на траціну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».