Вы тут

Лукашэнка прымае ўдзел у саміце ЕАЭС: якія прапановы хоча ўнесці Беларусь


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння прымае ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Саміт праходзіць у Ерэване ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Арменіі, піша БЕЛТА.


Лідары краін ЕАЭС правядуць перагаворы ў вузкім і пашыраным складах, у час якіх абмяркуюць пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння, фінансавай палітыкі, энергетыкі, асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці і развіццё супрацоўніцтва з трэцімі краінамі. Усяго на пасяджэнні плануецца абмеркаваць каля паўтара дзясятка пытанняў.

У саміце ЕАЭС таксама прымуць удзел Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон як кіраўнік дзяржавы - наглядальніцы ў саюзе і Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані з прэм'ер-міністрам Сінгапура Лі Сянь Лунам у якасці ганаровых гасцей.

Шэраг пытанняў, якія плануецца разгледзець на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, асабліва важныя для Беларусі. Чакаецца, што беларускі бок агучыць свае прапановы і вылучыць шэраг ініцыятыў.

Перагляд размеркавання сум мытных пошлін

Адно з важнейшых пытанняў для Беларусі на парадку дня - размеркаванне сум увазных мытных пошлін паміж дзяржавамі. Работа па пераглядзе нарматываў вядзецца з 2017 года, кожная краіна адстойвае найбольш выгадны для сябе варыянт. Гэтыя пытанні не раз абмяркоўваліся на пасяджэннях Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі, Еўразійскага міжурадавага савета і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, аднак пакуль краінам удалося толькі зблізіць падыходы да вызначэння методыкі разліку нарматываў размеркавання.

Цяпер нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін устаноўлены ў наступных памерах: Арменія - 1,22 працэнта, Беларусь - 4,56 працэнта, Казахстан - 7,055 працэнта, Кыргызстан - 1,9 працэнта, Расія - 85,265 працэнта. Яны дзейнічаюць да канца гэтага года.

Чаму Беларусь прапануе пералічыць нарматывы? Па-першае, у жніўні 2018 года перастаў дзейнічаць нарматыў для Кыргызстана, устаноўлены ў час яго далучэння да ЕАЭС. Нарматыў для яго вызначаўся без разлікаў, каб эканоміка краіны хутчэй адаптавалася да членства ў саюзе. Пазней нарматывы для Кыргызстана прадоўжылі да канца 2019 года: да гэтага тэрміну дзяржавы ЕАЭС планавалі выпрацаваць агульныя падыходы. Аднак да гэтага часу краіны не вызначыліся, за які перыяд трэба разлічваць нарматывы размеркавання мытных пошлін. Апошняе абмеркаванне адбылося 9 жніўня на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета. Партнёры Беларусі папярэдне згадзіліся павялічыць нарматыў для яе на 0,3 працэнтнага пункта - да 4,86 працэнта. У такім выпадку даходы беларускага бюджэту ўзрастуць на $37 млн штогод.

Канчатковае рашэнне застанецца за кіраўнікамі дзяржаў. Калі краіны не прыйдуць да кансэнсусу, механізм размеркавання ўвазных мытных пошлін будзе дзейнічаць адносна імпарту чатырох краін ЕАЭС без удзелу Кыргызстана. Тады нарматыў для Беларусі складзе 4,65 працэнта, а даходы бюджэту павялічацца на $0,6 млн.

Устараненне выключэнняў і абмежаванняў у ЕАЭС

Усяго ў Еўразійскім эканамічным саюзе зафіксавана 52 выключэнні і абмежаванні. Беларусь змагаецца з імі ўжо не адзін год, аднак, нягледзячы на прынятую дарожную карту, удалося ўстараніць толькі адно выключэнне. Акрамя таго, расце колькасць бар'ераў - іх ужо 19.

Сёння на саміце кіраўнікі дзяржаў павінны вызначыцца, дзе і калі пройдзе чарговае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Беларусь хоча ініцыіраваць разгляд на чарговым саміце адмены бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў. На яе думку, трэба правесці рэвізію выкананых і нявыкананых дамоўленасцей, дасягнутых пры падпісанні Дагавора аб ЕАЭС.

Старшынства Беларусі ў ЕАЭС

У лютым 2020 года старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе пяройдзе да Беларусі. Адначасова краіна атрымае права назначыць на чатыры гады свайго старшыню Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Яшчэ адзін кандыдат ад Беларусі атрымае па квоце міністэрскую пасаду ў ЕЭК. Хто зойме гэтыя пасады і за што канкрэтна будзе адказваць беларускі міністр у Еўразійскай эканамічнай камісіі, пакуль невядома.

Цяпер ад Беларусі ў Калегіі ЕЭК працуюць міністр па прамысловасці і АПК Аляксандр Субоцін і міністр па тэхнічным рэгуляванні Віктар Назаранка.

Адной з самых важных пасад у камісіі лічыцца пазіцыя міністра па гандлі: у яго дастаткова паўнамоцтваў, каб уздзейнічаць на гандаль краін ЕАЭС. Цяпер гэту пасаду займае расійская чыноўніца Вераніка Нікішына. Цалкам магчыма, што Беларусь і Расія змогуць абмяняцца квотнымі пасадамі.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.