Вы тут

Дырыжор Аляксандр Анісімаў: Добра было б мець бачнасць раўнавагі паміж спортам і музычным мастацтвам


Дырыжор, прафесійная карта якога шырыцца ледзь не на ўвесь свет, адкрыў чарговы сімфанічны сезон мінскай філармоніі. На сваім першым восеньскім канцэрце Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра сыграў Шастаковіча, Моцарта і беларускага кампазітара Вольгу Падгайскую. Шаснаццаць гадоў у філармоніі і амаль сорак у Беларусі: некалі масквіч Аляксандр Анісімаў атрымаў запрашэнне стаць галоўным дырыжорам Вялікага тэатра ў Мінску, а ўжо сёння называе Беларусь радзімай і без лішняй сціпласці прызнаецца, што ў Мінску хадзіць у філармонію стала модна. Гэтым разам свае пытанні пра сферу сучаснай акадэмічнай музыкі мы задаём самаму вядомаму беларускаму дырыжору.


— Не так даўно на кінастудыі «Беларусьфільм» пра вас выйшаў дакументальны фільм Міхаіла Жданоўскага. Як вам карціна?

— Міхаіл — таленавіты чалавек, але яго фільм пра кампазітара Андрэя Мдзівані мне здаецца лепшым. Я атрымаў задавальненне ад прагляду і на прапанову здымацца паспадзяваўся, што рэжысёр зробіць нешта падобнае, цікавае не толькі мне, але і іншым. Увогуле ў мастацтве я выступаю за мікс элітнасці і дэмакратычнасці. У нас, канешне, элітнае прызванне і нашы каўняры павінны ззяць белізной, але ўсё ж мы — не пасланцы Бога.

— Вялікая ўвага, паколькі гэта з'яўляецца значнай часткай вашага жыцця, у фільме ўдзяляецца рабоце за мяжой. Наколькі наперад распісаны ваш графік?

— Маё жыццё толькі на трыццаць працэнтаў складаецца з работы за мяжой, а семдзесят працэнтаў — гэта радзіма, Беларусь. Такіх запатрабаваных дырыжораў на постсавецкай прасторы вельмі мала, але арганізаваць свой час такім чынам, каб нідзе не ўзнікла прэтэнзій і асноўнае месца работы не раўнавала, магчыма. У мяне ўжо ёсць замежныя прапановы на 2022 год. Тэатр оперы і балета таксама склаў расклад, які ўключае маю занятасць, да 2022-га. Планы філармоніі ў большай ступені належаць сённяшняму дню. Нядаўна наш аркестр атрымаў прапанову аб вялікіх гастролях у лютым — сакавіку. Для мяне гэта ўжо ўчора, але тым не менш я вымушаны мяняць планы, бо ў нас няма магчымасці адмаўляцца ад замежных паездак: за кошт сутачных, што запрашаючы бок плаціць у валюце, аркестр можа зарабіць, а ў нашых эканамічных умовах для музыканта гэта важна.

— А ганарар?

— Аркестр атрымлівае толькі сутачныя, а ганарар прыязджае ў банк і кладзецца на рахунак філармоніі — ён невялікі, але ўсё яшчэ прымушае не адмаўляцца ад паездак, хоць і даводзіцца пераглядаць дамашні расклад. Калі, напрыклад, мы задумалі выкананне сімфоніі Малера, якая патрабуе поўнага саставу музыкантаў, то-бок амаль сто чалавек, сыграць яе будзе ўжо немагчыма. З тымі, хто застаецца, мы можам дазволіць сабе музыку XІX стагоддзя, сучасную накшталт Стравінскага і Месіяна альбо музіцыраванне ў Малой зале. Калі запрашаецца склад аркестра, які адпавядае нашаму пашпарту і назве, я ўзначальваю паездку і раблю сур'ёзную праграму: такія гастролі былі ў Японіі, Эстоніі, Кітаі, мы выступалі ў маскоўскай, вільнюскай і варшаўскай філармоніях. А калі гаворка ідзе пра камерцыйныя паездкі, у якіх удзельнічае невялікая колькасць музыкантаў, скажам, пяцьдзясят, яны праходзяць без мяне і патрэбныя проста для падтрымкі эканамічнага духу нашых музыкантаў.

— Калі ў мяне здараецца рабочая паездка, працэс вяртання становіцца цэлай гісторыяй. Што вы адчуваеце, калі вяртаецеся з-за мяжы?

