Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Не еўшы ляжаш...

Той калгас з гучным імем Чкалава быў заўжды ў ліку першых — на жаль, ад «хваста», бо землі там неўрадлівыя — пясок ды падзол, балоты непралазныя, а сенажаць і ўвогуле ў пойме Прыпяці за дзесяць вёрст: у касавіцу людзі мусілі ездзіць туды з начлегам, на некалькі дзён. Спачатку нарыхтоўвалі сена для калгаснага статка і толькі потым (пад канец жніўня, а то і ў верасні) касілі атаву для сваіх Зорак ды Мілак...

Тыя тры дзялкі — калгаснікаў Змітрака і Максіма ды настаўніка гісторыі Аляксандра Іванавіча — былі побач. Мужчыны дружна, гуртам працавалі, гуртам начавалі — вядома ж, павячэраўшы...

Той раз ежы было як кот наплакаў: у Максіма акраец хлеба ды кавалачак сала, у Змітрака з гісторыкам — сем яек на дваіх... Хоць-нехаць ім давялося пайсці ў найбліжэйшую вёску — пазычыць у родзіча так званай блытанкі, каб налавіць рыбы...

Трэба сказаць, што яе ў гэту сетку трапляла шмат, не толькі вялікай, але і малой... Таму, баючыся рыбнагляду, Змітрок з гісторыкам доўга шукалі зацішнае месца — «хавалі» блытанку ад чужых вачэй...

Калі вярнуліся да месца начлегу, Максім ужо прыстараўся сухога ламачча, расклаў вясёлае вогнішча, набраў у кацялок вады, каб зварыць яйкі. А пакуль мужчыны курылі ды вялі няспешную гамонку.

...Рэч у тым, што гісторык быў паляўнічы і аднойчы яму вельмі пашчасціла — ён забіў ваўка. Гісторыю пра гэта ведала ўся акруга, але Іванавіч усё роўна яе расказваў. І Цэзара тады купіў — паляўнічага сабаку, хоць жонка ў гэта і не верыла. Казала: «Яшчэ адзін дармаед! Дварняк — чысцейшай вады! Цюлька!..»

Дзецям гісторыка новая мянушка для сабачкі спадабалася больш, а дармаеду ўсё роўна было, як клічуць, — абы частавалі... Праўда, з узростам у ім прачнуліся нейкія гены: у той надвячорак у пошуках ежы ён, напрыклад, абшнарыў усё і, нічога, на жаль, не знайшоўшы, таксама сядзеў ля вогнішча — разам з касцамі чакаў вячэры.

Такім чынам, да яе што-нішто ўжо варылася; гісторык апавядаў гісторыю пра ваўка, а Максіму нецікава было, таму ён моўчкі палез у курэнь — хацеў перад вячэрай трохі паляжаць: яйкі ж не хутка зварацца? А юшка — і пагатоў, бо яшчэ ж і рыба ў рацэ.

Змітрок з гісторыкам пайшлі паглядзець, як яна там. Клікалі з сабой і сабаку, але ён чамусьці не пайшоў, чым засмуціў... А вось блытанка — тая наадварот — парадавала, бо ў ёй срэбнай луской паблісквала рыба. І раптам...

— Пах! Пах-пах! — данеслася да рыбакоў.

— Рыбнагляд? — спалохаліся яны.

— Сетку ў ваду! — скамандаваў Іванавіч, і мужчыны, адбегшыся ад берага, палеглі на зямлю.

— Куля ж дурніца, — з веданнем справы казаў гісторык, — яна ж не глядзіць, куды паляціць.

...Калі стральба такі сціхла, касцы вярнуліся на бераг, але блытанкі там ужо не было: сплыла — разам з рыбай. Мужчыны — галодныя і злыя — папляліся да вогнішча, вакол якога не ў лепшым настроі мітусіўся Максім:

— Па рыбу пайшлі! — «мацюкамі мацюкаўся» ён. — А яйкі вам што — ужо лішнія? Ці не ежа?! Іх трэба на сабаку пакінуць?.. Усе пастралялі! Усе разляцеліся!.. Няма чаго есці!.. Што — і рыбы няма?!

— Блытанкі таксама, — уздыхнуў Змітрок.

