Вы тут

Бясконцасць праз сусветы


Сутыкнуўшыся падчас інтэрнэт-сёрфінгу са спісам намінацый на «Оскар», чарговы раз падзівіўся яго разнастайнасці, і раптам — праз галаву, быццам дзіда, праляцела нечаканая (але такая, па сутнасці, лагічная) думка: чаму літаратурныя прэміі прысуджаюць за кнігі цалкам (а Нобелеўская прэмія па літаратуры — часам і ўвогуле за ўсю творчасць)? Ці не цікавей было б прыдумаць нейкія драбнейшыя намінацыі? Чытачам было б прасцей арыентавацца ў выніках прэмій, каб падабраць сабе чытво па гусце.


А на якія намінацыі магла б прэтэндаваць… ну, чаму б не Наталля Батракова?

У аўтаркі вялікі досвед: некалькі выдадзеных (і па некалькі разоў перавыдадзеных) раманаў, кнігі вершаў, інтэрв’ю, сфарміраваная чытацкая аўдыторыя з россыпам гісторый пра тое, як чарговая кніжка выратавала жыццё, і г. д. Сёлета ў выдавецтве Excellent выйшла другая кніга дылогіі «Міг бясконцасці 2», якая з’яўляецца працягам дылогіі «Міг бясконцасці».

Дык вось калі чытаеш гэтую кнігу Наталлі Батраковай (і, хутчэй за ўсё, тое ж датычыць астатніх кніг з дылогій), узнікае дзіўнае пачуццё: пачуццё перапоўненай пустаты быццёвасці…

Яе апісанні нібыта пазбаўлены звышмэты пераадкрыцця. Быццам кожны новы кавалак рэчаіснасці «завісае» на стадыі самога працэсу рэканструявання. І гэткае «рэканструяванне ў нікуды» мне нешта нагадвае…

У кнізе Наталлі Батраковай, калі казаць пра непасрэдныя сродкі выразнасці, гэта ўсё рэалізуецца вялікай колькасцю дзеясловаў. Гэта сведчыць пра «масавы» характар празаічнага твора, пра зададзеную аўтарам даступнасць. Некаторыя ж моўныя выразы (тыя, што тычацца не проста апісання рэчаіснасці, але апісання дзеянняў галоўных герояў, зробленыя ад трэцяй асобы) нагадваюць ужо і сцэнарныя моманты тэлесерыялаў, а дакладна — тыя, што знаходзяцца ў пачатку серый і пераказваюць змест серый мінулых.

Пры ўсім гэтым нельга казаць, што кніга напісана кепска. Мова «Міга-2» выконвае тыя функцыі, што былі закладзены аўтаркай. Нават штосьці робяць для развіцця сюжэта. Таму, калі б усё ж такі існавалі літаратурныя прэміі з больш буйным драбленнем, па намінацыях, якія датычаць тэхнічных момантаў (па ўмоўнай «тэкстааператарскай працы» ці «працы тэкставага дызайнера спецэфектаў»), гэтая кніга, на мой погляд, не атрымала б нічога, але магла б пазмагацца за намінацыю накшталт «паслядоўнасці і вернасці аўтарскаму почырку».

Вялікі цуд — сінтэз мастацтваў. Дзякуючы яму якой толькі проза за ўсю гісторыю свайго існавання ні паўставала: і вершаванай (французы П. Мэрымэ і Ш. Бадлер, рускія Н. Тургенеў і І. Аненскі), і блізкай да драматургіі (як, напрыклад, проза А. Чэхава, багатая на дыялогі), і, нарэшце, моцна звязанай з кінематографам (звязанай прынцыпам «мантажнасці», які можна ўбачыць шмат у якіх авангардыстаў XX ст.: ад А. Марыенгофа да Дж. Джойса). І што мы бачым пасля цэлага стагоддзя развіцця кінематографа і літаратуры? Дзесьці на паверхні кніжных прылаўкаў — літаратуру з вялікімі тыражамі, якая быццам нікому не перашкаджае, калі выкручвае прынцып «адчуджэння» навыварат і робіцца пакорлівым васалам тэлесерыяльнай кінамовы.

Але ці трэба патрабаваць іншага ад масавай літаратуры?

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.