Вы тут

Унікальныя пейзажы Беларусі і панарамы Мінска на фотаздымках Анатоля Дрыбаса


Фотамастацтва — працэс, пра які цікава разважаць, які важна асэнсоўваць. У нашы дні, калі фатаграфія стала масавай, вельмі важна не згубіць яе якасны і мастацкі складнік і зрабіць так, каб наступныя пакаленні таксама ведалі, што такое сапраўдная фатаграфія. Фотамастак Анатоль Дрыбас шмат пра гэта клапоціцца, напрацоўваючы вялікую базу фотаматэрыялаў. Нядаўна аўтару споўнілася 70 гадоў. Юбілейная дата стала нагодай да адкрыцця ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага выстаўкі «Краіна любімая мая», дзе майстар прадставіў больш чым сто сорак здымкаў, прысвечаных Мінску і ўсёй краіне. Дарэчы, праект стаў падарункам Анатоля Дрыбаса на 952-годдзе сталіцы.


Прадстаўлены праект — гэта імправізаваны шпацыр па Мінску, які адкрывае наведвальнікам новыя дэталі вялікага горада, напрыклад, раскошную ляпніну на праспекце Незалежнасці, заснежаны мост, які вядзе да плошчы Перамогі, люстэрка Свіслачы, стрэлы бізнес-цэнтраў. Фатограф дасканала ведае горад, вымераў яго крокамі ўздоўж і ўпоперак. Вывучаць Мінск для яго — любімая праца. Ён ведае, у які дзень і гадзіну зняць Галоўпаштамт, каб той атрымаўся прыгажуном, які ракурс для здымкаў Ратушы самы выйгрышны, разумее, як размясціць святлацень на панарамных здымках будынкаў Мінгарвыканкама і цэнтральнага офіса Метрапалітэна, як злавіць вясёлку каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі. Кожны кадр фотамастака — гісторыя горада, бо час пастаянна мяняе яго аблічча, захаваць якое ў сілах толькі фотаапарат.

— Галерэя Міхаіла Савіцкага — знакавае месца для любога мастака, тым больш для фатографа, бо найлепшыя выстаўкі фатаграфіі праходзяць менавіта тут, — падкрэсліў на адкрыцці праекта старшыня народнага фотаклуба «Мінск» Уладзімір Паўлаў. — Анатоль — прадукцыйны і абавязковы аўтар. Ён ніколі не спыняецца на дасягнутым. Безумоўна, ён фатограф-дакументаліст, але мастацкі складнік неад’емны ў яго творчасці. Ён умее адчуваць момант, час, колер, сітуацыю. У яго ёсць шостае пачуццё. Ён заўсёды здымае ў колеры, вельмі любіць перадаваць фарбы жыцця. Анатоль — фотамастак, па работах якога калі-небудзь будуць успамінаць сучасны Мінск.

Аўтар прафесійна займаецца фатаграфіяй з 1981 года і шмат гадоў працуе ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Работы Анатоля Дрыбаса сталі асновай дзясяткаў фотаальбомаў і кніг, прысвечаных духоўным святыням і помнікам культуры Беларусі, прыгажосці і сіле беларускай зямлі: «Хатынь», «Саломапляценне», «Мірскі замак», «Прырода захапляе», «Песнi пакiнутых вёсак»… У 2018 годзе быў выдадзены альбом «Арганы Беларусі», дзе прадстаўлена 1100 фотаздымкаў творцы, зробленых па выніках паўгадовай працы ў заходняй частцы Беларусі, дзе было знята 120 арганаў. Аднак асаблівае месца ў творчасці фатографа займае Мінск. За апошнія некалькі гадоў аўтарам быў створаны шэраг фотаальбомаў, прысвечаных гораду: «Мінск», «Мінск — сэрца Беларусі», «Вячэрні Мінск».

