Вы тут

Годна перадаць парламенцкую эстафету


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на адкрыцці сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання


Фота БЕЛТА

Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя! Пачынае работу сёмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Гэта заключная сесія для цяперашняга складу дэпутацкага корпуса, з завяршэннем якой будзе перагорнута яшчэ адна старонка ў гісторыі беларускага парламентарызму.

У краіне набірае ход выбарчая кампанія, актыўна адбываецца працэс вылучэння кандыдатаў у новы склад парламента. І ўжо ў хуткім часе шостае скліканне Палаты прадстаўнікоў перадасць эстафету нанава выбраным дэпутатам.

Разам з тым свае выбарчыя перавагі грамадзяне ў многім фарміруюць зыходзячы з ацэнкі менавіта нашай дзейнасці. Таму задача ў нас з вамі, паважаныя калегі, адна: годна выканаць увесь той аб'ём работы, які мы запланавалі. Тым больш што ўсе пытанні, уключаныя ў заканадаўчы парадак дня, падпарадкаваныя дасягненню стратэгічных мэт, замацаваных у пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

У немалой ступені яе рэалізацыя залежыць ад эфектыўнасці бюджэтнай палітыкі. У наступным годзе яна традыцыйна будзе накіравана на забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, стварэнне ўмоў для ўстойлівага эканамічнага росту, узмацненне сацыяльнай накіраванасці выдаткаў, уключаючы павышэнне дабрабыту работнікаў бюджэтнай сферы і падтрымку шматдзетных сем'яў.

Складанне галоўнага фінансавага дакумента патрабуе ўважлівага ўліку ўсіх фактараў і рызык. Зразумела, тое, што нацыянальныя падатковыя правілы застаюцца стабільнымі, дазваляе нам сёння больш выразна прагназаваць асноўныя параметры бюджэту — у першую чаргу па даходах. І цяпер трэба ўважліва паглядзець на прыярытэты фінансавання, а гэта — забеспячэнне апераджальнага развіцця навукаёмістых галін і выраўноўванне эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў пры безумоўным выкананні краінай усіх знешніх і ўнутраных абавязацельстваў.

Прадказальнасць падатковых правілаў важная і з таго пункту гледжання, што яна дасць магчымасць больш упэўнена планаваць сваю бізнес-стратэгію як айчынным прадпрыемствам, так і замежным інвестарам. Але ў стварэнні стабільнага дзелавога асяроддзя варта зрабіць яшчэ адзін важны крок. Гаворка ідзе пра ўдасканаленне карпаратыўнага права, і перш за ўсё заканадаўства па пытаннях гаспадарчых таварыстваў. Ад вынікаў гэтай работы шмат у чым будуць залежаць пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу».

Акрамя таго, нам трэба будзе прыняць шэраг рашэнняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Запланаваныя меры закліканы павысіць устойлівасць беларускіх кампаній на гэтым маштабным рынку і ліквідаваць шэраг тэхнічных бар'ераў ва ўзаемным гандлі. Чарговым крокам у гэтым кірунку стане карэкціроўка законаў у сферы натуральных манаполій, транспартнай дзейнасці, электрасувязі, метралагічнага забеспячэння, тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі.

У сучасную эпоху пры фарміраванні стратэгіі развіцця дакладна выбудаваць па ранжыры эканамічныя і сацыяльныя мэты практычна немагчыма. Яны самым цесным чынам пераплеценыя. Прычым менавіта якасць жыцця, якая дазваляе раскрыць творчы патэнцыял асобы, сёння становіцца адным з вядучых фактараў эканамічнага росту.

Галоўны наш рэсурс — чалавечы капітал, высокія прафесіяналы, запатрабаваныя ва ўсім свеце. І каб Беларусь магла паспяхова канкурыраваць у барацьбе за кваліфікаваныя кадры, нам важна пастаянна паляпшаць не толькі бізнес-клімат, але і ўмовы жыцця і працы нашых грамадзян.

