Вы тут

Як карэспандэнт «Звязды» працавала ў адным са сталічных рэстаранаў


Сродкі на жыццё, не сакрэт, патрэбныя ўсім. А студэнтам асабліва, таму што, мабыць, ні ў якім іншым узросце няма столькі сіл і энергіі, каб іх расходаваць. Ты ж прадстаўнік сучаснай інстаграмнай моладзі: і апрануцца хочацца прыгожа, і паесці смачна ў самай моднай кавярні ў горадзе, і на канцэрты, на выстаўкі хадзіць, бо вакол столькі ўсяго цікавага! А грошай няма...

Сёлета пытанне з падпрацоўкай паўстала перада мной асабліва востра: прыйшло ўсведамленне таго, што я ўжо зусім не малая, каб іх у мамы на марожанае прасіць. Ды і запатрабаванні, як заўважыла вышэй, сталі ўжо зусім іншыя. Пачала шукаць варыянты... Грамадскае харчаванне? Хм, напэўна, гэта тое, што трэба!

Запоўніла анкету на сайце папулярнай сеткі рэстаранаў хуткага абслугоўвання. Не ператэлефанавалі. Што ж, гэта сетка не адзіная, звярнулася ў іншую і — на наступную раніцу была запрошана на гутарку. Яе праводзіў сам дырэктар рэстарана. Які гонар! — думала я, адначасова ўсведамляючы, што работу атрымала.


Калі ўсё неабходныя фармальнасці былі выкананыя, я пачала працаваць. Расклад быў такі. Ты запісваеш свае магчымасці па часе на тыдзень наперад у адмысловы журнал, і ў 80 працэнтаў выпадкаў яны ўлічваюцца. Калі ўзнікаюць форс-мажорныя сітуацыі (напрыклад, хто-небудзь з супрацоўнікаў раптам сыходзіць на бальнічны), цябе могуць папрасіць затрымацца або выйсці ў выхадны. Але ты заўсёды можаш адмовіцца.

Аплата пагадзінная. У члена каманды (першая пасада ў кар'ернай лесвіцы) заробак складае 3,15 рубля ў гадзіну (без уліку падаткаў). Час работы фіксуецца біясканам твайго адбітка пальца, так што ніводная адпрацаваная хвіліна звыш змены не застанецца неаплачанай.

Першыя тры тыдні я працавала выключна ў зале: выцірала сталы, мыла падлогу, сачыла, каб не перапаўняліся сметніцы, і выносіла іх змесціва. Таксама адказвала за чысціню ў прыбіральні. Дарэчы, усе ў камандзе калісьці былі «зальшчыкамі», хтосьці больш па часе, нехта менш. Але праз гэта праходзяць усе без выключэння. Работа не самая прыемная, але нядрэнная. Нядрэнная таму, што можна займацца справамі ў адносна размераным тэмпе. Галоўнае — заўсёды падтрымліваць чысціню.

Напачатку шчыравала нядоўга: па чатыры-шэсць гадзін, а пасля змены прыязджала дадому і займалася дыстанцыйным навучаннем. Бо, каб працаваць на любым месцы ў рэстаране (кухня, каса, збор заказаў альбо ў зале), акрамя практычнага навучання ўсе павінны прайсці яшчэ і тэарэтычнае дыстанцыйнае. Пасля трэнер — супрацоўнік, якому гэта даручана, — павінен цябе атэставаць. Толькі тады можна стаць паўнавартасным членам каманды і, адпаведна, несці адказнасць за парушэнне тых правілаў, якім ты быў навучаны.

...Калі гэты перыяд быў паспяхова пройдзены, наступным рабочым месцам для мяне стала кухня. Наступным і апошнім. Бо ў першы ж дзень там стала зразумела (даруйце нясціпласць): я нядрэнна спраўляюся. Хутка запомніла ўсе рэцэптуры і тэхналогію. А калі працавала на іншых месцах (збор заказаў, каса) — «тармазіла» і рабіла памылкі. Не маё. Адсюль выснова: калі ты акажашся, напрыклад, прыроджаным касірам, будзеш працаваць пераважна ім.

Уладкоўваючыся на падобнага кшталту работу, трэба абавязкова ўлічваць яшчэ адзін момант: неабходна ўмець размаўляць з людзьмі. Зваротная сувязь вельмі важная. Прычым не мае значэння, дзе ты працуеш: на касе ці на кухні. Напрыклад, касіры павінны ведаць, калі скончацца памідоры. А ты, шчыруючы на кухні, — атрымаць інфармацыю пра тое, у які нумар заказу прабілі (умоўна) страву з дадатковым сырам. Зваротная сувязь павінна быць гучнай і выразнай. Здавалася б, вельмі простая ўмова, але спраўляюцца з ёй не ўсе.

