Вы тут

Фестываль «Белая вежа» ўразіў нестандартнымі пастаноўкамі


Тэатр на мяжы свабоды, нефармальнай гульні і авантурызму. Традыцыйна восенню Брэст прымае тэатральны фестываль «Белая вежа», які з кожным разам становіцца больш маштабным, тэматычна разнастайным і інтэрнацыянальным.


Геаграфія і навізна

З году ў год форум знаёміць жыхароў і гасцей горада са сцэнічнымі традыцыямі розных краін свету, дасягненнямі нацыянальнага тэатральнага мастацтва Беларусі. Уражваюць маштабы сёлетняга фестывалю. У ім узялі ўдзел драматычныя, лялечныя, пластычныя і вулічныя тэатры з 13 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Германіі, Францыі, Казахстана, Арменіі, Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Літвы. Усяго ў праграму ўвайшлі спектаклі 28 тэатральных калектываў: ад класічных камедый і драмы да мюзіклаў, ад трылераў і фантасмагорый да маляўнічых вулічных прадстаўленняў. Спектаклі былі пастаўлены як па класічных творах, напрыклад «Сымонмузыка», «Новая зямля», «Вішнёвы сад», «Вій», так і па сучасных сцэнарыях.

Паказы фестывальных пастановак адбыліся на дзевяці мовах у суправаджэнні субцітраў на рускай і прайшлі на пяці пляцоўках горада: у вялікай і малой залах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у абласным грамадска-культурным цэнтры, у Брэсцкім тэатры лялек, а таксама на плошчы Леніна. Пастаноўкі наведалі каля ста тысяч гледачоў.

Зорным госцем «Белай вежы» сёлета стаў народны артыст Расіі, кіраўнік маскоўскага тэатра «Сатырыкон» Канстанцін Райкін. У апошні дзень фестывалю на сцэне ён прадставіў паэтычны монаспектакль «Звычайныя словы» па вершах Давіда Самойлава, Восіпа Мандэльштама і іншых класікаў рускай літаратуры.

— Раз у год наш горад становіцца тэатральнай сталіцай. Мы чакаем гэтае свята, і нам прыемна, што ў час 1000-годдзя горада ў фестывалі ўзялі ўдзел многія калектывы з гарадоў-пабрацімаў Брэста, — адзначае намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк. — Я шчыра рады, што мы сутыкнуліся з такой якаснай творчасцю. Хачу сказаць словы падзякі ўдзельнікам «Белай вежы», арганізатарам тэатральнага свята за тое, што сваёй упартай працай яны пастараліся стварыць у межах фестывалю дамашнюю абстаноўку. Гэта адчувалася па запоўненых тэатральных залах і гучных апладысментах.

У гонар 1000-годдзя Брэста пры складанні праграмы фестывалю асаблівая ўвага была нададзена тэатрам з гарадоўпабрацімаў. У прыватнасці, тэатр драмы і лялек Івана Радоева з балгарскага Плевена паказаў незвычайную інсцэніроўку п’есы Чэхава «Вішнёвы сад», падчас якой гледачы размяшчаюцца на сцэне побач з артыстамі. Цюменскі драмтэатр прывёз спектакль «Ганна Франк», пастаўлены па знакамітым ва ўсім свеце дзённіку ахвяры халакосту. Адэскі абласны акадэмічны рускі драматычны тэатр паказаў камедыю-містыфікацыю «Лекі ад дэпрэсіі». У фестывальнай афішы вялікай папулярнасцю карысталіся пастаноўкі тэатраў з Луцка, Любліна, Батумі і іншых.

У конкурсную праграму былі ўключаны і спектаклі для дзяцей. Напрыклад, Усходне-Казахстанскі абласны драматычны тэатр з Усць-Каменагорска прывёз унікальны аўдыятактыльны дзіцячы спектакль «Сябры Фядоры». Брэсцкі тэатр лялек паказаў адну з лепшых сваіх пастановак — спектакль «Новая зямля» паводле паэмы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Бранскі абласны тэатр лялек прадставіў юным гледачам спектакль «Каля Лукамор’я ...» паводле твораў Аляксандра Пушкіна.

Найвышэйшы бал, альбо падвядзенне вынікаў

Сцэна са спектакля «Дзядзька Ваня»

Конкурснае спаборніцтва было насычаным і дынамічным. Аднак задача аўтарытэтнага журы заключалася ў тым, каб сярод вялікага шэрагу пастановак выявіць найбольш адметныя рысы сучасных тэатральных канонаў, і ў выніку вызначыць пераможцу.

Такім чынам, у галоўнай намінацыі — «Найлепшы спектакль тэатра драмы» — перамог спектакль «Дзядзька Ваня» па п'есе Антона Чэхава венгерскага тэатра Вац (Váci Dunakanyar Színház, Bartók Kamaraszínház) у пастаноўцы вядомага ўкраінскага рэжысёра Яраслава Федарышына.

