Вы тут

Ці ўвойдуць гонкі на сабачых запрэжках у праграму Алімпійскіх гульняў?


Што такое ездавы спорт, як гонкі на сабачых запрэжках развіваюцца ў Беларусі і ці ўвойдуць яны ў праграму Алімпійскіх гульняў

Ездавы спорт зарадзіўся ў ХІХ стагоддзі. У 1850 годзе прайшлі першыя спаборніцтвы паміж падарожнікамі — маршрут гонкі пралягаў з Вініпега (Канада) у Сэнт-Пол (ЗША). Асаблівасцю першай зімовай Алімпіяды, якая праводзілася ў Паўночнай Амерыцы, былі менавіта гонкі на сабачых запрэжках як від спорту, што ўзнік на гэтым кантыненце: у 1932 годзе ў Лэйк-Плэсідзе ён уваходзіў у праграму як дэманстрацыйны від. Запрэжкі з сямі сабак павінны былі прайсці 25 міль у дзень, спаборніцтвы доўжыліся двое сутак. Сёння ездавы спорт развіты на ўсіх кантынентах, але ў алімпійскую праграму ён пакуль так і не ўвайшоў, хоць даўно прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам. Нядаўна ў нашай краіне была зарэгістравана федэрацыя ездавога спорту, але беларускія спартсмены ўжо даўно прымаюць удзел у міжнародных турнірах. Пра тое, як развіты гэты спорт у нашай краіне, якія пароды сабак прыдатныя для заняткаў і хто ж на самай справе можа паспрабаваць сябе ў нетыповым спорце, расказаў уладальнік Кубка Балтыкі 2015 года ў дысцыпліне «байкджорынг», шматразовы прызёр і пераможац этапаў Кубка Балтыкі, чэмпіён міжнароднай гонкі «Руская поўнач» Мікалай Празароўскі.


«Самае важнае — знайсці да свайго сабакі падыход»

Мікалай, Оціс і Міла. Фота Ганны Занкавіч

Ездавы спорт у Беларусі стаў зараджацца толькі ў 2008—2009 гадах. Усё пачыналася з аматараў, якія завялі сабе сабак пароды хаскі. У 2009-м Вольга Ведзянеева і Сяргей Валынкін правялі першы беларускі турнір па ездавым спорце «Завіруха», у якім прынялі ўдзел 15 спартсменаў, праўда, практычна ўсе прыехалі да нас з-за мяжы.

— У нас тады не было ні спартсменаў, ні сабак, гатовых да спаборніцтваў, а ўжо пасля гэтага зварухнулася сітуацыя, — расказвае Мікалай. — На той момант у мяне быў падгадаваны шчанюк Оціс, я таксама пачаў вазіць яго на трэніроўкі да Сяргея Валынкіна. Паставілі сабаку ў запрэжку, і неўзабаве ён ужо паўдзельнічаў у «Завірусе». Пазней я падумаў, што таксама хачу паспрабаваць сябе ў ездавым спорце, хоць важыў тады 130 кг. Стаў на лыжы, пачаў бегаць, за 3-4 месяцы скінуў 40 кг, і ў трэцяй «Завірусе» ўжо ўдзельнічаў разам з Оцісам.

Паступова Мікалай і Оціс сталі найлепшымі ў краіне, а затым пачалі выязджаць на замежныя турніры і заваёўваць узнагароды. У Мікалая з'явіліся аднадумцы, разам яны стварылі першую ў Беларусі каманду па ездавым спорце «Сноў Цім». Менавіта тады ўпершыню наша краіна заявіла пра сябе ў свеце ездавога спорту.

Сучасны ездавы спорт налічвае мноства дысцыплін. Іх можна падзяліць на традыцыйныя зімовыя (гонкі па снезе) і бясснежныя (оff-snоw, або драйленд). Да зімовых адносяцца гонкі сабачых запрэжак з нартамі на розныя дыстанцыі: спрынт, сярэдняя дыстанцыя, скіпуллінг — гонкі лыжнікаў з сабакамі, запрэжанымі ў пулку (маленькія сані), скіджорынг — гонкі лыжнікаў з сабакамі. Да бясснежных адносяцца: картынг — гонкі сабачых запрэжак з картамі (спецыяльныя каляскі), байкджорынг — гонкі веласіпедыстаў з сабакамі, канікрос — гонкі бегуноў з сабакамі і скутар — гонкі спартсменаў на самакатах з сабакамі.

