Вы тут

Як будуць развівацца Баранавічы?


Зразумела, чым лепей і больш паспяхова працуе кожнае прадпрыемства і горад у цэлым, тым заможней і цікавей жывуць гараджане. Таму пры распрацоўцы комплекснага плана па паскораным сацыяльна-эканамічным развіцці Баранавіч на перыяд да 2020 года ўпор быў зроблены на прамысловасць, будаўніцтва, транспарт, дарожную і камунальную інфраструктуры. Адзін з пунктаў названага плана датычыўся Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб'яднання.


Фота БЕЛТА

Што і не дзіўна: гэтае прадпрыемства вядомае шырокаму колу спажыўцоў па назве «Блакіт», з даўніх савецкіх часоў значылася недзе ў першай тройцы самых значных у горадзе. Аднаму з горадаўтваральных прадпрыемстваў на рубяжы вякоў давялося перажыць у эканамічным плане складаны перыяд. Цяпер справы папраўляюцца. Найбуйнейшы вытворца тэкстыльнай прадукцыі ў Еўропе і краінах СНД мае поўны цыкл вытворчасці: ад перапрацоўкі бавоўны да выпуску гатовых швейных вырабаў. Росту попыту на прадукцыю «Блакіту» на айчынным і замежных рынках паспрыяла таксама паспяховая рэалізацыя інавацыйнага праекта па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогіі лічбавага друку на баваўнянай тканіне для пасцельнай бялізны, прадугледжанага, дарэчы, комплексным планам.

Машыны набылі ў Італіі, для гэтага было выдзелена 700 тысяч еўра з інавацыйнага фонду аблвыканкама. А ў цэлым інвестыцыі ў праект склалі 1,7 мільёна рублёў. Новая тэхналогія дазваляе рабіць камплекты пасцельнай бялізны больш разнастайнымі, размяшчаць на іх розныя малюнкі. Такім чынам на дзіцячых камплектах з'явіліся казачныя і мульцяшныя героі, дарослая бялізна расквецілася самымі разнастайнымі ўзорамі.

Сёння баранавіцкія тэкстыльшчыкі пастаўляюць сваю прадукцыю ў Расію, Польшчу, Украіну, Венгрыю, Чарнагорыю, Казахстан, шэраг іншых краін.

— Для паляпшэння якасці прадукцыі і павышэння яе канкурэнтаздольнасці многія нашы прадпрыемствы ўзяліся за рэалізацыю інавацыйных праектаў, — кажа першы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Наталля ФЁДАРАВА. — Калі баваўнянае аб'яднанне завяршыла рэалізацыю свайго праекта летась, то ААТ «Таргмаш» пачало выпуск новай прадукцыі сёлета ў сакавіку. А прадукцыяй з'яўляюцца сучасныя машыны для прадпрыемстваў грамадскага харчавання з мадыфікацыямі, якія забяспечваюць укараненне высокапрадукцыйных тэхналогій.

Баранавіцкі завод станкапрылад тым часам рэалізуе інавацыйны праект «Арганізацыя вытворчасці прэцызійных самацэнтруючых такарных патронаў розных дыяметраў для высокатэхналагічнага металаапрацоўчага абсталявання». Выпусціць першую партыю новай прадукцыі завадчане плануюць ужо да канца гэтага года.

Адразу два інавацыйныя праекты рэалізуе станкабудаўнічы завод, які з'яўляецца філіялам закрытага акцыянернага таварыства «Атлант». На заводзе асвойваецца выпуск высокаэфектыўных кампрэсараў серый СН і СНР для бытавых халадзільнікаў і маразільнікаў, а таксама ўкараняецца высокапрадукцыйны тэхналагічны працэс вытворчасці адлівак павышанай дакладнасці з высокатрывалага і шэрага чыгуну.

У вытворчых цэхах завода аўтаматычных ліній неўзабаве пачнецца выраб спружынных клем для чыгуначных пуцей. Вытворчасць прадугледжана для патрэб Беларускай чыгункі.

