Вы тут

«Багач — ідзі пад авёс араць»


Запаленая свечка як правобраз сонца


Фота Алены Ляшкевіч

Лад жыцця нашых продкаў вызначаўся многімі акалічнасцямі. Гэта і народныя, а пасля — рэлігійныя святы, час пасадкі і збору ўраджаю, і становішча сонца на небе. Так, увосень, да сонцастаяння ўраджай павінен быць сабраны, дбайны гаспадар мусіць рыхтавацца да пасеву азімых, а маладыя людзі — пачынаць шукаць сабе пару. Асноўныя работы ў полі скончыліся, можна весяліцца і ладзіць вяселлі.

Восеньскае свята Багач — адметнасць беларусаў, бо падобнай абраднасцi, што прыпадае на гэты дзень, няма ў суседнiх народаў. Так продкі падводзілі вынікі летняй працы, ацэньвалі сабраны ўраджай i дзякавалі багам i духам за дапамогу. Цягам жніва і збору ўраджаю чалавек неаднаразова праводзіў рытуалы падзякі і ахвяраванні духам поля, ураджаю. Цяпер жа — самы спрыяльны час Дажбогу, богу сонца.

Багач — гэта не толькі свята. Гэта яшчэ і лубок з жытам, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Жыта для багача зносілі жыхары ўсёй вёскі. Так, Адам Багдановіч, бацька Максіма Багдановіча, распавядаючы пра святкаванне ў Ігуменскім павеце (сёння — Чэрвеньскі раён), пісаў, што ў хату, дзе знаходзіўся багач, запрашалі святара. Пасля набажэнства лубок з жытам і запаленай свечкай, за якім ішлі ўсе жыхары, абносіўся па ўсёй вёсцы, па ўсіх хатах, хлявах і вакол статкаў. Потым удзельнікі кіраваліся да хаты, у якую багач пераносіўся да наступнай вясны. А налета ён «пераходзіў» да іншай сям’і.

Такім чынам імкнуліся захаваць дабрабыт, ураджайнасць на новы год, плоднасць жывёлы, сямейны лад. Гаспадар дома, куды на час завітаў багач, стараўся падтрымліваць парадак у хаце і гаспадарцы. На новую вясну зерне з лубка таксама бралі ўсе вяскоўцы, каб пасеяць на сваім полі. У некаторых мясцінах падчас свята ў двор прыносілі галінкі рабін з ягадамі і развешвалі іх у розных месцах — каб абараніць хату і гаспадарку ад сурокаў, кепскага вока.

Багач у сістэме календара вылучаецца як свята, максімальна набліжанае да ўзвіжаньскіх «сонечных» урачыстасцяў. Запаленая свечка як правобраз сонца, крыніцы святла суадносіць абрад са святкаваннем восеньскага раўнадзенства.

Святочны дзень не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы. Так, у народзе і дагэтуль кажуць: «Багач — бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс араць», «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку». Ад цяжкіх работ пад восень сяляне моцна стамляліся, таму казалі: «Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот валачы».

На Віцебшчыне ў гэты дзень жанчыны хадзілі па ільнішчах і на кожным прыгаворвалі: «Няхай будзе лён такей даўгей, сколькі мы прайшлі!» У заходніх раёнах Беларусі на Багач забівалі жывёл, а гаспадара, які шкадаваў зарэзаць, напрыклад, барана, перасцерагалі, што «таго барана воўк парве». Назіралі за жывёлай, каб прадбачыць, як пройдзе зіма. Калі каровы, коні, авечкі імкнуцца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя. Меркавалі так: прадчуваючы зазімкі, жывёла ірвецца, каб у апошнія дні паболей скубануць свежай травы.

На Багач раней праводзіліся вясковыя святы з кірмашом. Маладыя дзяўчыны там выбіралі каралі, хусткі, а потым пачыналі выглядаць жаніхоў.

Пад назвай Багач свята вядомае далёка не ўсюды, хаця, па сведчаннях Адама Багдановіча, у канцы ХІХ стагоддзя гэта назва была распаўсюджана сярод сялян нашмат больш, чым царкоўнае «Раство Багародзіцы». Так яе тлумачыў Багдановіч і тлумачаць сучасныя вясковыя жыхары. Напрыклад, на Шчучыншчыне кажуць: «Багач, што ўсяго багата. Гаспадар падлічвае свае скарбы: што сабраў з поля, што ў агародзі вырасла». А на Бярэзіншчыне прыгаворваюць: «Багач называўся таго, што восень багатая, што дары даў Бог».

Як і іншыя святы, што спрадвек існуюць у традыцыйнай культуры беларусаў, Багач адзначаецца і сёння. Так, сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ладзяць шырокае святкаванне ў Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы. Тут пануюць песні, танцы, спрадвечныя абрады.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.