— У ездавым спорце могуць ганяцца не толькі хаскі, — тлумачыць Мікалай. — Гэта могуць быць і маламуты, і самаеды, сустракаліся нават лабрадоры і біглі. Але цяпер выведзеныя адмысловыя ездавыя метысы — сабакі, якія без праблем могуць пераадольваць далёкія адлегласці. Сярэдняя хуткасць такога сабакі ў байкджорынгу на пяцікіламетровай дыстанцыі — 35 км/г. Для параўнання ў хаскі яна 28 км/г. Але свайго Оціса, напрыклад, я знайшоў наогул на вуліцы, у яго не было ездавых бацькоў, ніякіх даных. Калі браў другога сабаку — Мілу, ведаў, што бацькі жывёлы ў гарах у Польшчы ганяюцца па 400 км, але гэта ўсё роўна не спрынтарскі сабака. Аднак сваімі сіламі выгадаваў з абодвух нядрэнных ездавых бегуноў.

Спартыўны пік, на думку Мікалая, у любога сабакі прыпадае на ўзрост ад двух да шасці гадоў. А ў спаборніцтвах сабакі маюць права ўдзельнічаць не раней чым у 18 месяцаў. Менавіта ў гэтым узросце жывёла становіцца цалкам развітай фізічна, і вялікія нагрузкі не могуць прычыніць ёй шкоды.

— Ёсць некаторыя ўзроставыя абмежаванні і ў людзей. У спаборніцтвах існуюць розныя катэгорыі. Дзіцячыя старты пачынаюцца з 6 гадоў, адлегласць там, вядома, невялікая. Юніёры — з 14 да 18. З 18 гадоў стартуе старэйшая ўзроставая група, з 40 гадоў — ужо ветэраны. А наогул ездавым спортам можа пачаць займацца абсалютна любы чалавек незалежна ад узросту і фізічнай падрыхтоўкі.

Мікалай Празароўскі раіць прывучаць сабаку да трэніровак ужо з шасці месяцаў, у тым ліку для таго, каб ён пачынаў сацыялізавацца з іншымі сабакамі. Што датычыцца навучання камандам, то гэта рэкамендуецца рабіць і раней.

— Асноўныя каманды ў нас — «наперад», «стой», «абагнаць» або «міма», «лева», «права». Гэтаму сабаку можна навучыць падчас звычайнага выгулу. Трэніроўкі для фізічнай формы адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, дзе жыве сабака — у вальеры або ў кватэры. Самае важнае — знайсці да свайго сабакі падыход, сачыць за яго рэжымам, а гэта тры кампаненты: выгул, трэніроўка, адпачынак. Трэба працаваць і з псіхалогіяй сабакі — напрыклад, Оціса і Мілу я прывучыў да лідарства. Гэта значыць, падчас гонкі мой сабака наперадзе, за ім я, а за намі іншы спартсмен — так вось я прывучаў Оціса і Мілу да таго, каб яны працавалі толькі наперад, толькі бегчы, не адцягваючыся ні на што. Таксама яны разумеюць, што такое праследаванне, ведаюць, што ім трэба дагнаць іншага сабаку і зрабіць пасля гэтага рывок. Пры абгоне сабака не павінен ні ў якім разе сыходзіць у бок іншага, таму што на гэтым губляецца час, а на спаборніцтвах лік ідзе на секунды, — дзеліцца Мікалай. — Што датычыцца трэніровак людзей, то тут усё залежыць ад таго, у якой катэгорыі ты выступаеш: калі выбіраеш байкджорынг, значыць, трэба трэніравацца на ровары, зрабіць так, каб ён пад табой проста лётаў. Гэта асобныя трэніроўкі на пракачку ног, добрая агульная фізічная форма, цягавітасць і гэтак далей. За мяжой часта вядомыя спартсмены — марафонцы, бегуны, біятланісты, лыжнікі — пасля завяршэння кар'еры пераходзяць менавіта ў ездавы спорт.

Прадугледзець трэніроўкамі ўсё, вядома, немагчыма. Сабака можа даць збой нават на дыстанцыі.

