Вы тут

“Лірыца” ў Заўраллі


У Курганскай вобласці Расіі выступала вядомае інструментальнае трыа з Беларусі


Гэтую навіну паведаміла ў рэдакцыю Людміла Урванцава — яна ўзначальвае Курганскую абласную грамадскую арганізацыю “Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Заўралля “Батькавщина”, спявае ў народным ансамблі беларускай песні “Журавачка”. Скінула спасылку на відэасюжэт, які быў паказаны, відаць, на ўсю краіну — бо выйшаў у праграме “Вести” на тэлеканале “Россия 1”.

Адкрываем. Глядзім. Тэлевядучая паведамляе, што ў Курган прыехала выступаць інструментальнае трыа “Лірыца” з Беларусі. А перад канцэртамі музыканты заглянулі ў госці ў Культурны цэнтр “Батькавщина”. І вось у кадры бачна, як рыхтуюццца сустракаць супляменнікаў курганскія беларусы. Накрылі вялікі прыгожы стол, на якім шмат розных страў. “Кожны беларус, калі прыходзіць да нас у госці — ніколі не ідзе з пустымі рукамі: такая ў народзе традыцыя, — расказвае тэлежурналістам Людміла Урванцава. — І гасцей у “Беларускай хаце” таксама заўсёды сустракаем са шчодра накрытым сталом”.

Камера паказвае, што гэта сапраўды так. Сярод іншых страваў на стале — пірагі, сала, грыбы. Актывіст “Батькавщины “ з гумарам расказвае, чаму беларусы толькі ў дождж па грыбы ходзяць — бо ў сонечныя дні заўсёды ж працуюць. На стале ў “Беларускай хаце”, дарэчы, ёсць грузды. Журналісты ўдакладняюць, што мясцовыя, але згатаваныя па беларускім рэцэпце: з кропам, лаўровым лістом і душыстым перцам. А зверху смятанка...

І вось — госці ў хату! Прама з Гомеля, з інструментамі. Журналісты расказваюць: калектыву “Лірыца” 20 гадоў, гэта — ну проста музычная пярліна беларускага Палесся. Ёсць, дарэчы, сайт у нэце — гляньце: http://www.lіrіtsa.com. Алена Сочнева ў трыа грае на цымбалах, Андрэй Сочнеў — на балалайцы-кантрабасе, баян у руках Дзяніса Лабачова. Сустракаюць гасцей курганцы вясёлай, бадзёрай вітальнай песняй “Запрашаем вас да нас”.

Ну а потым — відаць, падмацаваўшыся з дарогі, музыканты паказалі свой клас. Вельмі хвалюючым быў момант: заўральцы спяваюць, а беларусы з Палесся — граюць. Проста супер!

Музыканты потым выступалі ў Шадрынску й Кургане. А ў кадры Андрэй Сочнеў, крануты цёплай сустрэчай, казаў: “Такое адчуванне, быццам мы — дома”. Ну бо хто ж удалечыні ад Бацькаўшчыны лепш сустрэне, чым родныя людзі з “Батькавщины”!

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.