Вы тут

Наталля Качанава пабывала з рабочай паездкай у Бабруйску


Бабруйску, дзе сустрэлася з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, наведала шэраг прадпрыемстваў і азнаёмілася з сацыяльнай жыццём горада, паведамляе БелТА.


Наталля Качанава нагадала, што Бабруйск адносіцца да ліку 11 гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 80 тысяч чалавек, якія трапілі ў праграму апераджальнага развіцця. Яна адзначыла, што ў ранейшыя гады шмат увагі ўдзялялася развіццю аграгарадкоў, прывядзенню ў парадак абласных цэнтраў. «Цяпер прыйшоў час больш пільна зірнуць на такія гарады, дзе вялікая колькасць вытворчых сіл, дзе сканцэнтраваны вытворчасці, прадпрыемствы», — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Прадстаўнікам мясцовых органаў улады Наталля Качанава нагадала аб ключавых патрабаваннях Прэзідэнта: садзейнічанне занятасці, кантроль за цэнаўтварэннем і забеспячэнне росту заработнай платы. Яна дадала, што падрабязна азнаёмілася з планамі па развіцці горада, але хацела б пачуць меркаванні мясцовай улады, чаго не хапае для больш дынамічнага развіцця Бабруйска. «Вельмі важна тое, што адчуваеце і ведаеце вы. Людзі ў рэгіёнах вельмі тонка і выразна разумеюць, што трэба рабіць у сваім горадзе ці раёне, вобласці. Мы павінны звяраць гадзіннікі для таго, каб разумець, якія яшчэ законы, указы і пастановы патрэбныя, дзе яшчэ ёсць пытанні, якія неабходна ўрэгуляваць», — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі.

У Бабруйску Наталля Качанава азнаёмілася з добраўпарадкаваннем горада, наведала новыя мікрараёны, адну з трох «разумных» школ Магілёўскай вобласці, якая знаходзіцца тут, пабывала на «Бабруйскаграмашы» і «Чырвоным харчавіку».

Сярэдняя школа № 34 не выпадкова трапіла ў праграму візіта кіраўніка Адміністрацыі. Гэтую ўстанову яна наведвала яшчэ ў пачатку будаўніцтва. Адчынілі школу летась. Гэтым разам Наталля Качанава азнаёмілася з арганізацыяй навучальнага і выхаваўчага працэсаў, харчавання, работай спартыўных секцый і гурткоў.

«Вядома, гэта выдатны аб'ект. Самае галоўнае, што гэта запатрабаваная школа, у тым раёне, дзе яна патрэбна — дзе засяроджана вялікая колькасць людзей, — адзначыла Наталля Качанава падчас размовы з журналістамі. — Я яшчэ раз паглядзела на тыя пытанні, на якіх акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, па развіцці адукацыі: нагрузка на вучняў, харчаванне ў школах, выхаваўчы працэс, стаўленне да спорту. Хачу сказаць, што гэта цудоўная школа, тут добры калектыў».

Адно з галоўных прадпрыемстваў горада — «Бабруйскаграмаш». У холдынг уваходзяць шэсць заводаў з агульнай колькасцю занятых амаль 2,4 тысячы чалавек. Кіруючая кампанія холдынга налічвае каля 1,9 тысячы работнікаў. Сярэдні заробак тут звыш 820 рублёў.

Наталля Качанава азнаёмілася з прадукцыяй, што выпускаецца на прадпрыемстве, наведала некалькі цэхаў, дзе пагутарыла з кіраўніцтвам кампаніі і радавымі супрацоўнікамі. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, у прыватнасці, цікавілася перспектывамі развіцця прадпрыемства, планамі па пашырэнні вытворчасці і выпуску новай тэхнікі, асваеннем новых рынкаў. Як паведамілі Наталлі Качанавай, рэнтабельнасць продажаў на прадпрыемстве «Бабруйскаграмаш» у студзені — верасні склала 7 %, чысты прыбытак дасягнуў двух мільёнаў рублёў. Экспарт за гэтыя месяцы павялічыўся больш чым на 12 % у параўнанні з леташнім аналагічным перыядам.

Цяпер прадпрыемства актыўна асвойвае рынкі Афрыкі і Еўрапейскага саюза. Прапрацоўваюцца кантракты з Кеніяй, Замбіяй, Тога, Мадагаскарам, Літвой, Сербіяй, Швецыяй. Развіваецца супрацоўніцтва і з традыцыйнымі партнёрамі: Расіяй, Казахстанам, Узбекістанам.

«Адчуваецца, што тут ёсць гаспадарская рука, парадак. Самае галоўнае, што людзі працуюць, ёсць загружанасць. Тэхніка, якая выпускаецца, запатрабаваная сёння. Зніжэнне складскіх запасаў — гэта вельмі важна, таму што выпусціць можна, але важна яшчэ і рэалізаваць гэтую прадукцыю. Тут няма ніякіх праблем з рэалізацыяй», — адзначыла Наталля Качанава.

На яе думку, прадпрыемству таксама неабходна працаваць з навучэнцамі старэйшых класаў, дапамагаючы ім у выбары будучай прафесіі. Пабываўшы на вытворчасці, канстатавала Наталля Качанава, яны змогуць пазнаёміцца з асаблівасцямі розных рабочых прафесій і, магчыма, зрабіць выбар на іх карысць. «Калі пройдзеш і паглядзіш — такі графік работы, такая зарплата, інтэрнаты, гэта дапаможа дзецям сарыентавацца, і яны пойдуць у вучылішча», — лічыць кіраўнік Адміністрацыі.

У цэлым Наталля Качанава пазітыўна ацаніла цяперашні стан горада і яго прадпрыемстваў. «Я была тут раней, і ў мяне было сваё ўражанне пра гэты горад. Але тое, што я ўбачыла сёння, мяне парадавала», — рэзюмавала яна.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Ад сацыяльнай сферы да развіцця вытворчай базы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?