Тэатральная пастаноўка нагадвае жывапіснае палатно. Калі толькі адкрываецца заслона, глядач назірае за акцёрамі, якія, адвярнуўшыся ад публікі, сядзяць моўчкі і нерухома, быццам дзеля таго, каб кожны чалавек мог атрымаць асалоду ад моманту і пачуць гук камертона. Ёсць адчуванне, што назіраеш за «Дзядзькам Ванем» аднекуль зверху і выступаеш у ролі тых, хто атрымаў права на магчымасць разумець. Такія пастаноўкі, дзе чэхаўскія героі паглыблены літаральна ў космас, можна палічыць па пальцах. Тут няма нічога ад славянскай традыцыі, але ёсць свабода руху акцёраў і іх успрымання сябе.

— У гэтым спектаклі няма нічога з побыту, — падкрэслівае тэатральны крытык з Германіі Ніна Мазур. — Гэта ўсё тэатр, а не рэальнасць. Дзеянне адбываецца не ў расійскай сядзібе, а па-за часам і прасторай. Таму тут няма звыклых для чалавека прадметаў. І няма метафар. На фоне сусветных сэнсаў развіваецца выразны сюжэт — трагікамедыя чалавечага жыцця. Гэта спектакль з выразнымі і яснымі пасыламі. Ён пра тое, што Бог і ёсць жыццё. Пра недасягальнасць кахання і немагчымасць шчасця. І пра тое, што трагічны шлях — гэта і ёсць жыццё выдатнае, напоўненае сэнсам. У спектаклі гучыць дзіўнай прыгажосці музыка Фаўстаса Латэнаса. Яна стварае самастойны вобраз гармоніі, велічы, пакуль людзі здзяйсняюць свае мізэрныя, смешныя ўчынкі.

Сваёй пастаноўкай Федарышын кажа, што ў жыцці кожнага чалавека адбываецца ўсё правільна, усё не дарма. І калі б мы змаглі паглядзець на сваё жыццё — з усімі памылкамі, праз пакуты, раскаянне, — то ўбачылі б дзіўна гарманічны малюнак, дзе ўсе дэталі строга вызначаны па месцах.

Бывае, што меркаванне журы і гледачоў не заўсёды супадае. У дадзеным выпадку наадварот. Гледачы вельмі захапіліся пастаноўкай ад венгерскага тэатра. Гэта было заўважна і па водгуках, і па гучнай рэакцыі ў тэатральнай зале.

У намінацыі «Найлепшы спектакль малой формы» перамагла пастаноўка «Прадукт». Камедыю прадставіла тэатральная кампанія Boris und Konsorten з германскага Штутгарта. Спектакль на рускай мове па п’есе Марка Рэвенхіла прайшоў у малой зале Брэсцкага драмтэатра з аншлагам.

Карціна падаецца з першага погляду вельмі простай. Па сюжэце, кінапрадзюсар спрабуе ўгаварыць актрысу-зорку на галоўную ролю ў новым фільме. Ён раскрывае ёй бліскучыя ідэі свайго геніяльнага, унікальнага праекта ва ўсіх падрабязнасцях, аж да тонкасцяў працы кінааператара. Часам здаецца, што сам сябе, а не акцёрку, ён пераконвае ў геніяльнасці сцэнарыя «блакбастара», якога раней не было ні ў кога. І гэта атрымліваецца смешна.

Але сэнс не ў камедыйнасці, а ў ілюзорным успрыманні галоўным героем яго становішча. Праз камедыю рэжысёр раскрывае псіхалагічны стан чалавека, які спрабуе рэалізаваць вялікую ідэю. Рэжысёр Крыстаф Кюстэр — камедыйны філосаф, яго спектаклі як для тых, каму патрэбна адчуць якасны тэатр, так і для аматараў, каму важна атрымаць асалоду ад захапляльнага шоу.

Узнагароду за «Найлепшую рэжысуру» журы прысудзіла спектаклю «Сотнікаў» па Васілю Быкаву Брэсцкага тэатра лялек.

Сцэна са спектакля «Сотнікаў»

Тэма спектакля паводле вядомага твора класіка беларускай літаратуры не абяцала лёгкага ці пасіўнага ўспрымання. Гэта роздум аб тым, на што здольны чалавек «перад сілай бесчалавечных абставін» ва ўмовах вайны. Калі людзі цалкам пазбаўлены магчымасці ўплываць на сітуацыю. Хтосьці з гледачоў чытаў першакрыніцу, а камусьці твор знаёмы па экранізацыі рэжысёра Ларысы Шапіцькі («Узыходжанне»).

Гледачы і журы спектакль прынялі: як яркую пастаноўку, як падставу для глыбінных разважанняў і ў той жа час «вельмі беларускую» гісторыю. А артысты давялі яшчэ раз, што тэатр лялек не толькі для забавы і не толькі для дзяцей, а для абсалютна розных тэматычна і жанрава спектакляў.

