У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра перамогу Арыны Сабаленкі на турніры ва Ухане і іншыя прыкметныя навіны выхадных.
1. Арына Сабаленка пасля перамогі на турніры ў кітайскім Ухані засталася на 14-м месцы ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Нагадаем, у суботу беларуская тэнісістка другі год запар стала пераможцай турніру ва Ухані (Кітай) з прызавым фондам 2,5 млн долараў. У суботу Арына перайграла ў фінале амерыканскую тэнісістку Элісан Рыск.
Вікторыя Азаранка, якая на мінулым тыдні не гуляла, апусцілася на 50-е месца, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 60-й пазіцыі, Вольга Гаварцова займае 201-е месца, Вера Лапко на 237-й пазіцыі.
У мужчынскім рэйтынгу Ягор Герасімаў упершыню ў кар'еры падняўся на 91-ю пазіцыю пасля выхаду ў чвэрцьфінал турніру ў кітайскім Чэнду.
2. На чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы, які завяршыўся ў Патаі, мужчынская зборная Беларусі заняла другое месца ў камандным заліку. Найлепшай мужчынскай дружынай планетарнага першынства стала зборная Кітая, трэцяе месца заняла каманда Карэі. У камандным заліку турніру сярод жанчын беларускі занялі 22-ю пазіцыю, а ў тройцы найлепшых — спартсменкі з Кітая, КНДР і ЗША.
3. Гандбалісткі жаночай зборнай Беларусі пацярпелі другое паражэнне ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2020 года. У паядынку другога тура 3-й кваліфікацыйнай групы падапечныя Томажа Чатэра прайгралі ў Мінску камандзе Славеніі — 29:31. Нагадаем, на старце турніру беларускі саступілі камандзе Германіі — 30:40. У фінальную стадыю кантынентальнага першынства трапяць па дзве найлепшыя каманды з 7 адборачных груп.
4. Адбыліся матчы 23-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Мінскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр» згулялі ўнічыю — 1:1, БАТЭ перайграў «Нёман» (Гродна) — 1:0, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) быў мацнейшы за «Гомель» — 2:0, «Мінск» буйна саступіў «Энергетык-БДУ» (Мінск) — 1:6, «Дняпро» (Магілёў) перайграў «Слуцк» — 2:0, «Славія» (Мазыр) саступіла «Гарадзеі» — 0:1, «Віцебск» узяў ачкі ў матчы з «Іслаччу» (Мінскі раён) — 2:0.
Становішча ў групе лідараў: «Дынама» (Брэст) — 58 ачкоў (23 матчы), «Шахцёр» — 54 (23), БАТЭ — 53 (22), «Дынама» (Мінск) — 44 (22), «Тарпеда-БелАЗ» — 41 (23).
Дар'я Лабажэвіч
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.