— Я вяртаюся з радасцю і, як правіла, пачуццём задавальнення. Цікавыя замежныя праекты я мару ўвасобіць у Мінску, асабліва вострым гэтае жаданне бывае ў дачыненні да оперных пастановак. Такіх, як «Сіла лёсу» Вердзі, якую я дырыжыраваў у Гамбургу і пра якую ў адной нямецкай рэцэнзіі напісалі: «Маэстра Анісімаў — у галаве і сэрцы». Альбо незвычайны «Яўген Анегін», якога я паставіў у парыжскай Оперы Бастыліі, і французская газета напісала: «Беларус узяў Бастылію». Я дырыжыраваў «Атэла» ў Пермі і ў канцэртнай форме з удзелам цудоўных італьянскіх спевакоў і расійскай спявачкі зрабіў яго ў нашай філармоніі. Быў поспех. У горадзе Пусан з карэйскім музыкантам я выконваў канцэрт для альта з аркестрам Шнітке і марыў паўтарыць яго, бо такое сачыненне мала хто можа сыграць, і гэтую мару ажыццявіў. У Львове я рабіў прэм'еру цудоўнага твора Канчэлі для саліруючай скрыпкі і сапрана і паўтарыў гэта ў Мінску — да нас прыехалі цудоўны французскі скрыпач Аліўе Шарлье і спявачка Ірына Крыкунова. А за мяжой, нават нягледзячы на фантастычнай прыгажосці музыку, я, канешне, сумую і хачу дакрануцца да любімых сцен.

— У Беларусі, на жаль, няшмат пляцовак для выканання класічнай музыкі. Калі б іх было больш, вы думаеце, наведвальнік для іх знайшоўся б?

— Калі публікі хапае на амаль дзесяць дзён фестывалю Башмета, казаць, што Мінск — неасфальтаваная правінцыя, не даводзіцца. На нашых канцэртах падчас «Класікі ля Ратушы» збіралася больш за дзесяць тысяч чалавек, і не таму, што нехта паказвае фокусы і бегае голы, а таму, што гучыць сур'ёзная сімфанічная музыка. Так, канцэрты бясплатныя, але я быў сведкам, як на выступленнях з вольным уваходам прысутнічала паўтары тысячы слухачоў. У нашу апошнюю праграму я наўмысна не ўключыў ніводнай аперэтачнай мелодыі і ніводнага хіта з «рэпертуара Гары Потэра» — прыём быў надзвычайны. Праўда, у Мінску гэта адзінае летняе акенца для класічнай музыкі, і гэта няправільна, еўрапейскі горад абавязаны мець летні акадэмічны музычны фестываль. У Францыі іх каля пяцісот, гарады гудзяць як вулей, у кожным больш-менш прыдатным для акустыкі двары гучыць музыка. Канешне, мы не Лондан, які ўжо ледзь не сто гадоў у Каралеўскім Альберт-Холе амаль на дзве тысячы чалавек праводзіць васьмітыднёвы фестываль «Промс». І не Берлін, дзе арганізуюцца штогадовыя канцэрты на Лясной сцэне, і не Нью-Ёрк, дзе паслухаць сімфанічную музыку ў парку прыходзіць сто тысяч чалавек. У гэтых гарадах ёсць пэўныя традыцыі, але не можа быць, каб у Беларусі, дзе ў кожнага пана ў кожнай вёсцы быў свой аркестр і ў кожным замку рабіліся прадстаўленні, гэтыя традыцыі памерлі. Каб такі фестываль быў, некаму трэба проста праявіць волю. Наконт яго я некалі біўся галавой у Міністэрстве культуры, і нам гатовы былі адшпіліць дзесяць мільёнаў, але з гэтымі грашыма мы б нічога не змаглі зрабіць.

— Вы казалі пра традыцыю, але яшчэ адносна нядаўна, у бытнасць Савецкага Саюза, класічная музыка была фактычна ўзята на ўзбраенне з паўсюднымі філармоніямі і выязнымі канцэртамі.