Усе, хто апошнім часам ад'язджаў ці прыязджаў на вакзал Баранавічы-Палескія, думаю, заўважылі перамены, — працягвае Наталля Мікалаеўна. — Там вядуцца работы па добраўпарадкаванні прывакзальнай плошчы, працягваецца рэканструкцыя будынка вакзала. Усё гэта робіцца ў рамках рэалізацыі праекта, прадугледжанага планам комплекснага развіцця. Для паляпшэння транспартнага абслугоўвання жыхароў горада абнаўляецца парк аўтатранспарту, развіваецца і аптымізуецца сетка маршрутаў экспрэсных зносін.

У галіне будаўніцтва галоўным застаецца ўвод у эксплуатацыю запланаваных аб'ёмаў жылля. Вядзецца забудова жылых раёнаў Паўночны-2, Анісімавічы-1, Дуброва-4, дзе ўзводзяцца сучасныя добраўпарадкаваныя кватэры. Асаблівая ўвага надаецца паляпшэнню камунальнай інфраструктуры горада. Рэканструкцыя пуцеправода па вуліцы Леніна і ўладкаванне праезду ад вуліцы Усходні праезд да вуліцы Чурыліна палепшаць якасць жыцця многіх гараджан — як і ў цэлым добраўпарадкаванне вуліц, дарог, тэрыторый, якое актыўна вядзецца ў горадзе. У агульнай справе бяруць удзел прадпрыемствы, арганізацыі, прадстаўнікі бізнесу і гараджане. Летам зарэгістраваны фонд па добраўпарадкаванні вулічна-дарожных сетак «Баранавічы — наша малая радзіма». Усе ахвотныя могуць зрабіць свой унёсак у агульную справу. Комплексны план ахоплівае таксама гандаль і грамадскае харчаванне.

У адпаведнасці з ім да канца наступнага года прадугледжана ўвесці ў эксплуатацыю 11 новых аб'ектаў. «Цяпер уведзена дзевяць, — паведаміла начальнік упраўлення эканомікі гарвыканкама Эла СТАШЭНКА. — Таксама вялікая работа праводзіцца па прыцягненні ў гаспадарчы абарот аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Цяпер на 21 з 23 індустрыяльных пляцовак, якія сфарміраваны на базе такіх аб'ектаў, прыйшлі новыя ўласнікі. На іх ажыццяўляюць дзейнасць 13 арганізацый, работу атрымалі каля 60 чалавек».

Рэалізуецца шэраг праектаў у галінах аховы здароўя, адукацыі, сферы фізкультуры і спорту. Для медыцынскай галіны 179-тысячнага горада найважнейшым цяпер з'яўляецца будаўніцтва станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, якую плануецца здаць налета.

А ў галіне адукацыі галоўным праектам, рэалізацыі якога чакалі жыхары мікрараёна Бараўкі, аказаўся дзіцячы садок на 240 месцаў. Яго ўрачыста адкрылі на пазамінулым тыдні. На будаўніцтва дашкольнай установы з бюджэту было выдзелена восем мільёнаў рублёў.

У новым садку ўжо сфарміравана 13 груп. Там усё прадугледжана для камфорту дзяцей і зручнасці бацькоў. На першым паверсе будуць займацца малыя ад двух да трох гадоў. Там жа размешчаны басейн, харчовы блок, зімовы сад. На другім і трэцім паверсе знаходзяцца групы для старэйшых дзяцей, кабінеты дадатковага навучання, музычная і спартыўная залы, камп'ютарны клас. Дарэчы, з наступнага года плануецца пачаць будаўніцтва школы ў Браўках на 1020 месцаў. Для маладога раёна, які да таго ж актыўна развіваецца, гэта вельмі патрэбны аб'ект.

«Рэалізацыя мерапрыемстваў комплекснага плана забяспечыць павышэнне эканамічнага патэнцыялу горада, развіццё асноўных галін — прамысловасці, транспарту, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, маёмаснага комплексу, а таксама інстытуцыянальнага асяродку і сацыяльнай сферы. Усё гэта паспрыяе росту дабрабыту гараджан і паляпшэнню якасці іх жыцця», — адзначыла Наталля Фёдарава.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Інавацыйныя праекты і дарогі малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.