Што было — было. Адзін гаспадар вельмі доўга планаваў, збіраўся, рыхтаваўся да рамонту ў кватэры. Але ж вось, нарэшце, купіў матэрыялы, на сярэдзіну пакоя сцягаў мэблю, усё панакрываў, а сам — з бляшанкай фарбы — залез на драбінку і столь фарбуе. Ды так жа акуратна, старанна... Жонка — не налюбуецца! Кажа: «Бачыш, сынок, які наш татка малайчына! Вучыся! Калі падрасцеш, дапамагаць яму будзеш!» — «А ён, што, сам да таго часу не ўправіцца?» — з насцярогай пытае малы.
Трэба разумець, нават ён здагадваецца, за якую складаную справу ўзяўся ягоны бацечка!
Што да чытачоў «Звязды», то яны гэтым разам строілі здагадкі пра «цётачку». Можна яшчэ раз глянуць на яе — гаротніцу — ды згадзіцца са спадаром Гаўрышам з Чавусаў: хто рамонтам не займаўся, той гора не ведаў. Вось і гэта бландзінка, маўляў, распачала яго, улезла ў нерат, а што далей...
Вершаваным радком гэта апісана так:
Не мела дзеўка клопату,
Прадаўшы парася,
Ў малярства (ды без вопыту)
Заглыбілася ўся...
Сядзіць цяпер — гаруе:
— Ну дзе ж былі мазгі?!
І сцен не дафарбую,
І як аддаць даўгі?!
Праблемы? Так. І каб толькі гэтыя, а то ж, паводле спадара Гаўрыша,
Пачала рамонт кватэры, —
Мігам зніклі кавалеры...
Ты ж —
як хочаш:
клей шпалеры,
Столь бялі
і вешай дзверы,
Мяняй плітку, унітаз...
Ці хаця б —
не засмучайся:
У аб'явы ўчытайся:
Можа, прыйдзе...
муж на час?
Ёсць, ёсць такая паслуга! І прапаноў — шмат: дастаткова пазваніць, і мігам знойдуцца, прыйдуць дабравольцы: люстры, карнізы, карціны павесяць, краны паправяць, мэблю збяруць... Часам (за вашы грошы) нават з'ездзяць на лецішча: ускапаюць грады, скосяць газоны, паправяць платы...
Ну і з рамонтам, відаць, дапамогуць. Галоўнае — не памыліцца, не замахнуцца на нешта іншае, а то...
Праўдзівая, трэба разумець, гісторыя: адзін стары халасцяк у газеце абвестку ўбачыў — «Жонка на час» і...
Проса сніцца галоднай курыцы — усё зразумеў па-свойму: набраўся смеласці, пазваніў. «Для якіх патрэб выклікаеце?» — папыталіся ў яго з таго канца проваду (і голас такі ж прыемны, малады...). «Хачу парадак у сябе навесці, — не разгубіся халасцяк. — Пажадана ўвечары». Яму ў адказ — парадак дык парадак, вечарам дык вечарам. Дамовіліся, калі канкрэтна... Ён торт купіў, кветкі, шампанскае — усё, карацей, як належыць, як у кніжках чытаў, як у серыялах бачыў...
У прызначаны час — званок у дзверы. Ён, узрушаны, адчыняе. А там — сімпатычная бабулька з вядром і швабрай. Кажа: «Ну, дзе тут што прыбіраць?»
Прыйшлося паказаць і пачак цыгарэт на балконе скурыць, пакуль «госця» гаспадарыла. Глянуў потым, што атрымалася, — не пазнаў бярлогу!... А таму не проста заплаціў, а яшчэ і прэмію той «жонцы» выпісаў — у выглядзе торта.
Бабуля ўдзячная была. Сказала на адыход: «Жонку табе трэба, сынок».
Ну, «сынкам» (то-бок мужчынам) з гэтым, кажуць, прасцей: яны жэняцца, калі захочуць, а вось «дачушкам» — горш, бо замуж ідуць, калі клічуць-бяруць. А значыць,
Здымак —
тэст для жаніхоў.
Бізнес-лэдзі?
Ёсць «улоў»!
А рабочая апратка
І — на жаль —
Не ўсё так гладка.
Лічыць спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны. І, відаць, мае рацыю: адна бландзінка — няма ахвотных падсесці...