— Давайце тады хоць сала з'ямо, — прапанаваў гісторык і тут жа ўбачыў, як Цэзар падціснуў хвост і вінавата сігануў у кусты. Было з чаго: кайстра, у якой ляжаў апошні прыпас, валялася непадалёк і была абсалютна пустой.

Таму для сабакі ноч, вядома ж, не здоўжылася, а вось для мужчын...

Праўду кажуць: не еўшы ляжаш, не спаўшы ўстанеш.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў


Конік? Добра, а тэхніка ўсё-такі лепш

Восень... Людзі шчыруюць на сваіх палетках, збіраюць апошні ўраджай. Якраз пра яго і мая гісторыя.

Было гэта ў тыя часы, калі пад бульбу выдзяляліся адмысловыя надзелы. У нас, напрыклад, калгаснікам давалі па 45 сотак зямлі, работнікам лясгаса — па 25, а настаўнікам — па 15. Такія былі «законы».

Дык вось у тую вясну два швагры (адзін з іх — мой сябар Міша) атрымалі па такой «палосцы» ды сталі думаць, як на іх бульбу садзіць. Пад каня — як заўсёды? Але ж узяць яго можна толькі тады, калі скончыцца пасяўная ў калгасе... Дык, можа, не чакаць?

Міша, помню, пайшоў да брыгадзіра, папрасіў саджалкі і яму не адмовілі (праўда, папрасілі, каб тры дні адпрацаваў)... Жонка з гэтым згадзілася, а вось цешча — тая сапраўдны лямант узняла: ты што, маўляў, з глузду з'ехаў? Пад каня шырыня паміж градкамі 30 сантыметраў, а пад трактар — 70... Ды так жа палова зямлі прагуляе...

Міша, аднак, прыняў рашэнне і нікога болей не слухаў — пасадзіў бульбу саджалкай.

А вось другі зяць той самай цешчы зрабіў, як яна сказала: пасадзіў пад каня. Надзелы гэтых шваграў былі паблізу, таму дзён праз колькі на Мішавай паласе зазелянелі ўсходы, а ў Івана яны толькі паказаліся. Ды і потым Міша даглядаў свае пасадкі з дапамогай тэхнікі, а Іван — з канём ды з матычкай.

І вось прыйшла восень — пара выкопваць бульбу. Іван разам з жонкай і цешчай упіраўся дзён з пяць, Міша справіўся за дзень.

— Усю бульбачку ў зямлі пакінуў, — сварылася цешча.

І зяць не вытрымаў: папрасіў трактарыста «прайсціся» капалкай — і па сваім надзеле, і па Іванавым. На яго полі дзе-нідзе маленькія бульбінкі, а ў Івана — не абабрацца, як той казаў.

— Пазбіраеце? — спытаў Міша ў цешчы.

— А як жа, — згадзілася тая і вечарам прызналася, — у Івана сабрала цэлы мяшок, а ў цябе — і вядра няма: усё... у зямлі засталося!

...Карацей, Міша сваёй цешчы нічога не давёў, але ж бульбу стаў садзіць толькі з дапамогай тэхнікі.

Цяпер, згадзіцеся, гэта ўжо звыклая справа, а некалі ж давялося ваяваць.

Хоць сабе і з цешчай.

В. М. Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён


«А галоўнае — гэта швабра...»

Мая гісторыя — пра маю блізкую прыяцельку, пра Веру, якая гадоў з 20 вучыла дзяцей роднай мове. Прычым размаўляла на ёй не толькі на ўроках: Верыну беларускую — чыстую, прыгожую — людзі з асалодай слухалі (і, дзякаваць богу, слухаюць!) у крамах, на рынках, у грамадскім транспарце, а ўжо ў школе, на бацькоўскіх сходах...

Праўда вось, гэта было даўно, да таго, як медыкі «прапісалі» ёй іншую работу — куды спакайнейшую. Вера доўга шукала яе і такі знайшла: адзін з былых вучняў прапанаваў «пасаду» вахцёра. Грошай, праўда абяцаў няшмат, што настаўніцу, вядома, засмуціла, але з іншага боку, былі так званы сацпакет і зручны графік. Да таго ж фірма — за нейкі кіламетр ад дому. Так што новай вахцёрцы — замест зарадкі — пехатою можна туды, пехатою назад...