Напрыклад, мы зрабілі шэраг крокаў насустрач бізнесу ў працоўным заканадаўстве. Але аказалася, што пытанні аховы працы некаторых катэгорый работнікаў не ўрэгуляваныя, роўна як нідзе не прапісаныя абавязкі іх наймальнікаў у гэтай галіне. А гэта ж базавыя пытанні, звязаныя са здароўем, а часам і жыццём людзей. Сёння мы запаўняем гэты прабел, працуючы над адпаведнымі папраўкамі.

Акрамя таго, нам трэба будзе завяршыць работу з законапраектамі, якія непасрэдна датычацца павышэння якасці аказання медыцынскіх і жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву, абароны экалогіі, забеспячэння законнасці і правапарадку.

Шэраг сур'ёзных задач намечаны да выканання і ў рамках нашай міжнароднай праграмы. Тут у цэлым створаны нядрэнны зачын. Гэта відаць і па дынаміцы двухбаковых сувязяў, і па пытаннях, з якімі працуюць парламенцкія групы дружбы.

Важна, што разам з рашэннем чыста палітычных задач мы ўсё больш актыўна выходзім на канкрэтныя эканамічныя праекты. Напрыклад, дэпутаты і прадстаўнікі бізнесу Германіі сёння ўважліва вывучаюць магчымасці міжрэгіянальнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Беларуссю, перспектывы вытворчай кааперацыі ў шэрагу інавацыйных сфер.

Турэцкія і японскія парламентарыі праявілі сур'ёзную цікавасць да беларускага сектара інфармацыйных тэхналогій. А з нашымі польскімі калегамі мы вядзём ужо практычна сістэмны дыялог па самым шырокім коле тэм, якія закранаюць эканоміку, гандаль, інвестыцыі, спорт, турызм і многае іншае.

Радуе, што гэтая актыўнасць прыносіць рэальны плён у выглядзе міжнародных пагадненняў і ўзаемавыгадных кантрактаў. Аб'ёмны пакет такіх дакументаў падпісаны нядаўна і па выніках першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, праведзенага ў Мінску па ініцыятыве парламентаў дзвюх краін.

Падобных прыкладаў можна прывесці шмат. І ўсе гэтыя сувязі і напрацоўкі нам ні ў якім разе нельга страціць. Мяркую, з гэтым салідарныя і кіраўнікі дыпламатычных місій, якія ўнеслі немалы ўклад у развіццё дыялогу. Бо акрамя прамой эканамічнай выгады для грамадзян нашых краін, умацаванне даверу і імкненне супрацоўнічаць без палітычнай прадузятасці дапамагаюць нам лепш разумець адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях.

А гэта сёння — вельмі важная задача. Улічваючы трывожныя падзеі, якія адбываюцца ў свеце, аб'яднальны парадак дня ў духу ініцыятыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь запатрабаваны як ніколі.

Мы адчуваем гэта па той атмасферы, якая складваецца ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. І мы ўдзячныя сваім калегам за падтрымку. Летам у Люксембургу была аднагалосна прынятая наша чарговая, ужо трэцяя па ліку ў гэтым скліканні, рэзалюцыя.

Паступова павялічваецца колькасць прыхільнікаў уладкавання Еўразійскага кантынента на прынцыпах даверу і партнёрства. Яскравы прыклад таму — Нарада спікераў парламентаў краін Еўразіі. Гэта маладая, але хутка набіраючая міжнародную вагу дыялогавая платформа. Калі на першай нарадзе было ўсяго 18 удзельнікаў, то ў апошнім мерапрыемстве, якое прайшло ў Нур-Султане, прынялі ўдзел ужо 65 парламентаў і 14 міжнародных арганізацый.

