Гамяльчане, якія маюць інваліднасць і перасоўваюцца на калясках, правялі трэнінг для кіроўцаў аўтобусаў. Ён прайшоў у аўтобусным парку № 6 у межах праекта «Даступнае асяроддзе — інклюзіўная Беларусь».
Каля 30 кіроўцаў практыкаваліся ў дапамозе калясачнікам на аўтобусе з нізкай падлогай. Такіх у гэтым аўтапарку — чвэрць. Папярэдне ўключылі гідраўліку і апусцілі апарэль. Інваліды-спінальнікі прадэманстравалі, якім чынам яны заязджаюць у аўтобус. Таксама расказалі, як правільна закаціць і выкаціць калясачніка па нахільнай платформе, і агучылі асноўныя памылкі і меры бяспекі пры гэтых дзеяннях. Прапанавалі таксама занесці чалавека на калясцы ў транспартны сродак.
Каб навучанне было больш паспяховае, ахвотнікаў з кіроўцаў садзілі ў каляску, каб тыя паспрабавалі самастойна заехаць у транспарт. Як высветлілася, гэта зусім няпроста. Спінальнік і спартсмен Аляксандр Цімафееў кажа:
— Нават самым трэніраваным часам нялёгка, што казаць пра дзяўчыну ці чалавека сталага ўзросту. Паколькі ў нас не паўсюдна абсталяваны прыпынкі па дзяржстандартах, нават мне часам даводзіцца чакаць, каб хтосьці дапамог.
Дарэчы, большасць кіроўцаў аўтобусаў ведае, як дапамагаць людзям з фізічнымі асаблівасцямі. Напрыклад, Мікалай Пшонаў, які ездзіць па маршруце № 25, за адзінаццаць гадоў не раз заносіў калясачнікаў у транспарт:
— Наогул, калі сярод пасажыраў ёсць слабыя людзі ці калясачнікі, кандуктар даведваецца загадзя, дзе яны выходзяць, і паведамляе. У такім выпадку даўжэй стаю на прыпынку і дапамагаю выйсці.
Аналагічныя трэнінгі з кіроўцамі аўтобусаў і тралейбусаў інструктары Гомельскага абласнога грамадскага таварыства «Інваліды-спінальнікі» праводзяць штогод.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.