— Правільна, я тады яшчэ не працаваў у мінскай філармоніі, але бачыў у архівах, што аркестр, капэла, салісты раз'язджалі па ўсім Савецкім Саюзе, не кажучы ўжо пра абавязковыя Гродна, Гомель і Магілёў. Калі ты не паставіў птушачку, што быў у Брэсце, табе пагражаў скандал. Натуральна, расходы запрашаючы бок альбо браў на сябе, альбо дзяліў напалову з філармоніяй. Я таксама хачу выступіць у Гродне, Гомелі і Магілёвё — у іх няма грошай, каб нас запрасіць, а ехаць маленькім саставам, каб аблягчыць іх долю і даць сэканоміць, — не наш профіль. Праўда, дзякуючы такім падзеям, як Міжнародны фестываль імя Салертынскага ў Віцебску, сродкі знаходзяцца, і мы збіраемся паехаць туды з сур'ёзнай музыкай.

— Значыць, традыцыі ў нас ўсё ж захоўваюцца.

— Цепляцца (смяецца). Брэст, бывае, арганізуе «Калядныя вечары»: раней мы маглі даць не адзін канцэрт, а два, а цяпер нас просяць: «Калі ласка, прыязджайце і тут жа ноччу з'язджайце». Мы кажам: «Мы павінны прыехаць у складзе хаця б васьмідзесяці чалавек», — «Не-не, калі ласка, у нас няма такіх грошай, максімум пяцьдзясят пяць». Вось так у нас усё развіваецца. Затое Маскоўская філармонія альбо кітайцы знаходзяць сродкі, каб нас запрасіць і аплаціць наш райдар.

— Атрымліваецца, падзенне папулярнасці класічнай музыкі адносіцца толькі да Беларусі?

— Я не сказаў бы, што гэта падзенне папулярнасці, — гэта ўзыходжанне эканамічных складанасцяў. Я магу параўнаць з Расіяй, бо там бываю: Маскоўская філармонія займаецца арганізацыяй гастроляў не проста маскоўскіх, а ўвогуле расійскіх калектываў; у Міністэрстве культуры цэлы аддзел адказвае за месячныя туры сур'ёзных аркестраў па расійскай глыбінцы. Ёсць грошы і ўсведамленне таго, што апроч алімпійскіх гульняў у Сочы важна, каб Міжнародны конкурс імя Чайкоўскага таксама быў на вышыні. І нам было б добра мець хаця б бачнасць раўнавагі паміж патрэбным для здароўя і іміджу краіны спортам і музычным мастацтвам, што таксама ёсць імідж краіны. Перад адкрыццём сезона мы атрымалі цудоўнае віншаванне ад сыноў Дзмітрыя Шастаковіча і Івана Салертынскага, у якім яны пажадалі нам поспехаў на «складаным шляху» сімфанічнага выканання і адзначылі сваю радасць у сувязі з тым, што на адкрыцці мае прагучаць 15-я сімфонія Шастаковіча. А яна сапраўды калі ў нас і выконвалася, то шэсцьдзясят-семдзесят гадоў таму. Цікавасць да Беларусі і нашага аркестра такіх значных людзей паказвае, што мы знаходзімся не ў беспаветранай прасторы. За намі сочаць! (Смяецца.)

— З вашага досведу выступленняў, як ад краіны да краіны мяняецца стаўленне да класікі?

— Разуменне музыкі і здольнасць ацаніць узровень выканання і інтэрпрэтацыі паўсюль прыкладна аднолькавыя, але рэакцыі могуць здзівіць. Перад канцэртам у Аргенціне мяне папярэдзілі, што трэба будзе выйсці на біс. Я вырашыў сыграць па-дэ-дэ з балета «Шкаўкунок» Чайкоўскага. На біс мы выходзілі тры разы, і ўжо на апошнім акордзе зала зараўла так, што гэта можна было параўнаць толькі з рэакцыяй стадыёна на гол Марадоны. Англічане ў знак ухвалення могуць не толькі пляскаць у далоні, але і тупаць нагамі. Часам сябе паказвае аркестр: па заканчэнні канцэрта ты робіш жэст, які запрашае музыкантаў устаць, а яны не ўстаюць, чым дэманструюць, што поспех выступлення — твая заслуга. Беларуская публіка — вельмі ўдзячная. Бывае, разумееш, што іграецца нешта сярэдняе, але зала ўсё роўна ўстае, гэтая дабрыня ўражвае. А потым думаеш: можа, яны ўстаюць, бо стаміліся сядзець? Можа, яны такім чынам паказваюць, што ўжо час сыходзіць?

