Вы тут

Сучасная проза — наступным пакаленням


Больш чым 70 творцаў з 40 рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўдзельнічалі ў IV конкурсе маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы «Мост дружбы», але толькі дзесяць з іх сталі пераможцамі. Па традыцыі іх творы друкуюцца ў альманаху, такім чынам знаходзячы сваіх чытачоў. Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.


Пасля папярэдняга адбору на суд экс- пертаў было прадстаўлена 60 работ. З іх пасля дэталёвага абмеркавання журы вызначыла дзесяць найлепшых — па пяць творцаў ад кожнай краіны. Лаўрэатамі конкурсу ад Беларусі сталі Алена Папко (твор «Вясёлка»), Андрэй Кулеш («Моцю»), Юлія Шурбіна («Ванільнае пячэнне»), Карына Пашкевіч-Ломцева («Жамчужнае вяселле»), Анастасія Бакуновіч («Нявеста»), ад Расіі — Дзмітрый Лагуцін («Мая Японія»), Віктар Чыгір («Метамарфозы»), Кацярына Капыткова («Дажыць да сваёй смерці»), Аліна Асокіна («Да першага снегу») і Яна Паўлава («Датычнасць»). — Усцешна, што гэты праект стаў мастацкай з’явай у літаратурным і культурным жыцця Саюзнай дзяржавы. Яго вынік — адкрыццё новых імёнаў і аўтараў, — падкрэсліў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч падчас цырымоніі ўзнагароджання. — Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы вызначыў для гэтага конкурсу жанр апавядання (напэўна, самы складаны ў мастацкай прозе). Маладыя аўтары тонка адчуваюць час і глыбока ведаюць прадмет, пра які пішуць. Веру, што па гэтых апавяданнях наступныя пакаленні будуць разглядаць наш час, успрымаючы яго і ў мастацкім, і ў дакументальным фармаце.

Між тым журы адзначыла, што сёлета пераважае жанр бытавой прозы: гэта і сямейныя праблемы, і асэнсаванне лёсаў, што не склаліся, і памяць пра мінулыя пакаленні. Лаўрэаты ж адзначылі: конкурс дае маладым аўтарам магчымасць быць пачутымі, а гэта — адзін з найвялікшых стымулаў для развіцця.

Конкурс «Мост дружбы» ўпершыню прайшоў у 2012 годзе. З таго часу раз у два гады маладыя аўтары ва ўзросце 18—30 гадоў спрабуюць свае сілы ў малых літаратурных формах (апавяданне, эсэ, нарыс, навела). Але арганізатары не выключаюць магчымасці зрабіць праект штогадовым. «Таксама ёсць ідэя правядзення конкурсу на агульную тэму, у прыватнасці, прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі», — паведаміў журналістам намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Салаўёў.

Пасля ўзнагароджання быў прэзентаваны праект, які пабачыў свет дзякуючы Пастаяннаму Камітэту Саюзнай дзяржавы, Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі і выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». У навукова-папулярным выданні «В. К. Бялыніцкі-Біруля: Зноў зацвіла вясна», прысвечаным народнаму мастаку БССР і РСФСР, прадстаўлены зборы, якія знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, яго філіялах у Магілёве і Бялынічах, а таксама ў музеі ў Цвярской вобласці. Знаёмства з кнігай прайшло ў незвычайным фармаце: так, «ажыла» адна з вядомых карцін «Зімовы сон». У перспектывах Нацыянальнага мастацкага музея — стварэнне пастаяннай экспазіцыі з карцінамі, якія ажылі, іншых вядомых мастакоў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы