Вы тут

Адзначыць 883-годдзе Крычава з'ехалася больш за 30 майстроў


Старажытнаславянскі вершнік, які сядзіць на істоце, што нагадвае напалову качку, напалову каня, стаў галоўным героем ІV Міжрэгіянальнага фестывалю-конкурсу народнай творчасці, які ўжо чацвёрты раз прайшоў на крычаўскай зямлі. Мастацтва адраджэння панямонскай глінянай цацкі агорнута таямнічымі павер'ямі і мае шмат прыхільнікаў. Паказаць сваё ўменне ў творчых спаборніцтвах і адзначыць 883-годдзе Крычава з'ехалася больш за 30 майстроў з Магілёва, Клімавіч, Чавус, расійскага Рослаўля і, вядома, мясцовых рамеснікаў.


Качка — сімвал ночы, конь — сонца

Знайсці прыгажосць у мінулым, зразумець яго таямнічасць, адрадзіць у сучаснасці традыцыі — справа цяжкая, але захапляльная, упэўнены майстры. Яны ўдзельнічаюць у падобных святах не дзеля перамог ці тытулаў, а перш за ўсё таму, што не ўяўляюць сябе і свайго жыцця без творчасці, без натхнення на вобразы, якімі яны перадаюць любоў да радзімы і сусвету, дораць дабрыню праз цяпло жывога матэрыялу — гліны.

Ідэйны натхняльнік фестывалю, дзякуючы якому Крычаў атрымаў самабытны брэнд, народны майстар Беларусі Вячаслаў ЯКАВЕНКА, займаецца адраджэннем падняпроўскай цацкі не адзін дзясятак гадоў. На свяце ён завіхаецца ў некалькіх ролях: і распарадчык, і суддзя конкурсу, і ўдзельнік выстаўкі. Аднак бачыць, што справа твая працягваецца ў юных майстрах, а фестываль з кожным годам набірае абароты, — кажа ён.

— На нашым фестывалі па лепцы з гліны можна было ляпіць што заўгодна: свістульку, фігурку, любы дэкаратыўны выраб, — акрэслівае майстар. — Большасць канкурсантаў ляпіла ўсё ж, канешне, канька. Прычым кожны ўяўляў яго сабе па-рознаму. Адметнасць менавіта крычаўскай качкі-каня ў тым, што яна мае галаву
каня і тулава качкі. Качка — сімвал ночы і мацярынства — ахоўвала чалавека ў цемры, а конь — сімвал сонца, любові і ўрадлівасці — у светлы час.

— Ацэньвалі ў першую чаргу якасць і цікавае афармленне фігуркі. А калі гэта свістулька, яна павінна абавязкова «заспяваць». На прысутнасць у вырабе народных традыцый мясцовасці, адкуль паходзіць удзельнік конкурсу, таксама звяртаем увагу, — тлумачыць Любоў ЯШЧАНКА, член беларускага саюза майстроў народнай творчасці, якая ўжо дваццаць гадоў займаецца гліняным рамяством разам з Вячаславам Мікалаевічам і столькі ж ідзе з ім поруч як другая палова. — Часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў творчасці і ў цацках тое, што больш цэніцца. А ў гаспадарцы гэта быў перш за ўсё конь. Ён і зямлю арэ, і грузы перавозіць, без яго як без рук. Перад канём і даўней людзі схіляліся, і цяперашняя дзятва як зачараваная на яго пазірае. Гэта асаблівая жывёла.

Прафесія і хобі

Удзельнікаў конкурсу падзялілі на дзве катэгорыі: дарослых і дзяцей. Трэба адзначыць, што нешта тлумачылі і падказвалі ўдзельнікам арганізатары бадай што аднолькава.

12-гадовы Кірыл, напрыклад, лепіць каня. Хлопчык кажа, што ён самавучка. «Мая цётка мастачка, і я вучуся ў яе». А вушкі і грыву да каня Кірылу дапамагае рабіць 10-гадовая Вераніка. Яна гаворыць, што лепкай сур'ёзна не займаецца, аднак любіць крыху паляпіць з пластыліну розныя фігуркі. «У мяне атрымліваецца, люблю паляпіць, калі ідэі з'яўляюцца», — кажа яна, робячы грыву на будучай свістульцы ў вобразе каня. Таня побач лепіць плоскую фігурку пеўня.

А вось Ілья Кавалькоў, выхаванец дзіцячай народнай студыі «Свістулька», які стварае на конкурсе выраб у вобразе «вершніка на качцы». Побач Стас лепіць звычайнага каня. Абодва 13-гадовыя хлопцы родам з Крычава і займаюцца ў студыі Вячаслава Якавенкі тры гады.

