Вы тут

Кіно, якое па-над межамі


На кінастудыі “Беларусьфільм” пачынаюць актыўна займацца не толькі ўласнай кінавытворчасцю, але і супрацоўнічаць з іншымі краінамі. Шукаюць партнёраў у замежжы.


Уладзімір Карачэўскі. Фота Ганны Занкавіч

Замежнікі на кінастудыю “Беларусьфільм” апошнім часам прыязджаюць з зайздросным пастаянствам. У верасні, напрыклад, у Мінску прайшоў першы савет дырэктараў дзяржаўных кінастудый краін СНД і Грузіі, на які запрасілі прадстаўнікоў “Кыргызфільма”, “Узбекфільма”, “Таджыкфільма”, “Казахфільма”, “Грузія-фільма” ды іншых. У рабочай атмасферы госці абмеркавалі розныя праблемы кінаіндустрыі, у тым ліку й адметнасці сучаснага кінаправавога поля. Фільмы, якія яны прывезлі з сабой, пакажуць на Тыдні кінадружбы, што абвешчаны ў Беларусі з 1 кастрычніка. Шэсць кінастудый падпісалі дамову аб супрацоўніцтве.

Нядаўна “Беларусьфільм” быў капітальна рэканструяваны і цяпер перажывае сапраўдны “рэнесанс”. Дырэктар Уладзімір Карачэўскі лічыць, што кінастудыя добра падрыхтавалася для ўдзелу ў міжнародных праектах і цяпер шукае партнёраў як у краінах бліжняга, так і далёкага замежжа. Мы сустрэліся з ім, каб пра гэта пагаварыць больш канкрэтна.

— Уладзімір Міхайлавіч, беларускія здымачныя групы і раней маглі без перашкод працаваць у іншых краінах. Цяпер жа кінастудыя імкнецца да таго, каб замежныя калегі прыязджалі здымаць новыя фільмы ў Беларусь. Якія ў гэтым ёсць выгады?

— Кіно — гэта інтэрнацыянальны від мастацтва. Утрымліваць кінастудыю ў краіне з 10 мільёнамі чалавек, а значыць, з маленькім рынкам продажу, няпроста. Для такой невялікай краіны, як наша, кінаіндустрыя — дарагое задавальненне. Яна ж найлепш развіваецца там, дзе ёсць вялікі ўнутраны рынак або наладжаны добрыя сувязі з іншымі краінамі. Вось таму сёння мы пашыраем не толькі ўласную кінавытворчасць, але і шукаем новых партнёраў, якія прыязджалі б здымаць фільмы да нас.

Здымкі фільмаў за межамі сваёй краіны павінны быць узаемавыгаднымі для ўсіх удзельнікаў здымачнага працэсу. Пры тым пралічваецца кошт многіх складнікаў: арэнда здымачнага павільёна, кінапаслугі, улічваецца падатак на здымкі замежнага кіно ў той або іншай краіне… Усё гэта ўплывае на кошт кінастужкі. Да ўсяго міжнародныя здымачныя групы аплочваюць не толькі кінапаслугі, але і пражыванне ў гатэлях, харчаванне ды іншае.

Кінавытворчасць, кінамастацтва на сённяшні дзень — не толькі баўленне вольнага часу. Гэта сферы, якія тым або іншым чынам здольныя папулярызаваць нашу краіну і развіваць турызм. У прыклад магу прывесці здымкі кінастужкі “Хобіт” (рэжысёр Пітэр Джэксан) у Новай Зеландыі: гэтая краіна пасля таго, як фільм выйшаў на экраны, стала прыцягальным месцам для турыстаў з усяго свету.

— Сапраўды, апошнім часам у калідорах кінастудыі можна сустрэць замежнікаў, якія знаёмяцца з нашай кінавытворчасцю, з беларускімі здымачнымі групамі, аглядаюць павільёны для здымак. Адкуль такая пільная ўвага з боку замежных гасцей?

— Апошнім часам я шмат езджу па свеце і знаходжу новых партнёраў. Калі расказваеш, паказваеш, прэзентуеш ім нашы магчымасці, у замежных калег на тварах бачыш непадробнае здзіўленне: яны ж і не думалі, што Беларусь такая прыгожая і бяспечная, а кінапаслугі такія танныя. Справа ў тым, што ў краінах далёкага замежжа толькі пачынаюць адкрываць для сябе нашу краіну. Хто пераканаўся ва ўсіх выгадах здымак фільмаў у Беларусі, прыязджае знаёміцца з кінастудыяй. Для іх мы гатовыя стаць буйным падрадчыкам, які мае сувязі ў Мінску. Але і з кіраўнікамі іншых рэгіёнаў у нас наладжаны кантакты. Цяпер складаем геаграфічную карту аб’ектаў, якія могуць быць цікавымі для замежных кінавытворцаў. Нясвіжскі замак, Лідскі замак, Навагрудскі замак, Ружанскі замак, а таксама Бабруйская крэпасць, музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, музей “Лошыцкая сядзіба”, палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, Блакітныя азёры, тэрыконы ў Салігорску і не толькі — усё гэта ўнікальныя месцы, дзе можна здымаць цікавыя кінастужкі. Ну і, зразумела, замежныя кінавытворцы не могуць не заўважыць, што ў нас шмат прыгожых, таленавітых акцёраў.

— З чаго звычайна пачынаецца партнёрства ў кінаіндустрыі? Якія напрамкі яго варта будзе асвоіць беларусам?

— Першы крок — гэта ўдзел у днях кіно і кінафестывалях на тэрыторыі той або іншай краіны. У плыні Дзён беларускага кіно, скажам, нас запрашаюць у Расію, Кітай, ЗША ды іншыя краіны. Мы ў сваю чаргу вывучаем, у якіх фестывалях, іншых імпрэзах наш удзел найбольш мэтазгодны. У тым нам дапамагае Міністэрства замежных спраў Беларусі, кансультуемся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары за мяжой.

