Вы тут

Чарнобыльская зона адчужэння вачыма нямецкага мастака


Сёлета Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў падышоў да адкрыцця новага сезона нестандартна. Замест яркага, у пэўным сэнсе забаўляльнага праекта НЦСМ падрыхтаваў выстаўку з акцэнтам на сур’ёзную праблематыку. Жывапісны праект «Палеская элегія. Страчаная зямля» раскрывае чарнобыльскую тэму вачыма нямецкага мастака Германа Буса.


Пачынаючы з 2015 года Герман Бус здзейсніў некалькі паездак у зону адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Тут мастак убачыў не катастрафічны сцэнар канца свету, а ціхую ўрачыстасць спустошанасці, што працягвае існаваць і без чалавека, якому тут больш няма месца. На палотнах майстра — прыгажосць і цішыня беларускай зямлі ў чарнобыльскай зоне: з фатаграфічнай дакладнасцю паказаны палескія вёскі, якія застаюцца без жыхароў ужо больш чым тры дзясяткі гадоў.

Мастак прыходзіць да высновы: тое, што называецца «разбурэннем навакольнага асяроддзя», на самай справе — знішчэнне ўсяго чалавечага, прырода ж працягвае жыць сваім жыццём. «Палеская элегія» пераносіць нас у шырокую прастору, зусім мала вядомую нам самім, беларусам. Цэнтральная тэма, з якой працуе Герман Бус, — разбурэнне некалі гарманічнага сінтэзу паміж людзьмі, архітэктурай і прыродай.

Малюючы пакінутыя беларускія дамы, дарогі, Герман Бус даводзіць гэтую рэальнасць да ілюзорнасці. У буйнафарматных малюнках ландшафтаў любая дэталь становіцца знакам. Найважнейшым з такіх знакаў для творцы з’яўляецца сіняя ці ярка-блакітная фарба — тая самая, якой у Беларусі фарбуюць старыя крыжы і агароджы на магілах, драўляныя дамы і платы. Апошнія сляды чалавека ў зоне адчужэння адзначаны менавіта такімі фарбамі.

— У гэтым праекце людзі павінны адчуць сімпатыю. Прыгажосць трансфармавалася, — упэўнены мастак. — Але гэтыя мясціны былі і застаюцца прыгожымі, нават у занядбаным выглядзе. Для мяне гэта вялікая прыгода. Я ўпершыню апынуўся далёка ад узбярэжжа. Але гэта не апошні мой візіт у вашу краіну. Я атрымаў эмацыянальны кантакт з пейзажамі, якія ўбачыў.

«Палеская элегія» — падарожжа нямецкага мастака ў іншы для яго пейзаж, у іншую культуру, пра якія мы таксама зможам больш даведацца дзякуючы погляду звонку. Работы Германа Буса — паглыбленне ў абсалютна незвычайны свет. І справа нават не ў архітэктуры альбо ў самой спустошанай зямлі, а ва ўспрыманні аўтара і спробе паказаць чарнобыльскую зону з іншага — нязвыклага боку.

— Работы, якія мы прадстаўляем на выстаўцы, створаны мастаком пасля наведвання зоны адчужэння Беларусі і асэнсавання глыбіні падзей, якія там адбыліся, — расказвае намеснік дырэктара па творчай Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў рабоце Алеся Іназемцава. — Уявіце толькі: на карцінах адлюстравана трагедыя праз тры дзесяцігоддзі вачыма чалавека іншай культуры, які ўпершыню патрапіў на пацярпелую зямлю. І яго ўразіла, абудзіла тое, што ён убачыў. Яму захацелася расказаць пра гэта ўсяму свету. Першы раз Герман Бус прыехаў да нас як валанцёр і, пабываўшы ў зоне адчужэння, быў захоплены прыгажосцю Палескай зямлі, Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай абласцей. А другі раз мастак вярнуўся ў Беларусь мэтанакіравана — ездзіў і вывучаў пакінутыя вёскі. У некаторых з іх засталіся жыхары, якіх ён таксама ўвасобіў на сваіх работах. З аднаго боку, атрымаліся сацыяльныя работы, а з другога — выдатны рэалістычны жывапіс.

Выстаўка ў НЦСМ працягнецца да канца верасня. Праект рэалізаваны сумесна евангелісцка-лютэранскай царквой Гановера і Гомельскім абласным дабрачынным фондам «Здароўе дзяцей».

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Падарожжа ў «іншы» пейзаж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».