Чаму так адбываецца, ведае спадар Мікалай Старых з Гомеля: «У сярэдзіне мінулага стагоддзя пра Яго Вялікасць рабочы клас (я без іроніі, зазначае аўтар) паказвалі шмат добрых фільмаў: «Вышыня», «Вялікі перапынак», «Вясна на Зарэчнай вуліцы»... На слыху былі песні «А мы монтажники-высотники», «Уральская рябинушка»
(«...Справа кудри токаря, слева — кузнеца...»), нават Мікалай Слічэнка спяваў пра маляра... А цяпер, апроч «шофёра-дальнобойщика», і прыгадаць няма чаго. Можа, таму і па́дае прэстыж рабочых прафесій, можа, таму і...
Маляра, красуню Леру,
Пакідаюць кавалеры.
Канстанцін пайшоў
да Танькі,
Бо яна працуе ў банку.
Павел —
у дакторкі Томы
(Тая носіць
спірт дадому).
Не злажылася
й з Антосем, —
Паху фарбы
не выносіць.
Гора ў дзеўкі! Няёмка ёй, што мае такую прафесію, схавала, бач, твар. Хоць сама ж ва ўсім вінавата, як лічыць спадар Мікола Кісель з Мінска:
На танцулькі бегла
Заміж навучання
І на сэрца легла
Ранняе каханне.
Зараз — клей,
шпаклёўка,
Як празнае маці...
Мілая галоўка,
Дай цябе абняці!
Бо шкада. Яшчэ і таму...
Кароткі, але ж досыць дакладны подпіс ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:
Атруцілі дзеўку
Фарбай ды пабелкай.
А маглі і не толькі...
Праўдзівая гісторыя ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Працавала аж да поту,
Парабіла ўсю работу,
Часам —
цераз «не магу»...
Ды заказчык
быў нягожы,
Усё крывіўся:
непрыгожа...
А ўрэшце —
абдурыў:
Як найменей заплаціў!
Ну, ці не падлюка?!
«Гэты конкурсны здымак, — ужо прозай дадае шаноўная аўтарка, — нагадаў мне адну сямейную пару. Немаведама якім чынам, але ў смутныя часы яна ўзбілася на грошы, стала будаваць сабе дом. І гаспадар у гэтых работах хоць трохі ды разбіраўся, а вось жонка яго і сама не ведала, чаго хоча: каб найлепей! Каб «як ні ў кога!» Сцены, хвалілася, аж шэсць разоў фарбавалі!»
Адкуль:
Распышэлі
Тома
з Грышам:
Мы сягоння
нуварышы,
Трэба нам
такі палац,
Што не мела
нават знаць...
І муштруюць
рабацяг:
Тут не гэтак,
там не так.
Заганялі —
да знямогі:
Не дай божа
свінням рогі!
Бо іх, «рагатых», як той казаў, хлебам не кармі, — дай «крыві папіць», дай некага падмануць, зняважыць...
Расказвалі, адзін вось такі пад канец рабочага дня на аб'екце з'явіўся. Бачыць: на гадзінніку яшчэ 20 хвілін працаваць, а маляры ўжо рыштунак збіраюць. «Як так?.. Чаму рана?!» — крычыць на ўсю глотку. «Дык трэба інструмент памыць, — адказвае нехта, — падлогу падмесці, смецце выкінуць...» — «І на гэта — 20 хвілін?! Я за мінуту дамоў збіраюся!» Маляры ў адказ: «Што вам збіраць? Рот закрыў ды пайшоў».
А раніцай — трэба разумець — адкрыў... І пытанне (на думку спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка) тут толькі ў адным: своечасова, ці не, бо
Калі майстар
затрымаўся,
Люд рабочы...
адаспаўся:
Тут, дарэчы, як нідзе:
Спіць маляр,
а «служба» йдзе.
Кажаце, для сну не камфортнае месца? Ды як паглядзець?
Напрацуецца жанчынка,
Дык і лаўка, як пярынка:
Села трошкі адпачыць,
А тым часам —
ужо й спіць,
Можа, нават сон нейкі ўбачыць... І спадарыня Гудачкова здагадваецца, які:
Прысніцца ёй
не рокат касмадрома,
А... счахлая трава —
(і сёння зноў?!).
У зелень
яе красіць ім па новай,
Бо едуць
правяральшчыкі
з «вярхоў».
Ну, што рабіць — традыцыя: не факт, што з найсвятлейшага князя Пацёмкіна яна пачалася, і вельмі мала надзей, што пры жыцці нашым скончыцца... Як, на жаль, і вось гэта (з «падачы» спадара Касмачэўскага):
Муж званіў
з камандзіроўкі,
Што купіў сабе абноўкі...
