«Мастацкая літаратура» выдала альбом, прысвечаны народнаму мастаку Рэспублікі Беларусь Івану Міско
Скульптурнага летапісца сучаснасці добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, асабліва ў Расіі. Нарадзіўся на Слонімшчыне (ёй і аддзячыў нядаўна помнікам Льву Сапегу ў Слоніме), але жыццё звязаў з Мінскам. Галоўнай у сваёй творчасці скульптар абраў касмічную тэму. Надзвычай працавіты, ён і ў немаладыя гады шукае і рэалізоўвае новыя тэмы. Нядаўна ў Мінску быў усталяваны створаны ім Мемарыяльны знак у гонар касманаўтаў-беларусаў Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага.
Альбом «Іван Міско», выдадзены «Мастацкай літаратурай», сабраў шмат ілюстрацый, фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць творчасць вялікага таленту беларуса ў шматабсяжным развіцці. Іван Міско — аўтар скульптурных выяў касманаўтаў Ф. Туана (В’етнам), Р. Шармы (Індыя), Т. Акіямы (Японія), Ж. Гурагча (Манголія), С. Уільямса (ЗША), Германа Берагавога, Валянціны Церашковай, Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага… І, канечне ж, Юрыя Гагарына.
Шмат якія з задумак застаюцца яшчэ праектамі будучых помнікаў. Фотаздымкі ў альбоме нагадваюць пра іх, ды нават болей: рашуча патрабуюць, каб яны, легендарныя асобы айчыннай культуры, постаці, якія, відавочна, цікавыя ўсяму свету, хутчэй выйшлі з майстэрні і прыйшлі на вуліцы, плошчы, у паркі і скверы Беларусі.
У кнізе шмат фотаздымкаў асабістага, сямейнага характару. Іван Міско тым самым паўстае жывою асобай, адкрывае ўласнае жыццё, паказвае сяброў, таварышаў, з кім ахвотна дзеліцца ідэямі, думкамі, каму адчыняе дзверы ў майстэрню, каму прыадчыняе ўласнае сэрца.
Вельмі многія работы скульптара — сведчанне яго высокай дружбы з пісьменнікамі Беларусі. Алег Лойка, Генадзь Бураўкін, Максім Танк, Мікола Мятліцкі… Талент вялікага скульптара сучаснасці паказвае нам яркіх, адметных асоб Беларусі і іншых краін.
Кастусь ЛЕШНІЦА
Яно не з’яўляецца населеным пунктам.
Унікальная магчымасць для будучых абітурыентаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.