Вы тут

Вечная варта ў нябёсах


 «Літаратура — гэта жыццё, але не ўсё жыццё — літаратура…»

Л. Галубовіч «Зацемкі з левай кішэні».


XXI стагоддзе, падараваўшы чалавецтву шырокія магчымасці для камунікацыі і значна пашырыўшы інфармацыйныя абсягі, у той жа час істотна звузіла яго духоўны кругагляд. І не таму, што чытаць сталі менш — наадварот: колькасць тэкстаў, што прадуцыруюцца і спажываюцца, узрасла шматкроць. Толькі вось якасць…

Айчынная літаратура таксама «разгубілася» ў гэтай размытасці і шматколернасці. За адносна кароткі тэрмін — апошнія два-тры дзесяцігоддзі — яна спазнала на сабе ўплывы напрамкаў з чатырох кантынентаў: ад лацінаамерыканскага магічнага рэалізму да еўрапейскага постмадэрну. На жаль, гэта не мела зваротнай сувязі, то-бок мы дагэтуль з’яўляемся ў асноўным рэцыпіентамі, а не донарамі. Прымаючы чужое, амаль не аддавалі ўзамен і таму пакуль што асуджаны рухацца па зачараваным коле. Вылузваючыся са скуры, нашы сучаснікі-літаратары навыперадкі стараюцца пісаць пад Пруста і Джойса, пад Павіча, Букоўскі, Паланіка… Але, акрамя блытаніны і гульні ў хованкі з сэнсам, нічога прыстойнага не атрымліваецца — эпігоны часам больш шкодныя за графаманаў, прынамсі, апошнім цяжэй увесці ў зман неспрактыкаванага чытача…

Нехта павінен неўзабаве разарваць гэты замкнёны цыкл, выпусціць на шырокі прастор нашу, беларускую аўтэнтыку, пазнаёміць свет з уласцівым толькі нам ладам мыслення і адчуваннем свету.

Нешта падобнае, падаецца, здзейсніў нядаўна беларус з Падляшша Міхал Андрасюк, адзін з самых яркіх прадстаўнікоў літаратурнай суполкі «Белавежа». Падчас чытання яго новай кнігі «Поўня» (Беласток, 2018) не пакідае ўражанне, што вярнуўся ў родны сусвет, у бацькоўскую хату, да сваіх вытокаў. І ў той жа час няма налёту правінцыйнасці. Твор успрымаецца абсалютна еўрапейскім, але без каліўца прэтэнцыёзнасці, увесь дыялог з чытачом збудаваны не на інтэртэкстуальнасці (хаця і яна ў кнізе ёсць, але носіць пераважна міфалагічна-біблейскі характар), а на ўнутраных вобразах і паэтычных асацыяцыях: «…кроме гэтых сцен, кроме ложка і печкі, існуе яшчэ іншы свет. Ён схаваны ад нашых вачэй і ў далоні яго не ўзяць, але чалавек без яго ўсяго паўчалавека…». Гэтыя бабуліны словы можна прывесці як прыклад стрыжнявой ідэі тэксту. Спаконвечны, традыцыйны свет нязменна прыцягвае, вяртае да сябе аўтара: «Пачынаю шкадаваць, ці не лепш было застацца там, у вёсцы, дзе кожнае слова ляжыць на сваім месцы, паміж травінкай і птушыным шчэбетам, дзе кожны вобраз чакае напагатоў, бяры, пераўтварай у літары».

Прастора «Поўні» рэчыўная, канкрэтная, без зацягнутых апісанняў, але напоўненая трапнымі характарыстыкамі. Увесь твор — аграмадністы назоўнік, праз які аўтар спрабуе спасцігнуць і вытлумачыць нам наша безназоўнае. І ў той жа час — непаўторная метафорыка, балансаванне на мяжы рэальнага і ўяўнага, дзе мроя і сапраўднасць сплятаюцца ў калейдаскапічны малюнак.

Пачынаючыся як гісторыя кахання ў сучасным Мінску, «Поўня» надалей трансфармуецца ў вандроўку ўглыб сямейнага радаводу, у рэфлексійны аналіз генетычнага коду, спробу пачуць і расшыфраваць пасланні мінулых пакаленняў, запісаныя на колцах спілаваных дрэў. Якім чынам гэта адбываецца? Вярнуўшыся ў Беласток, галоўны герой праз акно сваёй кватэры на чацвёртым паверсе адкрывае магчымасць падарожнічаць у часе. Самаідэнтыфікацыя робіцца навязлівай ідэяй і ўрэшце праецыруецца на ўсю радзіну. Праз матыў вечнай вандроўкі Андрасюк апісвае сваю, беларускую «сям’ю Буэндзіа». «Шмат гадоў іду і не ведаю, што ёсць дарога», — прызнаецца ён. Ягоныя «сто год адзіноты» — гэта шлях, цягам якога спачатку далёкія продкі, пасля дзед Дзмітрый, дзед Алімпей, бацька галоўнага героя намацваюць самасць. Галоўны герой — хлопчык Міша — расце, сталее і спасцігае сябе ў атачэнні родных людзей і аднавяскоўцаў. Нібыта ў маркесаўскае Маконда, штогод вяртаюцца сюды са сваім табарам цыган Пэтро і цыганка Юлія з памаранчавымі валасамі, штогод хлопчык выбягае да зеленавокай варажбіткі, каб тая прадказала яму па далоні будучыню. Гістарычныя завірухі не абмінаюць гэтыя мясціны. Французы, рускія, палякі, немцы — усе імкнуліся прыўнесці ў спаконвечны неруш Белавежскай пушчы чужы парадак, навязаць свае правілы. Паратунак — у харастве: «прыгажосць — яна несмяротная і нікому не належыць», а таксама — ў духоўнасці: «…як толькі дзьмухне з усходу халодным ветрам, трэба запальваць грамнічныя свечы і стаўляць у вокнах праваслаўныя іконы». Бо «…хутчэй дах нам на галаву праваліцца, чым той камунізм у Расеі».

