Вы тут

Якія кнігі набываюць у «Белсаюздруку»?


Апошнім часам паступова развіваецца кнігагандаль у сістэме «Белсаюздруку» па горадзе Мінску. Якія ж кнігі і аўтары трымаюць пазіцыі лідараў па зацікаўленнях пакупнікоў?


Самай папулярнай у 2019 годзе стала кніга, прысвечаная Правілам дарожнага руху і мерам адказнасці за іх парушэнні (выдавец — Рэгіянальны цэнтр прававой інфармацыі Мінска) — яе за восем месяцаў набылі ў колькасці 2969 (!) асобнікаў. Дарэчы, на другім і трэцім месцах таксама ў лідарах — кнігі аб правілах дарожнага руху. Толькі ўжо іншыя выданні. На чацвёртым і пятым месцах — казкі «Два сквапныя медзведзяняці» і «Як звяры суп варылі» (адпаведна 576 і 557 асобнікаў набылі сёлета пакупнікі кіёскаў, павільёнаў у горадзе Мінску). Выдавец казак — «Харвест». З дзяржаўных выдаўцоў у сотню лепшых па рэйтынгу найпродажаў трапіла ўсяго толькі сем пазіцый Паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа. Размова, зразумела, пра выданні казак. Верхняе месца ў «коласаўцаў» — 38-е (247 асобнікаў «Вячэрніх казак»), ніжняе — 63-е (прададзена 183 асобнікі «Дзядулевых казак»).

На жаль, у рэйтынгу са 100 назваў кніг не знайшлося месца кнігам сучасных беларускіх пісьменнікаў, ды і кнігам беларускіх класікаў — таксама.

Гэта не значыць, што кнігі беларускіх выдавецтваў у «Белсаюздруку» не купляюць зусім. Рэйтынг складзены ў дачыненні да 100 кніг, якія найболей прадаюцца. Ніжнюю пазіцыю ў ім займае кніга, прададзеная ў колькасці 85 асобнікаў. А калі гаварыць аб працэнтных суадносінах па аб'ёме агульных продажаў (гэта значыць — з улікам і тых назваў кніг, якіх прадалі меней, чым 85 экзэмпляраў), то ў дзясятку найболей руплівых распаўсюджвальнікаў кніг у «Белсаюздруку» ўвайшло і выдавецтва «Беларусь» (восьмае месца: 3,2 працэнта ў агульных продажах). На 12-м месцы — «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», на 13-м — Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа, на 16-м — Выдавецкі дом «Звязда», на 17-м — «Пачатковая школа».

Лічбы, як кажуць, заўсёды красамоўныя. А высновы, пэўна, варта рабіць выдаўцам. Калі, вядома, яны дбаюць пра чытача, пакупніка кнігі.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.