— Ужо столькі зрабіў свістулек, што і падлічыць не магу. Нешта пакідаю сабе, штосьці прадаецца, сябрам падарункі раблю, — кажа Ілья.

Ён ужо вызначыўся, што стане прафесійным майстрам і прысвеціць жыццё панямонскай цаццы. Тым больш што ўжо цяпер, падлеткам, ён удзельнічае ў разнастайных імпрэзах рамеснікаў самастойна, а на сёлетнім «каньку» атрымаў гран-пры.

Стас жа кажа, што для яго лепка — цікавае і прыемнае хобі, ды і пальцы становяцца праз гэта мацнейшыя ды больш лоўкія.

Сава, падкова, кот, хатнік...

Гран-пры конкурсу сярод дарослых удзельнікаў узялі выкладчыцы чавускай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў і мастацкіх рамёстваў Надзея Ярмак і Дар'я Шамбурава. Надзея рабіла каня, а Дар'я — чалавечка-хатніка, абодва вырабы яшчэ і свістулькі. У пацвярджэнне Дар'я паказвае, які гук атрымаўся ў яе фігуркі.

— Мы ў школе выкладаем па прадметах усё — лепку, малюнак, жывапіс, кампазіцыю. Хоць найбольш дзеці ў нас любяць менавіта лепку, — кажа Надзея. — Усяго займаецца 117 дзетак.

— На вёску таксама прыязджаем. У Каменцы, напрыклад, да нас займацца ледзьве не ўся школа прыходзіць, — дадае Дар'я.

Першае месца ў дарослай катэгорыі заняў клімавіцкі дом рамёстваў у асобах Таццяны Сапажковай і Людмілы Крыўцовай. А другое падзялілі паміж сабой Вікторыя Сотнікава з агульна-адукацыйнага цэнтра «Паўднёвы» ў Рослаўлі і Сяргей Масіха, які займаецца ў народнай студыі «Добрасць» у Крычаве.

Вікторыя расказала, што на фестывалі ляпіла саву як сімвал мудрасці.

— Я актыўна займалася фатаграфіяй, пасля перайшла на гліну, таму што працую з дзецьмі ў інтэрнаце і мы займаемся лепкай. Мне вельмі цікава даведацца ад беларускіх майстроў, як рабіць свістулькі.

Яе сын, дзевяцігадовы Саша, ужо другі раз удзельнічае ў крычаўскім конкурсе і кажа, што і маляваць, і ляпіць яму падабаецца. «Я люблю коней, але яны не вельмі ў мяне атрымліваюцца, таму ляпіў ката і птушку». За іх хлопчык і атрымаў другое месца ў дзіцячай катэгорыі.

— А якія ён танкі з пластыліну робіць! Нават цэлыя баталіі разыгрывае з падзелак уласных, — ганарліва дадае яго дзядуля, Міхаіл Сотнікаў, кіраўнік выяўленчай студыі «Палітра», дзе выкладае больш за 25 гадоў. — А я ляпіў падкову з канём унутры як сімвал шчасця. Хоць лепка для мяне як дапаўненне да маёй творчасці, якому вучылі ў інстытуце. Я найперш жывапісец.

Так што на свяце ў расіян атрымаўся сапраўдны сямейны творчы падрад.

Птушка шчасця

Творы рамеснікаў таксама здзіўлялі багаццем вырабаў з гукамі, сэнсам ці практычным прымяненнем. Гліняныя коцікі, конікі, рыбы, чарапахі, птушкі, авечкі, разнастайныя збаночкі, падсвечнікі, званочкі, кубачкі, пано на сцяну... Усё гэта можна было памацаць, разгледзець, набыць. Кожная свістулька, дарэчы, цудоўна імітуе голас той істоты, у выглядзе якой зроблена.

А некаторыя рэчы тут маюць сакральны сэнс. Любоў Яшчанка, прынамсі, робіць не толькі канькоў, але і гліняных соў, якія дапамагаюць людзям у іх жаданнях, вядома, калі ў гэта шчыра верыць. Не адзін пакупнік ужо вяртаўся да майстрыхі з падзякай і расказам, як змяніла іх жыццё птушка.

На фестывалі ж ніводнай савы навідавоку не было, і я вырашыла, што для маёй яшчэ таксама не час... Пакуль Любоў Міхайлаўна не дастала з каробкі саву-свістульку. Што яна мая, я адчула разам з нечаканым цяплом, калі майстрыха загаварыла саву на шчасце проста ў маёй руцэ. Вера — гэта вялікая моц, варта памятаць пра гэта, вагаючыся, ці займацца любімай справай. Майстры ведаюць...

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Крычаўскі конік: свістулька, абярэг і брэнд горада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».