— Вы прыйшлі працаваць у Вялікі тэатр у 1980 годзе, а ў філармонію ў пачатку 2000-х. Як гэтыя ўстановы змяніліся з пачатку вашага з імі знаёмства?

— Калі мяне запрасілі ў Вялікі тэатр, ён меў высокі ўзровень. Там працавалі цудоўныя спевакі, хоць іх і не было шмат, трупа ледзь набірала дваццаць чалавек, а сёння столькі ўваходзіць толькі ў жаночы састаў. Не заўсёды, як вы ведаеце, колькасць пераходзіць у якасць. Павінен сказаць, аншлаг тады не быў штодзённай з'явай: прэм'еры праходзілі з поўнай залай, а, напрыклад, опера «Тоска» альбо «Сельскі гонар» публіку не збіралі. Цяпер жа адміністрацыя вельмі засмучаецца, калі 10-15 білетаў засталіся непрададзеныя, аншлагі сталі звычайнай з'явай, і гэта адразу падняло фінансавыя магчымасці тэатра і аўтарытэт оперы, бо многія гады гучала, што балет корміць оперу. Тэатр стаў смялей эксперыментаваць: такія спектаклі, як «Травіята» Жагарса альбо «Багема» Цітэля, у тыя часы наўрад ці маглі мець месца. І канешне, аснашчэнне пасля рэканструкцыі дала тэатру больш магчымасцяў і зрабіла жыццё артыста больш камфортным. Што датычыцца філармоніі, наша сцэна як была сцэнай дома культуры, так і засталася. Акустыка як была сярэдняя — не жудасная, але ўсё яшчэ не для сімфанічнага аркестра, так і засталася. Калі мы прыязджаем у нейкую еўрапейскую залу, адчуваем, як шмат страчваем у Мінску. Узровень аркестра падняўся: некалі мы лічылі, што выкананне эцюда Шапэна за дзве з паловай хвіліны — гэта фенаменальна, а цяпер той жа самы эцюд можам паслухаць за паўтары хвіліны. Гэта, канешне, з раздзела кур'ёзаў, але тэхнічнае аснашчэнне музыкантаў сапраўды стала вышэйшае, у нас з'явіліся цудоўныя віртуозы, якія працуюць на другіх і трэціх ролях, дзякуючы інтэрнэту і паездкам за мяжу мы займелі нашмат больш ведаў аб прафесіі і можам рэалізоўваць свае задумы ў большых маштабах. Але ёсць змены і негатыўныя. Калі раней у Вялікі тэатр на оперу прыходзіла дзвесце чалавек, гэта ніяк не адлюстроўвалася на заробку, а калі сёння на канцэрт філармоніі прыйшло менш за семдзесят працэнтаў залы, адміністрацыя лічыць, што музыкантаў трэба пакараць, і здымае працэнт з прэміі. А прэмія — гэта фактычна наш заробак. Я не лічу гэта правільным, бо мы пачынаем кіравацца тым, як запоўніць залу і атрымаць гэтую няшчасную прэмію, і верцім праграму, каб, крый божа, у яе не трапіла нешта малацікавае, што датычыцца і беларускай музыкі. Альбо, калі мы зробім даражэйшыя квіткі, вал будзе меншы, з гэтага вала мы не зможам узяць грошы на запрашэнне замежнага артыста, а мы ўжо і забылі, што гэта такое. Вось так мы круцімся-верцімся, ходзім з працягнутай рукой да спонсараў і нейкім чынам выварочваемся. А раней у Мінск прыязджалі Рыхтэр, Якаў Фліер, хоры, аркестры і вялікія спевакі з-за мяжы, і дзяржава за гэта плаціла.

— Вы жывяце і працуеце ў Беларусі і маеце надзвычай шырокую карту выступленняў. Надзённай праблемай беларускай акадэмічнай музыкі з'яўляецца адток музыкантаў за мяжу. Каб стаць запатрабаваным на міжнароднай сцэне, наколькі важна, дзе ты жывеш?