Карацей, Вера згадзілася: хутка пазнаёмілася з людзьмі, развяла вазоны, час ад часу стала дапамагаць пажылой прыбіральшчыцы: з мяне ж, маўляў, карона не зваліцца...

Мусіць, таму аднойчы да яе падышла заклапочаная кадравічка, нясмела сказала, што на прадпрыемстве, дзе іх фірма здымае памяшканні, захварэла прыбіральшчыца, падмяніць няма каму. І так кабінеты не кінеш, бо там — начальства... «Дык, можа б, вы, Верачка Сямёнаўна...»

— Мне ж заплацяць? — спытала тая.

— Само сабою!.. Калі вы не супраць, вам зараз пакажуць «участак», скажуць, дзе інструмент, і назаўтра...

Назаўтра Вера Сямёнаўна прыйшла на работу загадзя. Па-настаўніцку добрасумленна прыбрала ў кабінеце дырэктара, яго намеснікаў, галоўнага інжынера. І далей — па парадку: у дыспетчараў, забеспячэнцаў... Замарылася, але ж заставаўся толькі пусты калідор — яна дамывала апошнія метры.

А тым часам і людзі пайшлі... Першымі — два мужчынкі.

— Прабачце, — на ўваходзе запыніла іх Сямёнаўна, — я тут першы дзень, таму крышку не разлічыла — не справілася. Дык вы ўжо, калі ласка, пастойце, пакуль падлога высахне, а то зараз натопчаце і ўся мая работа кату пад хвост... Вам, дарэчы, у які кабінет? Чым займаецеся?

— Забеспячэннем, — усміхнуўся ёй старэйшы з мужчын.

— О-о, дык гэта ж тое, што трэба! — узрадавалася прыбіральшчыца. — У мяне да вас парачка заўваг. Толькі без крыўдаў... Можна?

— Давайце, — згадзіліся мужчыны (той старэйшы, Вера заўважыла, у досыць дарагіх акулярах, але ж што дзіця — з нейкім ранцам за спінай... І другі, як той казаў, таксама «не арол»)...

— Значыць, першае, — стала пералічваць Сямёнаўна, — у вашай прыбіральшчыцы не працуе пыласос, другое — што ў яе за пальчаткі? На адну прыборку не хапае... У вас жа саліднае прадпрыемства. На чым эканоміце?

— Чуеш, што народ кажа? — пачырванеўшы, спытаў «акулярык» у свайго спадарожніка. — Запомніш? Ці трэба запісаць?

— Запомню.

— ...Але ж гэта яшчэ не ўсё! — заахвочаная ўвагай, працягвала Вера Сямёнаўна. — Я ж пра галоўнае вам не сказала!

— Ну-ну...

— ...Бо галоўнае — гэта швабра. У маёй бабулі, далібог жа, лепшая была... Зручнейшая! Дзед ёй сам рабіў — у мінулым стагоддзі. А каб у гэтым... Ды што я расказваю... Я ж вам зараз пакажу, — толькі анучу зніму...

— Не трэба, — рашуча спыніў яе акулярык.

— Не-не... — адхрысціўся і другі з мужчын. — Мы і так усё зразумелі.

— А вось гэта я заўтра праверу, — дазволіўшы нарэшце прайсці, паабяцала былая настаўніца і стала збіраць рыштунак — анучкі, швабру, вядро...

Паглядзела яшчэ ўслед мужчынам. Адзін з іх — той самы «акулярык», «з ранцам» адмыкаў дзверы ў кабінет... генеральнага дырэктара, другі — галоўнага інжынера.

Так што назаўтра Вера пайшла на работу з першымі пеўнямі: каб ужо дакладна ўправіцца і каб потым, крый бог, ні з кім не спаткацца.

Хоць, шчыра кажучы, яно і хацелася, бо першае, што ўбачыла ў «сваёй» падсобцы, быў новы пыласос, цэлы арсенал нейкай хіміі і анучак, два стосы пальчатак, а «самае галоўнае» — ну вядома ж — некалькі швабраў.

Трэба разумець, на выбар?

Л. Русецкая, г. Заслаўе

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.