Штогод у мінскім гарадскім цэнтры колапракталогіі, што дзейнічае на базе 2-й клінічнай бальніцы (дарэчы, найстарэйшай медыцынскай установай сталіцы, якая гэтымі днямі святкуе сваё 220-годдзе) выконваецца каля 1,5 тысячы аперацый для пацыентаў з кішэчнымі паталогіямі. У іх ліку — каля 100 рэканструкцыйна-аднаўленчых аперацый, каля 200 — на прамой кішцы. Пры гэтым, нягледзячы на вялікую колькасць хірургічных умяшанняў з мэтай аднавіць кішэчнік, спецыялісты кажуць, што колькасць пацыентаў са стомамі не змяншаецца.
Практалагічныя хваробы: ні ўзрост, ні пол не перашкода
Іх на ўліку каля 1200. Тлумачыцца гэта павелічэннем колькасці анкалагічных пацыентаў, а таксама людзей з хранічнымі запаленчымі захворваннямі кішэчніка, якія патрабуюць этапных аперацый, першая з якіх — устаноўка стомы.
Пацыенты цэнтра колапракталогіі — людзі самых розных узростаў. Ёсць і 18-гадовыя маладыя людзі — як правіла, гэта той, хто меў прыроджаныя паталогіі кішэчніка і спачатку аперыраваўся ў дзіцячых цэнтрах, а затым перайшоў у дарослы. Але іх няшмат. Куды больш дастаткова маладых пацыентаў, якія маюць запаленчыя хваробы кішэчніка, што развіваюцца ў маладым узросце.
— Гэта вельмі цяжкая група пацыентаў — людзі з язвавым калітам, хваробай Крона. Яны назіраюцца і лечацца пераважна ў гастраэнтэролагаў, але з кожным годам, на жаль, назіраецца такая тэндэнцыя, калі да аператыўнага ўмяшання звяртацца прыходзіцца часцей, — кажа загадчык колапракталагічнага аддзялення, кандыдат медыцынскіх навук Франц Высоцкі.
Экстранных анкалагічных пацыентаў (з крывацёкамі) таксама аперыруюць у цэнтры. Толькі ў выпадку калі крывацёк удалося спыніць, іх пераводзяць у анкадыспансер для камбінаванага лячэння, калі аперацыі папярэднічае прамянёвая тэрапія. Дарэчы, каланаскапію, як адзін з галоўных метадаў дыягностыкі, які дазваляе пазбегнуць у будучым коларэктальнага раку, Франц Высоцкі раіць рабіць пасля 50 гадоў.
— Калі ў сям'і няма коларэктальнага раку ў анамнезе, то выконваць каланаскапію рэкамендуецца пасля 50 гадоў. Калі ў кагосьці з блізкіх адзначаны эпізод коларэктальнага раку, то пярвічную каланаскапію варта рабіць значна раней — у 40 гадоў. Але часам мы бачым выпадкі анкалогіі ў 30 гадоў. Гэта крайне рэдкія выпадкі. Тут многае залежыць ад клінічнай карціны: калі ёсць крывацёкі, болі, то каланаскапія можа прызначацца і раней.
І мужчыны, і жанчыны аднолькава часта хварэюць на практалагічныя хваробы. У цэнтры вядзецца кансультацыйны прыём, трапіць да ўрача могуць не толькі жыхары Мінска, але і іншых гарадоў. Прайсці лячэнне ў стацыянары іншагароднім таксама можна — на пазабюджэтнай аснове.
Сёння тут развіваюць і лапараскапічныя метады коларэктальнай хірургіі. Наша краіна, дзе такія тэхналогіі пачалі масава ўкараняцца з 2015 года, пакуль адстае ад суседніх краін — Расіі і Польшчы. Першыя такія аперацыі пачалі выконваць у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, за чатыры гады іх зроблена каля 130. Маецца аналагічны вопыт і ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. З мінулага года магчымасць зрабіць лапараскапічную аперацыю з'явілася і ў практалагічным аддзяленні 2-й клінічнай бальніцы. Пакуль тут выконваецца ўсяго адна лапараскапічная коларэктальная аперацыя на тыдзень. І для далейшага развіцця гэтага кірунку клініцы патрабуецца дадатковае аснашчэнне лапараскапічнымі стойкамі, сшывальнымі апаратамі і іншым. Зараз для аддзялення плануецца закупіць дадатковую лапараскапічную стойку. Гэта дазволіць павялічыць колькасць такіх аперацый да 2—3 на тыдзень.
— Гэта перспектыўны кірунак. Ён не танны на этапе аперацыі, але такія пацыенты хутчэй выпісваюцца са стацыянара, менш знаходзяцца на бальнічным, у іх менш рызыкі ўзнікнення ўскладненняў, яны не патрабуюць вялікай колькасці абязбольвання, і ў рэшце рэшт лапараскапічны метад сябе апраўдвае, — кажа Франц Высоцкі.
Лапараскапічныя аперацыі лягчэй пераносяцца пацыентам, а вось для хірурга больш затратныя: калі адкрытае хірургічнае ўмяшанне доўжыцца каля чатырох гадзін, то лапараскапічнае — 6—7. У коларэктальнай хірургіі лапараскапічныя аперацыі выконваюцца пацыентам з дывертыкулярнай хваробай тоўстай кішкі і яе злаякаснымі і дабраякаснымі (паліпы) пухлінамі, выпадзеннем прамой кішкі.
Пасля 75 гадоў кожны 10-ы мае парушэнні рытму сэрца
На базе 2-й клінічнай бальніцы дзейнічае і Гарадскі кардыялагічны цэнтр. Колькасць пацыентаў за апошнія 10 гадоў тут павялічылася ў 1,5 раза. Спецыялісты гэта звязваюць і з падаўжэннем працягласці жыцця, і з развіццём тэхналогій, у тым ліку дыягнастычных. Пры гэтым смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў па-ранейшаму знаходзіцца ў нашай краіне на першым месцы і займае ў структуры 59 %. У Мінску гэта лічба складае 560 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, у катэгорыі працаздольных — 95 на 100 тысяч насельніцтва.
— Наш пацыент — узроставы, яго стан нярэдка ўскладнены наяўнасцю неўралагічных, гастраэнтэралагічных, пульманалагічных і іншых паталогій, — кажа намеснік галоўнага ўрача па кардыялогіі 2-й гарадской клінічнай бальніцы, кіраўнік гарадскога кардыялагічнага цэнтра Раіса Чэчко. — Сярэдні ўзрост нашых хворых — 76 гадоў, пры гэтым сярэдні ўзрост жанчын — 82 гады.
На базе 2-й клінічнай бальніцы маецца тры кардыялагічныя аддзяленні: для лячэння вострага каранарнага сіндрому (інфаркту міякарда), хранічнай сардэчнай недастатковасці, складанага парушэння рытму. Працуе два ангіяграфічныя кабінеты, у тым ліку развіваецца эндаваскулярная арытмалогія, павялічваецца колькасць умяшанняў з устаноўкай кардыястымулятараў.
— Гэта важны кірунак, бо пасля 75 гадоў кожны 10-ы пацыент мае парушэнні рытму сэрца, — кажа Раіса Чэчко. — Павялічваем і колькасць аперацый па радыёчастотнай аблацыі.
Алена Кравец
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.