— Яны ўсё роўна ўсе глядзяць туды, бо ведаюць, што, напрыклад, мужчына-музыкант тут не зможа пракарміць сям'ю. Таму яны вельмі моцна спадзяюцца, што іх нехта заўважыць, што прасунуцца праз міжнародны конкурс, што падчас гастроляў хуценька збегаюць недзе сыграць і некуды пройдуць. Наш былы артыст цяпер працуе ў Марока, хоць зарабляе, думаю, не нашмат больш, але ўсё яшчэ больш. Тры нашыя вядучыя музыканты сталі салістамі ў аркестры Гергіева, чым я ганаруся, бо гэта паказвае, якую высокую прафесійную накрутку яны ў нас атрымалі. Паміж аркестрамі нашага горада, на жаль, існуе нераўнапраўе: заробак аркестра Тэатра оперы і балета амаль у два разы большы, чым у аркестра філармоніі. Тое, што адзіны сімфанічны аркестр краіны, якому, між іншым, больш за восемдзесят гадоў, дагэтуль не мае звання нацыянальнага, — абуральная несправядлівасць. Мы, канешне, пражывём без гэтага звання, але яно цягне за сабой павелічэнне заробку, а нам гэта неабходна, як і набыццё хоць нейкіх новых інструментаў, пра што гаворка не ішла дзясяткі гадоў у той час, як у Вялікім тэатры парк інструментаў толькі пасля рэканструкцыі аднавіўся некалькі разоў. Гэтая несправядлівасць, канешне, уплывае на тое, што музыканты глядзяць убок і далёка. Тым не менш наш штат запоўнены, чарга стаіць. Таму што выкладчыкам у Акадэміі музыкі таксама трэба зарабляць на жыццё, а для гэтага ім патрэбны студэнты, і гэтых студэнтаў часам больш, чым рабочых месцаў. Таму пакуль, спадзяемся, аркестр будзе папаўняцца.

— У праграму канцэрта адкрыцця разам з Шастаковічам і Моцартам увайшла Вольга Падгайская. Выкананне беларускага твора акадэмічнай музыкі пакуль яшчэ выглядае выключэннем. Наколькі ахвотна філармонія прасоўвае беларускую музыку?

— Я такой камбінацыяй забаўляюся ўжо даўно. Калі мы задумалі прэм'еру оперы «Мядзведзь» Сяргея Картэса, я разумеў, што атрымаць аншлаг, да якога я прызвычаіўся, будзе цяжка, таму мы запрасілі французскага скрыпача, які ў першым аддзяленні сыграў канцэрт Чайкоўскага, а ў другім далі Картэса. З Андрэем Мдзівані мы хацелі ў якасці сімфанічнага твора зрабіць прэм'еру яго балета, які дагэтуль не пастаўлены і наўрад ці будзе пастаўлены. Я прапанаваў стварыць сімфадраму: зрабіў кампазіцыю па Бальзаку, мы запрасілі акцёраў Купалаўскага тэатра і, канешне, публіка пайшла валам, бо «Анісімаў зноў нешта прыдумаў, трэба пацікавіцца». Наш класік Вячаслаў Кузняцоў напісаў балет «Клеапатра», які быў прыняты ў Вялікім тэатры, але ідэя яго паставіць адкладалася, пакуль не памерла. Я вырашыў, што трэба сыграць яго ў філармоніі: зноў ствараецца адмысловая літаратурная кампазіцыя па Апулею, Шэкспіру, Ахматавай, запрашаюцца акцёры і атрымліваецца класная сучасная драматычная штука. Для таго каб была цікавасць да беларускай музыкі, на мой погляд, патрэбны дзве рэчы: імідж і папулярнасць аркестра і яго кіраўніка. Адпаведна, наведвальнік будзе ўпэўнены, што калі гэты аркестр за нешта ўзяўся, яно будзе цікавае. Гэты давер трэба было заваяваць. Калі шаснаццаць гадоў таму я прыйшоў у філармонію, на канцэртах бывала па трыццаць чалавек, я ўжо не кажу пра беларускую музыку, на якую ўвогуле зганялі незразумелых людзей, якіх нічога асабліва не хвалявала. Тады я закрыў тэму беларускай музыкі і пачаў узмоцнена працаваць па класіцы. Мяне крытыкавалі, ледзь не знялі з работы, але я ўпарта дабіваўся хаця б паловы залы, а калі нарэшце пайшлі аншлагі, узяўся за беларускую музыку. Неяк віцебская філармонія запрасіла нас сыграць канцэрт, і я запытаўся, якую праграму яны б хацелі пачуць, а мне сказалі: «Пад вашым кіраўніцтвам — любую». У першым аддзяленні мы сыгралі Картэса, а ў другім — Кузняцова, і што вы думаеце — была поўная зала.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».