— Беларусь — мая радзіма, і я аддаў шмат часу вывучэнню яе прыроднай прыгажосці. Пейзажаў выдатных — неверагодная колькасць, і мне заўсёды хацелася, каб людзі іх бачылі, — расказвае Анатоль Дрыбас. — Не хачу пра сумнае, але вымушаны сказаць, што апошнія гады эстэтычнае выхаванне ў нас кульгае. Старэйшае пакаленне заўважае дэталі, вытанчанасць, а малодшае можа прайсці міма. Гэта праблема. Трэба вучыцца адчуваць прыгажосць. Я выступаю ў ролі настаўніка, але не ведаю, наколькі гэта ў мяне атрымліваецца. Я маю вялікі архіў фатаграфій Беларусі. Пейзажы, замкі, касцёлы... Усё гэта люблю і спрабую захаваць не толькі для сябе.

У фотаработах Анатоль Дрыбас апявае прыгажосць беларускай прыроды. Ён пастаянна ўдзельнічае ў пленэрах, падарожнічае па Беларусі ў любое надвор’е, асабліва любіць туман, які надае фатаграфіям загадкавасць і рамантычнасць. На выстаўцы можна ўбачыць і велічныя панарамныя пейзажы, і тонкія дэталі дзікай прыроды. Тое, што часам цяжка выказаць словамі, фатограф перадае святлом і колерам. Ад яго здымкаў зараджаюцца добрым настроем, атрымліваюць моцны энергетычны зарад. Фотапанарамы аўтара, складзеныя з многіх кадраў (часам з дванаццаці), прычым без адзінага шва, — сапраўдныя творы мастацтва, у якіх цэнтральнае месца займае параўнанне гісторыі і сучаснасці.

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. З серыі «Восень у сталіцы»

— Прыгожы кадр фарміруецца ў падсвядомасці. Бывае, ідзеш каля нейкага месца, хочацца стаяць і разглядаць. Тут жа разумееш, што знайшоў сабе новае натхненне, — расказвае аўтар. — Я не люблю фоташоп і дэталёвую апрацоўку фатаграфіі. Аддаю перавагу натуральнасці. Галоўнае — навучыцца адчуваць кампазіцыю. Гэтае ўменне дазваляе фарміраваць мастацкасць здымка. Фатограф часта залежыць ад выпадку: можна доўга думаць, што зняць, і так і не знайсці, а можна, шпацыруючы, убачыць, як ад ветру дрыжыць галінка, і злавіць аб’ектывам яе лёс. Нюанс усё вырашае.

У прафесійным партфоліа аўтара — розныя ракурсы і пейзажы, поры года. У кожнай творца шукае натхненне і навізну.

— Я люблю здымаць восень. Улетку фарбы аднолькавыя. А восенню іх становіцца шмат: дзесьці зялёны лісцік убачыш, а дзесьці — ужо і чырвоны па ветры ляціць, — тлумачыць фотамастак. — Гэта таксама па-свойму загадка прыроды, цікавая сваім каларытам, мастацкасцю. У цэлым жа ўсе чатыры станы прыроды вельмі важна не проста перадаць, а адчуць, каб глядач не сузіраў эстэтыку кадра, а адчуў сітуацыю.

Пейзажы Анатоля Дрыбаса аматары фотамастацтва называюць гучнымі. У іх спяваюць калыханку захады сонца, звіняць прамяні на лістоце і траве, ветрык шэптам падпявае невядомаму падарожніку… Менавіта так гучыць наша Беларусь, такая музыка яе пейзажаў. Выстаўка Анатоля Дрыбаса — своеасаблівы канцэрт выбраных твораў роднай зямлі, прыгожага Мінска. Але калі прыгледзецца засяроджана, паглыбіцца ў работы фотамастака, можна ўбачыць россып вершаў ці апавяданняў і нават раман аўтарства творцы.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Шостае пачуццё, альбо Імгненне ў аб’ектыве

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.