Другі варыянт партнёрскіх адносін, да якога мы імкнемся — гэта сумесная з іншымі краінамі кінавытворчасць. Замежным калегам можам прапанаваць і нашы кінапаслугі. Таму зацікаўлены ў іх развіцці. Напрыклад, “Беларусьфільм” нядаўна дапамог рэквізітам здымачнай групе серыяла “Чарнобыль”, які ствараўся амерыканскім тэлеканалам НВО сумесна з брытанскай тэлесеткай Sky. Калегі, дарэчы, высока ацанілі касцюмерную, зброевую і рэквізітарскую базы нашай кінастудыі. Яны выкарысталі ўсе нашы магчымасці.

На здымачнай пляцоўцы. Фота БЕЛТА

— Ці не сакрэт, з кінастудыямі якіх краін “Беларусьфільм” пачынае весці канкрэтныя перамовы?

— У нас пабывалі кінавытворцы з Індыі, Казахстана, Расіі, Украіны. Зацікавіліся нашымі прапановамі калегі з Галівуда (ЗША). Былі на кінастудыі кінавытворцы з Францыі, Паўднёвай Карэі. Ёсць жаданне прыехаць да нас, каб пазнаёміцца бліжэй, і ў калег з Польшчы. Гэта ўсё тыя, з кім мы пачалі весці канкрэтныя размовы пра здымкі фільмаў. А нядаўна кінастудыя падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы кінематаграфіі на пяць гадоў з ТАА “Синтилейтинг Глобал” (Індыя). Дамовіліся наконт выкарыстання індыйскім бокам кінатэхналагічных паслуг і студыйных магчымасцяў “Беларусьфільма”, а таксама наконт арганізацыйнай і маркетынгавай падтрымкі адзін аднаго.

Асноўнымі партнёрамі для нас застаюцца кінавытворцы з Расіі. Але мы пачалі ўжо весці размовы аб супрацоўніцтве з калегамі з Казахстана, Узбекістана, Кіргізіі ды іншых краін Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі. Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з краінамі як блізкага, так і далёкага замежжа: напрыклад, з Польшчай, ЗША і Канадай. Прысутнасць там беларускіх дыяспар можа толькі дапамагчы. Таму што людзі, якія памятаюць беларускую мову і беларускую культуру, з задавальненнем будуць глядзець і беларускія кінафільмы як савецкіх часоў, так і сучасныя.

Нядаўна я быў на кінафоруме ў Кітаі, там пазнаёміўся з калегамі з Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. Яны таксама зацікавіліся нашай краінай і нашай кінастудыяй. У выніку нядаўна мы дамовіліся з саліднай кінакампаніяй Кітая зняць сумесны фільм пра хакей.

У такіх краінах, як Лаос, В’етнам, Індыя, Кітай, Манголія, мы збіраемся паказваць старое беларускае кіно з нашых фондаў.

— Уладзімір Міхайлавіч, што найперш павінен ведаць сёння замежны глядач пра нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм”?

— Што “Беларусьфільм” — адна з вядучых кінастудый на постсавецкай прасторы і адна з нямногіх, якая працуе ў ранейшым фармаце: тут існуюць аднайменныя кінафабрыка і кінавытворчасць. У адрозненне ад некаторых кінастудый у іншых краінах, якія згубілі маёмасныя правы на свае бібліятэкі, “Беларусьфільм” сёння можа ганарыцца ўнікальнымі фондамі — гэта каля 600 мастацкіх фільмаў, больш 1 тысячы дакументальных, а таксама вялікая колькасць анімацыйных. Многія кінастужкі сталі культавымі. Сярод іх “Руины стреляют в упор”, “Заслонов”, “Девочка ищет отца”, “Белые росы”, “Приключения Буратино”, “Красная Шапочка”, “Звёздный мальчик”, “Денискины рассказы”, “В августе 44‑го”. Вялікая фільмаграфія сведчыць пра багатую гісторыю нашай кінастудыі, якой сёлета спаўняецца 95 гадоў. Нагадаю, што кінастудыя “Советская Белоруссия” была створана ў далёкім 1924 годзе ў Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург). Трэба яшчэ сказаць вялікі дзякуй нашай дзяржаве, якая падтрымала і захавала беларускае кіно.

Ганна Лагун

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” працягвае працу над карцінай пра Янку Купалу. Гэтымі днямі вядзецца мантаж адзнятага матэрыялу. Фільм намерваюцца паказаць шырокай грамадскасці 17 снежня — у Дзень беларускага кіно. Наперадзе ў фільма фестывальны прагляд. А ў 2020 годзе карціна выйдзе на экраны.

Акцёр Мікалай Шастак у ролі Янкі Купалы

Паколькі імя Янкі Купалы вядома не толькі ў Беларусі, фільм збіраюцца паказаць і ў іншых краінах. Верагодна, што трэйлер будзе перакладзены з беларускай на рускую, ангельскую і кітайскую мовы. Рэжысёр кінастужкі — Уладзімір Янкоўскі. Здымкі вяліся не толькі ў Беларусі, але і Літве, Расіі. Дарэчы, галоўнага героя фільма грае латвійскі акцёр з беларускімі родавымі каранямі Мікалай Шастак. У ролі Паўліны Мядзёлкі знялася Вераніка Пляшкевіч, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага.

Гістарычная драма расказвае пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У вобразнай і паэтычнай манеры ў карціне раскрываюцца асноўныя вехі жыццёвага й творчага шляху паэта, што супаў з найбольш трагічнымі падзеямі XX стагоддзя.

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.