Вы тут

Мазыр — адзін з самых буйных прамысловых цэнтраў Гомельскай вобласці


Мазыр — адзін з самых буйных прамысловых цэнтраў вобласці. Тут дзейнічаюць прадпрыемствы, якія прадстаўляюць практычна ўсе галіны народнай гаспадаркі: нафтаперапрацоўку, вытворчасць малочных і мясных прадуктаў, солі, машын і абсталявання, кабеляў, швейных вырабаў... Увогуле, Мазыршчына аказвае значны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё як Гомельскай вобласці, так і краіны ў цэлым. Цяпер перад гэтым райцэнтрам пастаўлена задача знайсці тыя пункты росту, якія дазволяць вывесці яго эканоміку на новы ўзровень.


Дарэчы, узровень жыцця тут і сёння высокі. За студзень — жнівень гэтага года аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 6,8 мільярда рублёў, ці 111,2 %. Сярэдні заробак па раёне зараз — 909 рублёў. І ўсё ж магчымасці для далейшага дынамічнага развіцця ёсць.

Цяпер у Мазырскім раёне распрацаваны і паспяхова рэалізуецца план комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года. Перспектыўныя задачы — павялічыць эфектыўнасць эканомікі раёна, сфарміраваць доўгатэрміновую аснову яе ўстойлівага росту, палепшыць дабрабыт грамадзян і стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для іх жыцця. У комплексным плане адлюстраваны і праблемы, якія неабходна вырашыць на асобных прадпрыемствах. Таксама прадугледжана добраўпарадкаванне тэрыторый, будаўніцтва новых аб'ектаў, што пацягне стварэнне новых рабочых месцаў.

Многія прадпрыемствы Мазыра вядомыя не толькі на Гомельшчыне, але і ва ўсёй краіне. Завяршэнню інвестыцыйных праектаў, якія ўжо распачаты, павышэнню эфектыўнасці работы, забеспячэнню загрузкі вытворчых магутнасцяў і нарошчванню аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі цяпер аддаецца асаблівая ўвага, адзначае старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка:

— Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод працягвае рэалізацыю праекта па будаўніцтве комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. «Мазырсоль» праводзіць мадэрнізацыю, машынабудаўнічы завод плануе абнаўленне парку абсталявання, працягваюць тэхналагічнае пераўзбраенне «Беларускабель» і Мазырская швейная фабрыка «Надэкс»... Адначасова важныя праекты рэалізуюцца ў аграпрамысловым комплексе раёна, у сацыяльнай сферы і іншых галінах.

Інвестараў на Мазыршчыну прыцягвае выгаднае геаграфічнае становішча і развітая транспартная інфраструктура. З аўкцыёнаў прадаюцца аб'екты, якія не выкарыстоўваліся ў гаспадарчым абароце. Сёння ўлады Мазыра стварылі максімальна камфортныя ўмовы для бізнесу. На 1 верасня ў раёне працавалі 3493 суб'екты гаспадарання, у тым ліку 2707 індывідуальных прадпрымальнікаў, 786 малых і сярэдніх арганізацый. Дарэчы, доля паступленняў падатковых плацяжоў у кансалідаваны бюджэт ад малога і сярэдняга бізнесу складае каля 7,4 %.

Рашэнне актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця, павышэнне дабрабыту насельніцтва ў многім залежаць і ад дэпутацкага корпуса. Сёння мясцовае самакіраванне Мазырскага раёна прадстаўлена раённым Саветам дэпутатаў і дзесяццю сельскімі. Шмат залежыць ад ініцыятыўнасці і адказнага стаўлення да справы як дэпутатаў усіх узроўняў, так і ўпаўнаважаных сельскіх населеных пунктаў і грамадзян у камітэтах тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Гэта яны першымі аператыўна рэагуюць і задавальняюць патрэбы людзей, ад іх часцяком залежыць канструктыўнае ўзаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, падкрэслівае старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Назаранка:

— Для мабілізацыі чалавечага патэнцыялу, фінансавых і матэрыяльных сродкаў і магчымасцяў па рашэнні пэўных пытанняў развіцця тэрыторый выкарыстоўваюцца розныя формы і метады. У нас створаны і працуюць «грамадскія прыёмныя», куды людзі могуць звярнуцца па тэлефоне, электроннай пошце ці асабіста. Асаблівая ўвага аддаецца прыёму грамадзян і кантролю за выкананнем іх запытаў. Усе дэпутаты раённага Савета дэпутатаў вядуць прыём згодна з графікам. У прыватнасці, за 2019 год праведзены 351 прыём. 229 грамадзянам дадзены тлумачэнні ці аказана садзейнічанне ў рашэнні іх пытанняў.

Дарэчы, сустрэчы па месцы жыхарства даўно сталі традыцыяй. Яны дазваляюць найбольш поўна вывучаць хвалюючыя пытанні на вёсцы. Сёлета такія сустрэчы адбыліся ў вёсках Барбароўскага, Крынічнага, Козенскага сельскіх Саветаў. У жніўні прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума райсавета і райвыканкама з наведваннем мікрараёна Чыгуначны. Размова ішла пра сумесную дзейнасць мясцовага камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка № 8 Мазырскага райжылкамгаса, грамадскіх арганізацый па пытаннях добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі.

— У сістэму работы ўвайшло і штоквартальнае правядзенне сходаў грамадзян у сельскіх населеных пунктах, — адзначае Валянціна Аляксееўна. — Праблемы, закранутыя на сходах, ставяцца на кантроль мясцовай уладай і накіроўваюцца ў адпаведныя раённыя службы для разгляду. Актуальна і карысна ва ўсіх адносінах правядзенне практычных семінараў — Дзён сельсаветаў. Сёлета яны прайшлі ў пяці: Прудкоўскім, Крынічным, Махнавіцкім, Скрыгалаўскім, Козенскім. Такім мерапрыемствам абавязкова папярэднічае добраўпарадкаванне тэрыторыі населеных пунктаў. Інфармаваннем насельніцтва аб дзейнасці дзяржаўных органаў і тлумачэннем дзяржаўнай палітыкі займаюцца інфармацыйна-прапагандысцкія групы. Таксама пры Мазырскім раённым Савеце дэпутатаў створаны Маладзёжны парламент. Узрост яго ўдзельнікаў — ад 13 да 19 гадоў. Гэты орган самакіравання дазваляе падлеткам расказваць пра свае праблемы так, каб іх чулі дарослыя, якія прымаюць рашэнні.

Мазырскі раён — адзін з самых буйных у Гомельскай вобласці. Не толькі па плошчы (яна складае 160 тысяч гектараў), але і па наяўнасці горадаўтваральных прадпрыемстваў, якія вызначаюць узровень развіцця рэгіёна ўвогуле і дабрабыту кожнага са 134 тысяч яго жыхароў у прыватнасці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Невычэрпны патэнцыял Мазыршчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…