Вы тут

Як развіваецца Аршанскі раён


Кіраўнікі мясцовай улады Оршы, калі звяртаешся па каментарый наконт тэмы развіцця сярэдніх гарадоў, канешне, згадваюць вядомы Указ № 506 «Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці». Ён з'яўляецца знакавым для рэгіёна і не толькі. Бо менавіта горад над Дняпром і наваколлі сталі прыкладам для пераймання іншымі.


Цяпер ужо ў розных абласцях краіны распрацоўваецца і патроху рэалізуецца аналагічная «перазагрузка» параўнальна невялікіх гарадоў і аднайменных раёнаў.

«Аршанскі ўказ», не лішнім будзе нагадаць, быў падпісаны 31 снежня 2018 года і, як паказаў час, стаў добрым навагоднім падарункам. Параўнальна нямнога прайшло часу з пачатку яго рэалізацыі, але ўжо шмат што зроблена.

Як паведаміў «МС» Сяргей Пац, першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама, пытанні комплекснага развіцця раёна, выканання нарматыўных дакументаў разглядаюцца штотыдзень на пасяджэннях абласной рабочай групы па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы з удзелам памочніка Прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобласці, зацікаўленых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання...

Сярод іншага ўказ стымуляваў дзелавую актыўнасць. У прыватнасці, у першым паўгоддзі адкрыты 33 новыя прадпрыемствы і вытворчасці. Колькасць зарэгістраваных суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 170.

У рамках выканання Указа № 506 маюць сертыфікаты прадукцыі (работ, паслуг) уласнай вытворчасці з месцам знаходжання ў Аршанскім раёне каля 130 суб'ектаў гаспадарання (на пачатак бягучага года — 42). Яны атрымліваюць такія прэферэнцыі, аб якіх можна толькі марыць: падаткі сімвалічныя.

У першым паўгоддзі выкананы ключавы паказчык эфектыўнасці работы па колькасці працаўладкаваных грамадзян за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Работу атрымала каля 470 чалавек пры заданні 360.

І сучасных вытворчасцяў будзе яшчэ больш. У прыватнасці, зараз вядуцца работы па будаўніцтве шэрагу аб'ектаў аграпрамысловага комплексу. Напрыклад, малочнатаварнай фермы ў філіяле «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга», малочнага комплексу і комплексу для падрыхтоўкі насення сельскагаспадарчых культур у дзяржаўным прадпрыемстве «Вусце» НАН Беларусі», малочнатаварнага комплексу «Купалінка» ААТ «Агракамбінат «Юбілейны».

Паляпшаецца інфраструктура тэрыторыі. Напрыклад, еўрапейскага ўзроўню будзе пад'язная аўтамабільная дарога рэспубліканскага значэння (ад аўтамабільнай дарогі Р-15 «Крычаў — Орша — Лепель» да аўтамабільнай дарогі Р-76 «Орша — Шклоў — Магілёў — аэрадром Балбасава ў прыгарадзе Оршы).

Працягваюцца работы па мадэрнізацыі на заводзе «Легмаш»: ліцейнай вытворчасці, рэалізацыі праекта па арганізацыі вытворчасці інавацыйнага абсталявання і камплектуючых вырабаў да яго для нафтагазавай прамысловасці. А на прадпрыемстве «Тэхніка сувязі» вядзецца стварэнне ўчастка па вытворчасці прафесійных сродкаў радыёсувязі стандартаў DMR, LTЕ...

Працягваецца рэканструкцыя і на Аршанскім ільнокамбінаце, зараз там вядзецца трэці этап мадэрнізацыі.

За кошт новага будаўніцтва, рэканструкцыі і аднаўлення работы за сем месяцаў бягучага года ўведзена ў эксплуатацыю 36 аб'ектаў гандлю плошчай больш за 1,6 тысячы квадратных метраў.

Галоўны вынік пераўтварэнняў — на Аршаншчыне дасягнулі станоўчых вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Так, за студзень — чэрвень бягучага года раён спрацаваў з чыстым прыбыткам: 34,9 мільёна рублёў — рост у 3,4 раза. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі павялічылася на 13,5 % і склала 681,1 мільёна рублёў, рэнтабельнасць продажаў — 6,5 %. У сельскагаспадарчых арганізацыях намалочана 118,2 тысячы тон збожжа. І гэта — 126,3 % да адпаведнага леташняга перыяду. Сярэдняя ўраджайнасць — 40,1 цэнтнера з гектара. Гэта вельмі добры паказчык, улічваючы, што ў сярэднім па вобласці ён складае 29,9 ц/га.

Сярод апошніх навін Аршаншчыны — у аграгарадку Барздоўка адбылося адкрыццё ў сценах мясцовай установы адукацыі сацыякультурнага цэнтра. Гэта ўнікальны аб'ект: у ім месцяцца і ФАП, і пошта, і бібліятэка, плюс майстэрні для навучання дзятвы, залы для заняткаў спортам і правядзення мерапрыемстваў...

Побач з населеным пунктам будуюцца дзве сельскагаспадарчыя вытворчасці: ферма і свінакомплекс, дзе можна будзе добра зарабляць, працуючы ў найлепшых умовах.

Абвешчаны адкрыты конкурсны адбор выканаўцы навукова-даследчых работ па распрацоўцы канцэпцыі «Разумны горад» для Оршы і раёна і плана яе рэалізацыі з прыцягненнем сродкаў інавацыйнага фонду аблвыканкама. Арыенціровачны аб'ём фінансавання да 50 тысяч рублёў. У рамках маніторынгу павінна быць сфарміравана ўяўленне аб горадзе, асаблівасцях яго развіцця, патрэбах яго жыхароў. Неабходна адлюстраваць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, вызначыць аб'екты і іх ролю ў развіцці тэхналогій «разумнага горада», стартавыя магчымасці інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры рэгіёна, выкарыстоўваемыя ІТ-рашэнні. Між іншым, трэба будзе пазначыць патэнцыйныя «пункты росту» і наяўнасць умоў для выкарыстання жыхарамі тэхналогій «разумнага горада».

Такім чынам, рэгіён будзе вывучаны з улікам сучасных даследчых тэхналогій, і самае перадавое будзе ўкараняцца з гарантаванай фінансавай падтрымкай з боку дзяржавы.

Мэта, як і падкрэсліў Прэзідэнт, калі ўпершыню агучыў ідэю рэформаў, годныя ўмовы жыцця насельніцтва Аршанскага раёна. Каб мясцовыя жыхары заставаліся тут жыць, і бізнес быў бы гатовы інвеставаць у развіццё глыбінкі — дзеля гэтага ёсць усе ўмовы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Аршанскае паскарэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».