Мы завастрылі ўвагу сваіх калег на новай стратэгічнай ініцыятыве кіраўніка беларускай дзяржавы аб фарміраванні «пояса лічбавага добрасуседства». Яна лагічна выцякае з ідэі «Хельсінкі 2» і ў плане абароны ад сучасных пагроз чалавецтву можа сыграць не менш важную ролю, чым Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Нашы прапановы ўвайшлі ў выніковы дакумент Нарады. Гэта сведчыць аб значнасці пытанняў, якія падымае Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне. Пацвярджэнне таго мы пачулі і на сустрэчы са старшынёй Міжпарламенцкага саюза спадарыняй Баран, якая наведала нашу краіну для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню, прысвечанай барацьбе з тэрарызмам пры дапамозе сучасных тэхналогій і інавацый.

Нам вельмі блізкія і зразумелыя мэты, вакол якіх будуецца дзейнасць гэтай глабальнай парламенцкай арганізацыі. Фактычна менавіта прыярытэты ўстойлівага развіцця вызначаюць як унутраную, так і знешнюю палітыку Беларусі. І мы глыбока перакананыя, што самым верным крокам да больш стабільнага, бяспечнага і справядлівага свету з'яўляецца не канкурэнцыя, а актыўны пошук пунктаў спалучэння паміж рознымі эканамічнымі мадэлямі, што існуюць у свеце.

Для Беларусі натуральным шляхам развіцця заўсёды была і застаецца плённая інтэграцыя з усімі, хто гатовы з намі супрацоўнічаць, перш за ўсё з найбольш блізкімі суседзямі. Пры гэтым мы разумеем, што інтэграцыя не самамэта, а інструмент дасягнення найвышэйшай мэты — росту дабрабыту грамадзян нашых краін.

На гэтых прынцыпах мы будуем сваю работу ў парламенцкіх вымярэннях СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы. У нашых агульных інтарэсах максімальна задзейнічаць увесь інтэграцыйны патэнцыял, які мы маем. Таму асаблівы ўпор робіцца на гарманізацыі заканадаўства, забеспячэнні роўных правоў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання, навядзенні парадку ў гандлёва-эканамічных адносінах.

Зразумела, тэмай многіх маючых адбыцца міжнародных мерапрыемстваў стануць парламенцкія выбары. Яны ўжо, дарэчы, абмяркоўваліся ў Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, а таксама на сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з місіяй па ацэнцы патрэб БДІПЧ АБСЕ.

Па меры набліжэння даты выбараў у краіне павялічыцца колькасць міжнародных назіральнікаў. Частка з іх запрошана па нашай ініцыятыве. З імі нам таксама трэба будзе сустракацца. І, вядома, беларускія дэпутаты пастараюцца аказаць ім усё магчымае садзейнічанне для выканання іх місіі.

Нам няма чаго хаваць. Усе бачаць, што выбарчая кампанія праходзіць цывілізавана і канструктыўна. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень палітычнай культуры беларускага грамадства і разуменні ім важнасці захавання сацыяльнай стабільнасці і грамадзянскага
міру.

Для паспяховага развіцця любой дзяржавы важныя згуртаванасць усіх грамадзян незалежна ад узросту, поглядаў і перакананняў, нацэленасць на эфектыўнае супрацоўніцтва. Гэта сфера адказнасці і дэпутацкага корпусу.

Нам неабходна падтрымліваць пастаянны дыялог з грамадствам. Грамадзяне павінны ведаць, што стаіць за найважнейшымі дзяржаўнымі рашэннямі, як ажыццяўляецца заканадаўчы працэс, якімі якасцямі павінны валодаць дэпутаты, каб годна прадстаўляць інтарэсы народа ў заканадаўчым органе.

Вялікую ролю тут іграе выкананне нашых абавязкаў у выбарчых акругах. Дробных пытанняў у гэтай рабоце, як мы ведаем, няма. І ад іх рашэння шмат у чым залежыць давер народа да ўлады. Парламентарыі заўсёды былі сілай, якая кансалідуе грамадства ў адказныя для краіны перыяды развіцця. Упэўнены, так будзе і надалей.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце мне падзякаваць вам за падрыхтоўку да сесіі і запрасіць да работы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек. 

Грамадства

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах. 

Прэзідэнт

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».