— Калі мы з Оцісам і Мілай беглі свае першыя 36 км, на восьмым з іх Оціс проста спыніўся. Яму забалела лапа — артроз. Метраў 800 я нёс яго на руках, Міла працавала ў адзіночку. На першым чэк-пойнце давялося спыніцца, прывязаць Оціса да дрэва і рухацца далей. Так на пяць гадзін ён застаўся ў лесе адзін, — успамінае Мікалай.

— Сустракаюцца людзі, якія кажуць, што мы мучым сабак. На самай справе гэта, вядома, не так. Усе сабакі знаходзяцца пад наглядам ветэрынараў, праходзяць агляды перад стартамі, і найменшыя праблемы ў здароўі гадаванца прыводзяць да адхілення ад спаборніцтваў, — кажа суразмоўнік.

«Каб стаць чэмпіёнам, трэба ўкладаць сваю душу»

Ездавы спорт аб'ядноўвае больш за 5000 спартсменаў па ўсім свеце, ад ЗША і Канады да ПАР, Японіі, Паўднёвай Карэі і Аўстраліі, але адназначна назваць краіны-лідары ездавога спорту сёння немагчыма. У спрынтарскіх дысцыплінах наймацнейшыя спартсмены і сабакі «раскіданыя» па ўсёй Еўропе. На сярэдніх дыстанцыях у лідарах звычайна расіяне, для поспеху ў іх ёсць выдатныя ўмовы надвор'я і тэрыторыі. А вось калі браць спаборніцтвы на доўгія дыстанцыі, то тут звычайна перамагаюць прадстаўнікі Паўночнай Амерыкі, хоць у «разборкі» за прызы рэгулярна ўключаюцца фіны і швейцарцы.

— Прадстаўнікі Беларусі, на жаль, на п'едэстале чэмпіянатаў Еўропы і свету яшчэ не былі. Аднак і трапіць на такія турніры не так ужо проста. Для гэтага спачатку трэба атрымаць дазвол ад Міжнароднай федэрацыі ездавога спорту, а перад гэтым рэкамендацыю ад арганізацыі ў сваёй краіне, якая ўключана ў Міжнародную федэрацыю. На сённяшні дзень у Беларусі гэта ГА «Клуб Паўночных Ездавых Сабак»: мы рэгістраваліся спецыяльна для гэтых паездак, рыхтавалі каманду для чэмпіянату Еўропы ў Польшчы ў 2017 годзе.

— Каб стаць чэмпіёнам у ездавым спорце, трэба правесці вельмі вялікую работу, — кажа Мікалай Празароўскі. — Трэба ўкладаць у гэта сваю душу і сілы, а гэтага мала хто хоча. Камусьці не дазваляюць фінансы, камусьці фізічны стан сабакі, таму што ў іх ён адзін. У распараджэнні тытулаваных спартсменаў, як правіла, 3-4 сабакі, тады ёсць магчымасць выбраць найлепшага ў канкрэтны спаборніцкі момант. Шмат разоў уздымалася пытанне пра тое, каб стварыць у Беларусі гадавальнік, базу для ездавога спорту. Я ездзіў за мяжу, даведаўся, як гэта зрабіць, але прыняў рашэнне, што не буду гэтым займацца. Па-першае, вельмі затратна фінансава, па-другое, у нас не так шмат снегу, каб сабакі з гадавальніка маглі хоць штосьці зарабляць, катаючы людзей. Для імпульсу развіцця гэтага віду спорту сёння нам не хапае менавіта такога гадавальніка і добрай трэніровачнай трасы.

Акрамя вядомай «Завірухі», раней у Беларусі праходзілі этапы Кубка Балтыкі. Да нас у краіну прыязджала па 100 замежных спартсменаў, усё гэта рабілася на валанцёрскіх пачатках. Цяпер «Завірухі» ўжо няма, Кубак Балтыкі ў Беларусі не праводзіцца, аднак са стварэннем федэрацыі ездавога спорту і новага клуба «DоgRАсе» з'явілася надзея, што від спорту не толькі зноў адродзіцца, але і выйдзе на новы ўзровень.

— Міжнародным алімпійскім камітэтам гэты від спорту прызнаны даўно — раней казалі, што да 2020 года ён павінен трапіць у спіс алімпійскіх, але пакуль гэтага не адбылося.

Дар’я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Чалавек плюс сабака. Сотні кіламетраў разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.