Ёй жа
трэба столь бяліць,
А галовачка —
баліць:
Для каго
ён там прыбраўся?
Мо, крый божа,
закахаўся?
Што ён есць?
Дзе ляжа спаць?
Як дадому прычакаць?!
І не кажы, кума! Бо вельмі шмат хто без слоў усё зразумее: вунь колькі нашых мужчын (ды і жанчын) у розныя камандзіроўкі ездзяць. Нехта — на дзень ці на тыдзень, а некага — па паўгода дома няма. Як тут не хвалявацца? (Адна бландзінка другой: «Ты ўяўляеш, я нядаўна дазналася, што ў майго мужа палюбоўніца ёсць, што ён мне здраджвае... Як ты думаеш, яму пра гэта сказаць?» Другая ў адказ: «А навошта?
Я думаю, ён і сам гэта ведае».)
А веды і сапраўды — сіла. Сваімі, трохі сумнымі, пра лёс нашай дзяўчыны — з ахвотай падзяліўся спадар Валерый Гаўрыш:
Як вавёрка ў дзікім коле
Усё па крузе...
Болей, болей:
Там катэдж
пафарбаваць
Там фазэнду
тынкаваць...
І ў сям'і на пабягушках,
Нібы тая Папялушка...
Застаюцца недзе
ў марах
Нарач, Браслаў
ці Канары.
Дык мо і сапраўды варта запаволіць свой бег, а то і зусім (парада спадарыні Гудачковай)... спыніцца?
Фарбы
скончыліся...
Гальцы
Пасядзець бы
дзе на лаўцы:
Краявіды,
без запросін,
Размалюе
фея восень.
Яна, згадзіцеся, гэта можа... і робіць! Прычым так... Ні адзін маляр не дакажа, хоць (на думку сужэнцаў Астроўскіх з Мінска) многія і стараюцца:
Маляроў
у нас шануюць,
Справы іх —
навідавоку:
Папрацуюць, пафарбуюць, —
Прыгажосць!..
Відаць здалёку!
З таго ж канверта (і па-за-межамі конкурсу, бо гэта хутчэй думкі з нагоды, а не подпіс да здымка) балючае:
Беларуссю
ганарымся —
Прыгажосцю, чысцінёй...
А спытайцеся
ў Марысі, —
Яна скажа:
«Бог ты мой!
Падмятаю,
смецця — кучы
Пасля ночы
скрозь ляжаць...
Як прымусіць?
Хто навучыць
За сабою прыбіраць?
Колькі ж
трэба пакаленняў?
І якіх кіраўнікоў,
Каб ачнулася сумленне,
Каб змяніць,
як кажуць, кроў?..»
Складаныя пытанні, і пра адказы на іх мы падумаем заўтра. Сёння ж — «кропачка», ад сужэнцаў Астроўскіх:
Што маляр
на лаўцы робіць,
Знаць, вядома ж,
не зашкодзіць....
А вось вёдры,
што мы бачым,
Вельмі зручныя на дачы.
Хто б спрачаўся, — мы не будзем: завершаны там чарговы сельскагаспадарчы сезон, сабраны ўраджай, падведзены вынікі.
Фота Анатоля Клешчука.
Вось і мы пра іх. Такім чынам, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі да мінулага здымка (на ім — гл. нумар «Звязды» за 21 жніўня — быў малады чалавек у трусах і процівагазе), склалі спадары Іван Сіманёнак з Паставаў, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Віктар Сабалеўскі з Узды, Мікола Кісель і сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў і Любоў Чыгрынава... Яе крылатае:
Не пабіла грады
градам,
Не пужаў
нажом бандыт...
Ясь застаўся
з голым задам
Праз даляравы крэдыт
набрала максімальную колькасць балаў. А значыць, маленькаму рэдакцыйнаму журы нічога не заставалася, як пагадзіцца і прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету на першы квартал наступнага 2020 года пакінуць у Мінску.
...Хочаце, каб «Звязда» пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас? Тады варыянтаў два: альбо афармляйце падпіску (можна — на месяц, на два...), альбо ўважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, складайце подпісы — кароткія (не больш за восем радкоў), трапныя, дасціпныя — і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на перамогу мае кожны!
Валянціна ДОЎНАР
Спрошчаным парадкам могуць скарыстацца каля 35 тысяч уладальнікаў такіх будынкаў.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.