Стрэсаўстойлівасць. Так-так, гэтая рыса характару прапісваецца ў патрабаваннях амаль да кожнай вакансіі. На яе сапраўды варта звярнуць увагу: паток наведвальнікаў бывае вельмі вялікі, людзі розныя, а тэмп працы часам — шалёны. Эмацыянальная і фізічная стомленасць можа не адбіцца на асабістым жыцці толькі ў тым выпадку, калі будзеш ставіцца да ўсяго прасцей: усё гэтак жа адказна, але з разуменнем таго, што, які б цяжкі ні быў дзень, бліжэй да вечара наведвальнікаў стане менш. І ты спакойна, напяваючы пад нос сваю любімую песню, будзеш прыбірацца на рабочым месцы ці балбатаць пра нешта з калегамі. І праз некаторы час выйдзеш з работы са спакойнай душой і без жадання абрынуць на каго-небудзь з блізкіх увесь эмацыянальны цяжар, назапашаны за дзень.

Наконт харчавання. Бясплатнага, хутчэй за ўсё, не будзе. Але дадуць добрыя зніжкі на частку прадукцыі, якія часам дасягаюць 50 працэнтаў ад кошту. Калі змена восем гадзін, час абеду складае 30 хвілін. Калі дванаццаць — можаш сысці на абед двойчы за дзень таксама на паўгадзіны кожны раз.

Аб сумяшчэнні з вучобай. Будзе стома, і гэта непазбежна. Гадзінамі стаяць на нагах, не маючы магчымасці прысесці, а часам і проста папіць вады, — гэта няпроста. А калі пасля такой працоўнай змены трэба ісці дадому і выконваць дамашняе заданне, а пасля яшчэ і рана прачынацца на наступны дзень — ну зусім няпроста. Але магчыма. Я працавала з тымі, хто не першы год сумяшчае падпрацоўку з вучобай. І яны казалі, што паступова прызвычаіліся да такога графіка.

Многія з пастаянных супрацоўнікаў атрымліваюць спецыяльнасці, звязаныя з гандлем, бізнесам і фінансамі: лагісты, эканамісты, маркетолагі. Пасля заканчэння навучання яны могуць размеркавацца па месцы падпрацоўкі і ісці ўверх па кар'ернай лесвіцы. У дачыненні да апошняй тут няма ніякіх перашкод — праходзіш навучанне на наступную па вышыні пасаду, паспяхова здаеш іспыт і — вуаля! Такім чынам, ад шараговага члена каманды за некалькі гадоў можна дарасці да дырэктара рэстарана. І я асабіста знаёмая з такім чалавекам.

Супольная дзейнасць, аказваецца, вельмі збліжае. На рабоце я сустрэла незвычайных і блізкіх мне па духу людзей. Мы настолькі парадніліся, што нават жартавалі з калегамі, быццам у нас свой сямейны бізнес, і мы ўсе вельмі стараемся на карысць агульнай справы. Шмат хто знайшоў сярод калег сваю другую палавінку. Толькі ў нашым рэстаране былі тры шчаслівыя маладыя пары, якія пазнаёміліся на рабоце.

...Не паверыце, звальнялася са слязамі на вачах. І засталася б, калі б не марыла рэалізаваць сябе зусім у іншай сферы.

Смела магу сказаць, што гэты працоўны досвед аказаўся самым удалым сярод усіх маіх папярэдніх. Усё дзякуючы прыязнаму маладому калектыву, члены якога вельмі мэтанакіраваныя, амбіцыйныя і працавітыя. Яны ўмеюць якасна працаваць і весела адпачываць.

Каб зразумець сэнс загалоўка да канца, думаю, трэба самастойна пакаштаваць усё гэта «на смак». І менавіта як падпрацоўку — вельмі раю! У якасці чагосьці большага — калі тое супадае з вашымі жыццёвымі планамі і мэтамі.

Важныя ўмовы для ўладкоўвання, пра якія мяне адразу папярэдзілі:

  • ты павінен быць паўналетнім;
  • трэба мець (або зрабіць) санітарную кніжку, без яе выхад на работу немагчымы;
  • вельмі важны пункт для ўсіх дзяўчат — гель-лак і наогул любое пакрыццё на пазногцях строга забароненыя;
  • падчас работы ювелірныя ўпрыгажэнні, аксэсуары і пірсінг павінны адсутнічаць;
  • мабільны тэлефон увесь твой рабочы час (акрамя абеду) будзе ляжаць у раздзявальні. І ніяк інакш

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота носяць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: У пошуках «хуткай» зарплаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».