Традыцыйна ў межах фестывалю «Белая вежа» вызначалі пераможцу ў намінацыі «Найлепшая жаночая роля». Сёлета дыплом атрымала актрыса Дарота Ландоўская за ролю ў спектаклі «Стрыеньска. Давай патанцуем, Зоф’я» Люблінскага культурнага цэнтра. Спектакль заснаваны на аднайменнай п’есе Ганны Дубы. Гэта гісторыя аб таленавітай, вядомай і адзначанай мноствам узнагарод польскай мастачцы Зоф’і Стрыеньскай, у жыцці якой было два захапленні: маляванне і каханне. І тое, і іншае патрабавала ад яе ўвагі, часу і сіл. Таму яна не змагла дамагчыся паўнавартаснага поспеху ні ў тым, ні ў іншым.

Дарота Ландоўская неаднойчы ў сваіх інтэрв’ю казала, што роля мастачкі — адна з яе любімых. Заўсёды, калі актрыса выходзіць на сцэну, спрабуе максімальна паглыбіцца ў вобраз, адчуўшы ўвесь спектр глыбокіх эмоцый галоўнай гераіні.

«Найлепшая мужчынская роля», як вызначыла кампетэнтнае журы, у Аляксандра Якімчука (спектакль «Шэльменка — дзяншчык» Валынскага акадэмічнага абласнога ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі). П’еса, напісаная больш за паўтара стагоддзя таму, падкупляе шчырасцю і лірызмам. Яна пра тое, як каханне перамагае ўсе перашкоды, калі ў закаханых ёсць такі памочнік, як дзяншчык Шэльменка. Сюжэтная прастата спектакля дасягаецца дзякуючы адмысловаму гумару акцёраў. Пры гэтым і самі акцёры, і гледачы становяцца міжвольнымі ўдзельнікамі заразлівай сцэнічнай гульні з цэлым каскадам блытаніны, непаразуменняў, лёгка і дасціпна развязаных нястомным галоўным героем.

Аляксандр Якімчук не просто добра ўжыўся ў ролю — ён пражыў яе. Ёсць адчуванне, што акцёр на самай справе мае такі ж характар і карыстаецца гэтым для дасягнення розных мэт. Дынаміка гульні Аляксандра проста ўзрушае: эмацыянальнасць, статнасць і ўпэўненасць у кожным руху імгненна падкупляе гледача.

У межах фестывалю былі прадуглежаны і спецыяльныя дыпломы. Так, спектакль «Вішнёвы сад» (Тэатр драмы і лялек Івана Радоева, Плевен, Балгарыя) атрымаў узнагароду за найлепшы акцёрскі ансамбль. А пастаноўка «Мама на Усходзе» (Пацанская кампанія #тэатр_чо, Масква, Расія) была адзначына дыпломам у адной з самых цікавых намінацый форуму «За новую шчырасць».

Водгук гледачоў

Акрамя вышэйзгаданных спектакляў, шматлікія пастаноўкі таксама засталіся ў памяці гледачоў фестывалю. Так, напрыклад, монаспектакль Ерэванскага дзяржаўнага тэатра лялек імя Аванэса Туманяна «Мая сям’я ў адным чамадане» закрануў аповедам пра карабахскую вайну вачыма 12-гадовай дзяўчынкі Нарынэ Грыгаран. Ролю дзяўчынкі ў спектаклі вельмі кранальна выконвае сама Нарынэ — 39-гадовая заслужаная артыстка Арменіі. І гэта не гульня, а чарговае пераасэнсаванне перажытага з болем у сэрцы і слязамі на вачах.

Захапіў у літаральным сэнсе вогненным шоу Львоўскі тэатр «Воскресіння», прадставіўшы пастаноўку «Карпацкі калейдаскоп». Гэта вулічны спектакль без слоў, заснаваны на легендах народаў Карпат.

Сцэна са спектакля «Ганна Франк».

Спектакль «Ганна Франк» Цюменскага вялікага драматычнага тэатра, паказаны ў межах «Белай вежы», таксама заслугоўвае ўвагі. У спектаклі наўрад ці варта шукаць адсылкі да Бяніньі. Акрамя, мабыць, адной: гэтая гісторыя таксама пра жыццё, прыгожае нягледзячы ні на што. Калісьці карціна Раберта Бяніньі выразна прадэманстравала, што пра вайну і халакост можна гаварыць па-рознаму. Без пафасу і бравады, выводзячы на першы план не снарады, а чалавека. Маленькага, безабароннага, са сваімі хібамі і слабасцямі. У пастаноўцы «Ганна Франк» рэжысёр Аляксандр Ціханаў якраз робіць стаўку на знешнюю далікатнасць і лёгкасць быцця, якія толькі ўзмацняюць той бясконцы боль, пакладзены ў аснову трагедыі.

Сёлета фестываль «Белая вежа» атрымаўся вельмі разнастайным і нават эпатажным. Гэта натхняе і дае надзею на тое, што форум чакае толькі поспех і развіццё. Між тым Брэст не адпачывае, а ўжо пачынае прадумваць праграму фестывалю «Белая вежа — 2020».

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: На мяжы авантурызму і эпатажнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.