А яшчэ — гэта матыў будаўніцтва новага ўласнага дома. Дзед Алімпей, захавальнік старадаўніх традыцый, шукае для асновы будынка дрэва Свабоды, Праўды і Кахання: «З падрубаў пачынаюць дом. Разумнейшыя за нас прыдумалі парадак свету і трэба нам яго трымацца. Іначай бобу з гарохам наварым, не дом». Але каб пачаць будаўніцтва, неабходна ссекчы старую ліпу, бо яна пагражае падмурку. Прыносіцца ахвяра: «сталёвыя зубы ўгрызаюцца глыбока ў горла старога дрэва… неданошаная восень ападае ледзь прыжоўклым лісцём на выслізганыя камяні брукаванкі». Хлопчык Міша ледзь не гіне пад ссечаным дрэвам, але прывід продка ў ільняной кашулі ратуе малога.

Старажытны сімвал трыадзінства наскрозь працінае тканіну твора. Тры грацыі: Прыгажосць, Каханне, Нявіннасць; тры жанчыны: маці, сястра, каханая… Тры стадыі месяца — як тры стадыі чалавечага бытавання на зямлі: маладзік — поўня — ветах…. Ды і сам твор складаецца з трох раздзелаў, кожны з якіх выконвае непаўторную сэнсавую і эмацыянальную задачы.

Поўня для аўтара — гэта фаза інтэлектуальнага і духоўнага росквіту, сярэдзіна жыцця, час, у якім сканцэнтраваны фізічная моц і таямнічасць духу. Гэта і паяднанне Сонца з Месяцам, мужчынскага і жаночага пачаткаў, як асновы для працягу ў наступных пакаленнях. Дадатковым сэнсам напаўняе назву і даўняя легенда пра варажнечу двух братоў — Каіна і Авеля, выявы якіх адлюстраваны на месяцовым срэбры. Гэта ўяўляецца метафарай падзелу — на Усход і Захад, на царкву і касцёл, а паміж Сцылай і Харыбдай — звычайныя беларусы з іх зямнымі пакручастымі лёсамі…

Седзячы на лавачцы перад бацькоўскім домам, галоўны герой «Поўні» пісьменнік і былы настаўнік Міхал (сам аўтар?) вядзе няспешныя дыялогі з продкамі. Парушана мяжа паміж гэтым і тым светам: мёртвыя паўстаюць, каб згуляць у футбол з вечнасцю, прычым апісваецца гэтая дзея даволі будзённа, нібы ўсё адбываецца насампраўдзе. Аднак гэтая сцэна нагадвае эпізод з іншага рамана — «Варашылаўграда» вядомага ўкраінца Сяргея Жадана, у якім галоўны герой па вяртанні на радзіму сустракае сваіх былых сяброў, яны таксама разам гуляюць у футбол, а пасля высвятляецца, што ўся каманда — нябожчыкі, іх імёны даўно пазначаны на магільных помніках. Ці чытаў Андрасюк Жадана? Хочацца верыць, што не чытаў, бо абодва аўтары ўздымаюць у сваіх творах падобныя праблемы, і, магчыма, яны падсвядома натрапілі на адну і тую ж хвалю, дасягнулі моманту, дзе пісьменнік ужо не ўладарыць над сваімі персанажамі, а наадварот: тыя самі фарміруюць сюжэт.

Не варта шукаць у «Поўні» і якогакольвек лінейнага аповеду ці паслядоўнатрадыцыйнага разгортвання сюжэта — асноўны рухавік тут — пульсуючая эмоцыя і жывая асацыяцыя, няспынная экзістэнцыянальная плынь. Нездарма фінал адкрыты і варыятыўны, аўтар пакінуў чытачу магчымасць самому вырашыць, што сталася з галоўным героем.

Вельмі важным падаецца тут і пытанне самавызначэння людзей, якія воляй гістарычнага лёсу апынуліся пад іншай дзяржавай, але адчуваюць сябе прыналежнымі да беларускай нацыі.

«Поўня» — гэта сапраўднае свята для чытача, які стаміўся ад сучаснай літаратуры, які шукае ў прозе нетрывіяльнага і паэтычнага, якому даспадобы творцы кшталту Стральцова і Купрэева, які верыць, што продкі трымаюць над намі сваю вечную варту, што сны прывучаюць нас да вечнасці, а дзесьці ў вышыні, у Нябеснай бібліятэцы, на скрыжалях ужо занатаваны імёны тых, хто ахвяраваў і будзе ахвяраваць сабой дзеля Радзімы. Ёсць спадзяванне, што такі чытач яшчэ існуе.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?