Вы тут

Ацяпляльны сезон пачаўся не ва ўсёй краіне


Бальніцы, школы, музеі і архівы ўсёй краіны ўжо абаграваюцца. Рашэнне аб падключэнні ў гэтых установах ацяплення афіцыйна з 23 верасня прынялі ўсе аблвыканкамы і сталічны выканаўчы камітэт. Даваць цяпло ў жыллё вырашылі таксама амаль ва ўсёй краіне, за выключэннем Гомельскай вобласці, самай паўднёвай. Улады Брэстчыны рашэнне прынялі, аднак батарэі награваць не спяшаюцца, бо на вуліцы досыць цёпла. Не атрымалі цяпло таксама дамы ў Дзяржынскім і Салігорскім раёнах.


Рэжым прапальвання

Для бяспекі работ створаны аварыйныя брыгады, у якіх больш як 400 чалавек. Над наладкай сістэмы ацяплення працуе звыш 1000 рабочых і каля 500 майстроў.

За вокнамі вышэй за 11 градусаў, а ацяпленне можа працаваць стабільна, калі знадворку не больш як +8 °С. Калі ж тэмпература на вуліцы вышэйшая за восем градусаў, то дамы павінны знаходзіцца ў рэжыме прапальвання, заўважыў Цімафей КРЭМЕЗ, намеснік генеральнага дырэктара «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі»:

— Тэхнічна рэжыму прапальвання не існуе, мы яго прыдумалі. Заўважу, што па гідраўлічных параметрах тэмпература вады, што падаецца на дом з цеплакрыніцы, — 35 °С. Гэта лічба крыху ніжэй за тэмпературу цела, і многім грамадзянам, асабліва пажылым, здаецца, што іх батарэі цяпер халодныя. У выніку ўзнікаюць скаргі на адсутнасць ацяплення.

Спецыяліст спадзяецца, што сітуацыя выправіцца да выхадных, бо абяцанае пахаладанне дазволіць аб'ектыўна высветліць, ці існуюць у кватэрах пэўныя праблемы з трубамі, накшталт запаветрывання, або сапраўды адсутнічае ацяпленне.

Тым жа, у чыіх кватэрах цяпер надта горача, а некаторыя мінчане сведчаць, што слупкі іх тэрмометраў перасягнулі 30 °С, Цімафей Крэмез раіць паведамляць аб праблеме ў свае ЖЭУ або кантакт-цэнтры.

— Трэба, каб спецыялісты маглі своечасова прымаць пэўныя рашэнні. У тым ліку і адносна часовага прыпынення падачы цяпла на дом, калі днём ацяпленне ў жыллі адключаюць, а ўвечары аднаўляюць, — упэўнены ён.

Учарашнія аператыўныя лічбы сведчаць, што 89 % жылля ў Беларусі ацяпляецца. У Мінску і Віцебскай вобласці грэюцца ўжо ўсе. На Магілёўшчыне цёпла ў 98 % дамоў, у сталічнай вобласці пацяплела ў 73 % жылля, у Гродзенскай — у 69 %. Пра гэта паведаміла Святлана ЦІМОШКІНА, намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. Падключэнне ацяплення ў сталічных адміністрацыйных будынках пакуль разглядаецца.

Да зімы гатовыя

Падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона камунальнікі пачынаюць у маі і завяршаюць 30 верасня. Сёлета ўпершыню тры аблвыканкамы адрапартавалі, што справіліся з падрыхтоўчымі работамі яшчэ да 1 верасня. А на пачатку кастрычніка ў краіне ўжо поўнасцю нарыхтаваны запасы драўнянага паліва, неабходнага на зіму. У больш чым 3,5 тысячы кацельных выкананы прафілактычныя работы. Гатовы да зімоўкі больш за 15 тысяч кіламетраў цепласетак гаспадаркі і ўсе дамы.

Кантралюецца падрыхтоўка да зімы па 89 паказчыках штомесяц, і па 13 — кожны тыдзень. У верасні адбываецца праверка пашпартоў гатоўнасці, якія ўжо атрымалі ўсе цеплакрыніцы і спажыўцы цеплаэнергіі краіны.

Усе асноўныя запланаваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да зімы ў сталіцы выкананы. Поўнасцю адрамантаваны стыкі сценавых панэляў, дахі, фасады, праведзены прафілактычныя работы па падрыхтоўцы інжынернага абсталявання для бяспечнай эксплуатацыі ў сезон ацяплення, запэўнілі камунальнікі. Выключэнне толькі для работ, якія прадугледжаны на 2020-ы: рамонт цеплавых, водаправодных і каналізацыйных сетак.

— Зімою ратаваць сталіцу ад снегу будуць 700 адзінак спецтэхнікі, а 800 прыбіральшчыкаў — расчышчаць прыпынкі, тратуары, лесвіцы і пешаходныя пераходы, — праінфармаваў Алег ЛУКАШЭНКА, намеснік генеральнага дырэктара аб'яднання «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання. — Апрацоўваць мінскія дарогі будуць пясчана-саляной сумессю і чыстай соллю «Галіт» маркі А. Да 15 кастрычніка іх нарыхтуюць у неабходнай колькасці — не менш як 75 % ад патрэбнай прадпрыемствам. 7,9 тысячы тон сумесі — аб'ём, які могуць умясціць склады, папаўняцца запасы будуць па меры расходавання.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».