Вы тут

Ёсць між намі добры “Лад”


Дзень беларускага пісьменства святкавалі ў эстонскім горадзе Пярну — дзякуючы энтузіястам з тамтэйшай беларускай суполкі.


Удзельнікі свята з Амбасадарам Беларусі ў Эстоніі Вячаславам Качанавым. Фота Кэтлін ПУКК

Не толькі беларускія родавыя карані паядноўваюць гасцей ды ўдзельнікаў свята “Дзень беларускага пісьменства”, якія сабраліся 7 верасня ў Пярну. Былі ў зале прыгожыя людзі, неабыякавыя да беларускай культуры, якім цікава чуць меладычную беларускую мову, нашыя песні, атрымліваць асалоду ад шчырых стасункаў з землякамі ды знаёмымі.

Прыемна, што й нас, настаўнікаў, вучняў з бацькамі Беларускай нядзельнай школы “Буслікі” з Таліна, сябры запрасілі для ўдзелу ў імпрэзе. Ладзілі яе, дарэчы, актывісты мясцовага Беларускага таварыства “Лад”. Сардэчна сустракала гасцей гаспадыня-арганізатар Аксана Волкава. Адразу ж мы апынуліся ў сяброўскай атмасферы, адчувалі сябе добра і ўтульна — як дома. Павіншаваць суайчыннікаў, гасцей са святам прыехаў і Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Вячаслаў Качанаў з жонкай. Ён і вітаў усіх, адкрываў святочную імпрэзу. Потым Аксана Волкава расказвала пра гісторыю свята, распавядала, якія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны яго прымалі. Гаварыла таксама, што сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства быў Слонім — адзін з найстаражытных гарадоў Гродзеншчыны, даўні цэнтр культурнага й духоўнага жыцця Беларусі.

Канцэртную частку праграмы адкрылі спявачкі з Беларускага таварыства “Спадкі” (Тарту). (Больш падрабязна пра суполку чытайце ў гэтым нумары газеты — артыкул “З песень “Спадкі” нарадзіліся”. — Рэд.) Гучалі беларускія песні, потым — вершы, а таксама знакамітыя песні “Рушнікі” ды “Касіў Ясь канюшыну” яшчэ ў “дапесняроўскім” першаварыянце. А потым на сцэну выйшлі нашы “Буслікі” са сваёй праграмай. Хлопцы спявалі народныя песні, выканалі “Танец з лыжкамі”, а юная Вікторыя чытала вершы пра лета. Зала вельмі цёпла сустрэла такі выступ. І я сама прачытала некалькі сваіх вершаў. Многіх да слёз крануў твор “Споведзь”, прысвечаны маці. У канцы свайго выступу я падарыла спадарыні Аксане Волкавай зборнік сваіх вершаў, а таксама ад Беларускага цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studіorum — беларускія прысмакі.

Потым сцэну ўпрыгожыў знакаміты беларускі танец “Лявоніха”, які прадставілі на суд гледачоў танцоры з выдатнага калектыву “Сударушки”. Вельмі прыемна, што ў святочнай праграме паўдзельнічаў і ансамбль “Русская песня”, які выканаў як рускія, так і беларускія песні, прычым зала падпявала разам з артыстамі. Таксама і ўкраінскаму ансамблю “Барвинок” знайшлося месца на беларускім свяце: ён парадаваў нас вясёлымі песнямі ды яркімі касцюмамі. О, добрага настрою, запалу ўкраінскім сябрам не займаць! Так што на гэтым свяце ўсім было добра разам: і беларусам, і рускім, і ўкраінцам, і эстонцам.

Мне вельмі прыемна, што цяпер Дзень беларускага пісьменства набывае, скажам так, міжнароднае гучанне. То можа б, на будучыню, і ў іншых беларускіх суполках замежжа яго падтрымаць? А паколькі мы, беларусы, — людзі талерантныя, то варта б залучаць у сяброўскае кола й прадстаўнікоў іншых дыяспар. Свята ў Пярну ўдалося якраз таму, што аб’яднала многіх людзей розных нацыянальнасцяў, розныя творчыя гурты. А ўсе ж яны беражліва ставяцца да нацыянальных культурных традыцый.

Вялікі дзякуй арганізатарам імпрэзы, асабліва — Аксане Волкавай. Гэта ж вельмі здорава, што ёсць між намі добры “Лад”!

Ніна Пээрна, выкладчыца Беларускай нядзельнай школы “Буслікі”, г. Талін

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.