Вы тут

У адной са сталічных студый прыгажосці для жанчын працуюць выключна хлопцы


Фёдар ЕЎДАКІМАЎ — уладальнік сталічнай студыі прыгажосці, якая вылучаецца сярод іншых тым, што ў ёй у якасці майстроў працуюць толькі хлопцы. Гэта сумесны праект нашага суразмоўніка з жонкай Надзеяй, якім яны пачалі займацца тры гады таму. Пра паспяховае вядзенне бізнесу, цяжкасці з падборам каманды і сучасныя тэндэнцыі пара расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Калі вас упершыню зацікавіла сфера прыгажосці?

Фёдар: — Аднойчы да жонкі прыйшла сяброўка, каб нарасціць ёй вейкі. Мяне заваражыў працэс, і я папрасіў у Надзі дазволу паспрабаваць самому. Думаў, што гэта вельмі проста, але задача аказалася для мяне непасільнай. Тады пачаў вывучаць усё больш падрабязна, цікавіцца актуальнымі формамі і тэхнікамі. Сумяшчаў хобі з асноўнай работай — днём займаўся распрацоўкай вонкавай рэкламы, а па вечарах нарошчваў вейкі сяброўкам жонкі. Праз паўгода штодзённых заняткаў вынікі сталі радаваць, але думак пра ўласную справу ўсё яшчэ не было. Пазней прызнаўся сабе, што так больш працягвацца не можа, і звольніўся з асноўнай работы.

Надзея: — Калі ў нас з'явілася дзіця, працаваць з людзьмі ў кватэры стала ўжо немагчыма. Часу на роздумы не было, і грошы, адкладзеныя на машыну, сышлі на арэнду кабінета і яго ўладкаванне. Каб пра нас даведалася вялікая аўдыторыя, запусцілі групу «Укантакце».

— Вы хутка сфарміравалі каманду майстроў?

Фёдар: — Для нас гэта аказалася складанай задачай. Мы шукалі іх праз сацсеткі, знаёмствы, папулярныя платформы, але зваротнай сувязі не было. Аказалася, што ахвотных працаваць у такім «асаблівым» салоне прыгажосці, як наш, няшмат. Хтосьці пытаўся, ці не жарт гэта, а нехта казаў, каб мы не займаліся глупствамі і ішлі на завод. Першага майстра — Аляксандра — знайшлі праз паўгода бесперапыннага пошуку. Пераехалі ў больш зручнае і прасторнае памяшканне, вырашылі, што больш эфектыўна вучыць хлопцаў з нуля. Цяпер у нашай камандзе ўжо сем чалавек, але мы і далей працягваем набіраць да сябе амбіцыйных і працавітых майстроў.

Надзея: — На пачатковым этапе развіцця не раз чулі ў свой адрас не вельмі прыемныя словы кшталту: «Гэта не мужчынская справа». З тых, хто адгукаўся на вакансіі, да гутаркі даходзіла толькі палова. Дарэчы, часам добрыя майстры не становяцца часткай нашай каманды, бо для нас важныя не толькі прафесійныя якасці, але і асобасныя.

Фёдар: — Дарэчы, і ў Беларусі, і за мяжой такі тып салонаў прыгажосці амаль што не сустрэнеш. Мы даём магчымасць навучацца, развівацца і добра зарабляць супрацоўнікам, нават калі яны знаходзяцца на стажыроўцы. Негатыўныя меркаванні мы навучыліся прапускаць міма вушэй, канцэнтруемся толькі на сваіх выніках. Тыя, хто чуюць пра наш салон, падзяляюцца на два лагеры: хтосьці ў захапленні ад ідэі, а нехта катэгарычны ў сваіх перакананнях. У месяц да нас прыходзіць каля 300 чалавек, часам зазіраюць і хлопцы, напрыклад, аднаго з пастаянных кліентаў прывяла жонка, якая таксама з'яўляецца нашай наведвальніцай.

— У вас шмат розных кубкаў і ўзнагарод. Ці лічыце гэта важным складнікам паспяховасці?

Фёдар: — Як толькі захапіўся бьюці-сферай, пачаў удзельнічаць у разнастайных міжнародных чэмпіянатах. Цяпер ужо і не палічу, колькі іх было і колькі ўзнагарод прывёз адтуль. Бывае, што сярод усіх удзельнікаў спаборніцтваў я адзіны мужчына, і мне гэта падабаецца. Неяк сказаў жонцы, што гатовы вучыць іншых, быць настаўнікам, а яна адказала: «Перш чым гэта рабіць, у цябе павінен быць статус, вопыт і ўзнагароды». Надзя заўсёды матывуе мяне на развіццё, кажа: «Ты ж выйграеш яшчэ адзін раз, ці табе складана?» А я ёй у адказ: «Глядзі, вось прывёз чатыры кубкі. Цяпер мне ўжо можна ажыццявіць сваю задуму?» (усміхаецца).

— Напэўна, у вас былі памылкі на розных этапах вядзення бізнесу. Падзяліцеся, як з імі спраўляліся.

Надзея: — Спачатку я была залішне добрая і лаяльная ў адносінах да некаторых. Цяпер умею аддзяляць асабістыя стасункі і рабочыя, лічу, што вельмі важна ўмець гэта рабіць.

— Калі вы дома, умееце пераключацца і не думаць пра работу?

Фёдар: — Так у нас не атрымліваецца, бо ёй мы прысвячаем увесь свой час. Тое, што мы пара, якая заўсёды разам, нават дапамагае, дае больш энергіі. У нас няма падстаў для сварак, мы займаемся развіццём агульнай справы, і гэта нам падабаецца.

Надзея: — Нават адпачыць не можам вырвацца на тыдзень. Якія там пустыя размовы і канфлікты (усміхаецца)!

— Як плануеце развіваць бізнес далей?

Фёдар: — У Беларусі адкрываць салоны не плануем, бо падабаецца, што наш адзіны ў сваім родзе. А вось за мяжой — так. Важна ствараць праекты, запускаць навучальныя курсы і трэнінгі, прыдумляць новыя фішкі і пастаянна здзіўляць сваіх кліентаў. Напрыклад, у хуткім часе на нашым «ютуб»-канале выйдзе рэаліці-шоу «Немужчынская справа» — яно пра тое, як шэсць хлопцаў хочуць трапіць у індустрыю прыгажосці і робяць усё для таго, каб стаць прафесіяналамі сваёй справы. Абяцаю, гэта будзе крута!

— Якія цяпер трэнды на вейкі і бровы?

Фёдар: — У модзе натуральнасць. Калі казаць пра форму першых, то актуальным з'яўляецца «л-выгіб», гэта вельмі незвычайна і свежа. А вось ад вялікіх, доўгіх і тоўстых лепш адмовіцца, гэта мала каму пасуе. Дарэчы, парада для дзяўчат: калі вам нарошчваюць вейкі тры-чатыры гадзіны — гэта нармальна. Сумненні павінны ўзнікаць тады, калі майстар спраўляецца за гадзіну, а то і менш, бо можна атрымаць не вельмі якасны вынік. Бровы прыгожыя тады, калі яны дагледжаныя і густыя. Не трэба іх вышчыпваць, забудзьце пра пінцэт. Лепш кожны дзень наносьце на іх касметычнае масла і расчэсвайце — будуць здаровыя бровы, якім можна надаць любую патрэбную форму.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.