Строгая Ганна Ахматава, задуменны Сяргей Ясенін, малады Іосіф Сталін. Як зоркі мінулага стагоддзя выглядалі на фотаздымках Майсея Напельбаума?
Нацыянальны гістарычны музей Беларусі не перастае здзіўляць. На мінулым тыдні тут у межах Месяца фатаграфіі ў Мінску адбылося адкрыццё маштабнай фотавыстаўкі «Майсей Напельбаум. Партрэт эпохі», прымеркаванай да 150-годдзя з дня нараджэння выдатнага фотамайстра.
Нават калі вы ніколі не чулі гэтае імя, то яго фатаграфіі бачылі абсалютна дакладна. Яны ўпрыгожваюць падручнікі па гісторыі і фатаграфіі, многія сталі ўжо класікай. Грувасткім фотаапаратам Майсей Напельбаум ствараў партрэты як кіраўнікоў, палітычных дзеячаў, найлепшых прадстаўнікоў свету мастацтва, так і звычайных людзей. Дарэчы, сам апарат — фотакамера Acme, зробленая па спецзаказе ў Англіі, — таксама знаходзіцца ў экспазіцыі. Ёй 112 гадоў, і яна да гэтага часу тэхнічна спраўная. Менавіта гэтай камерай Напельбаум фатаграфаваў у 1918 годзе Леніна. Дарэчы, за гэты партрэт і атрымаў ад савецкай улады фотаатэлье побач з Крамлём.
Ураджэнец Мінска Майсей Напельбаум вядомы як майстар мастацкага і псіхалагічнага партрэта, фатограф савецкай культурнай і палітычнай эліты. Яго можна назваць дакументалістам эпохі. Дзякуючы яму сучаснікі могуць убачыць партрэты знакамітых пісьменнікаў і паэтаў, акцёраў, даследчыкаў, кампазітараў, палітычных дзеячаў мінулага стагоддзя. Упершыню ў Беларусі паказаны арыгінальныя здымкі творцы. Сярод іх — партрэты Ганны Ахматавай, Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Усевалада Меерхольда, Максіма Горкага, Аляксея Талстога, Дзмітрыя Шастаковіча, Барыса Пастарнака, Уладзіміра Леніна, Сямёна Будзёнага, Анатоля Луначарскага, Галіны Уланавай, Льва Ландау, Ота Шміта і многіх іншых.
Па словах куратара Кацярыны Аляксеевай, выстаўка мае характар не толькі гістарычны, але і адукацыйны. Яна дазваляе ўбачыць на ўласныя вочы асоб, якія назаўсёды залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс сусветнай культуры. Адна справа — глядзець на ілюстрацыі ў кнігах, і зусім іншая — дакрануцца да рэальнай гісторыі. Пад кожнай фатаграфіяй прыведзена біяграфія, а дзе-нідзе — і цытаты майстра з успамінам пра тое, як ён здымаў гэты партрэт. Атрымліваецца як быццам дыялог з фатографам скрозь час. Узіраюся ў фатаграфіі Ганны Ахматавай, Барыса Пастарнака, Максіма Горкага альбо Сяргея Эйзенштэйна, адразу ж выразна акрэсліваецца характар асобы. Чапляе ўнікальны здымак Сяргея Ясеніна на канапе ў гасцініцы «Англетэр» з застылай грымасай смерці на твары.
Над падрыхтоўкай выстаўкі разам з Нацыянальным гістарычным музеем плённа папрацаваў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, які прадаставіў на выстаўку цэнныя экспанаты ў выглядзе дакументаў, вокладак, фотаздымкаў.
— Выстаўка стала нагодай для нашага архіва знайсці розныя факты з жыцця Майсея Напельбаума, — расказвае намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў. — Мы знайшлі завяшчанне дзеда фатографа, дзе ён адпісвае сваякам маёмасць. Ёсць прашэнне самога Напельбаума сваякам аб адкрыцці фотастудыі ў Мінску, ёсць план пабудовы шклянога павільёна, дзе ён праводзіў доследы. Ёсць і ўласны аўтограф фотамайстра. Знайшлі пяць работ Майсея Напельбаума. Яны вылучаюцца мастацкім густам, па іх відаць, з якім захапленнем ён працаваў. Архіў не мае права перадаваць на выстаўку арыгіналы, але ж мы падрыхтавалі копіі, каб у гледачоў была магчымасць убачыць унікальныя кадры.
Імя Майсея Напельбаума цесна звязана з яўрэйскай культурай. Таму пытанне ў беларусаў «наш ці не» застаецца адкрытым ужо не адзін год.
— Мне падаецца, у нашага сучаснага абывацеля існуе меркаванне, што можна прыпісаць чалавека да пэўнай культуры. Але гэта не так правільна, — упэўнены Дзяніс Лісейчыкаў. — Пра такіх асоб, як Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка ці Майсей Напельбаум, сцвярджаць, што яны прадстаўнікі адной культуры, нельга — яны прадстаўнікі розных менталітэтаў і культур. Здымкі Напельбаума не дасягненне беларускай ці яўрэйскай культуры — дасягненне сусветнай цывілізацыі. Для мяне Майсей Напельбаум — знакаміты мінчанін.
На выстаўцы прадстаўлены арыгіналы фатаграфій з прыватных калекцый, Маскоўскага інстытута фатаграфіі і Borodulin Соllection. Экспазіцыю можна будзе ўбачыць у гістарычным музеі Мінска да 15 кастрычніка, а далей выстаўка адправіцца ў Цюрых і Санкт-Пецярбург.
Вікторыя АСКЕРА
На прасторах яе вялікасці кнігі.