Вы тут

Гасцінны Купалаў дом


У музея ёсць два асноўныя аб’екты захавання. Першы — рэчы, матэрыяльныя аб’екты, якія па пэўных прычынах маюць каштоўнасць. А вось другі — спрэчны і няўлоўны: дух, атмасфера месца, эпохі або чалавека. Адзін з галоўных літаратурных музеяў Беларусі спраўляецца з абедзвюма задачамі, бо праз столькі гадоў і выпрабаванняў застаецца Купалавым домам.


Дэлегацыя савецкіх пісьменнікаў — гасцей VII з’езда беларускіх пісьменнікаў каля ўвахода ў музей Янкі Купалы. 10 мая 1976 г

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы гэтымі днямі адзначыў 75-годдзе з моманту заснавання. Уладзіслава Францаўна Луцэвіч — першая збіральніца Купалавай спадчыны і першы дырэктар яго музея — на самым пачатку дзейнасці ўстановы абазначыла мэты: «Творы Купалы будуць выхоўваць у будучых пакаленнях любоў да Радзімы, адданасць ёй, імкненне да жыцця і барацьбы. Сабраць усё, што можна, пра Купалу — наш абавязак перад гісторыяй». Нягледзячы на тое, што збіранне працягваецца і па сёння, у ХХІ стагоддзі перад музеем стаіць яшчэ адна адказная задача: не толькі збіраць, даследаваць і захоўваць, але і папулярызаваць, несці Купалаву спадчыну людзям, распаўсюджваць яе не толькі сярод беларусаў, але і за мяжой. Сёння музей Купалы — месца правядзення выставак і мерапрыемстваў, удзельнік дыпламатычных місій, а таксама і стваральнік уласных праектаў.

Вялікую значнасць музея для беларускай культуры пацвердзілі шматлікія віншаванні, якія прагучалі падчас урачыстасці ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У гэты вечар калектыў музея атрымаў безліч узнагарод і падзяк. Віншаванні ляцелі нават з-за мяжы. Супрацоўнікі татарстанскага музея-кватэры Купалы ў Пячышчах запісалі відэа з пажаданнямі.

«Любы дом — найперш людзі, таму для мяне музей Купалы ў першую чаргу — асобы, якія праз адданасць справе, гарачыню сэрца падтрымліваюць спадчыну Купалы жывой. Гэта месца, дзе руплівасцю гаспадароў, глыбінёй, творчасцю, пошукам Купалава спадчына пазбаўляецца хрэстаматыйнай будзённасці, пачынае зіхацець святлом яго душы, болем і шчырасцю паэтавага закліку, пяшчотнасцю любові Купалы да радзімы. У філасофскім сэнсе Купалавы дом — гэта месца, дзе беларуская душа адчувае сябе вольнай і абароненай, дзе атрымлівае натхненне і падтрымку», — адзначыў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, запрашаючы ўсю залу да апладысментаў былым і сённяшнім супрацоўнікам музея.

Цёпла віталі калег купалаўцы — артысты Купалаўскага тэатра, якія з гонарам і радасцю носяць гэтае імя. Дырэктар тэатра Павел Латушка паказаў месца, якое любіў займаць паэт, калі прыходзіў на спектаклі.

Свой соты сезон Купалаўскі тэатр па традыцыі распачаў з паказу знакамітай «Паўлінкі». Падчас віншаванняў Павел Латушка зрабіў кранальны падарунак музею — каравай і беларускі ручнік, якія шмат гадоў выкарыстоўваліся як рэквізіт у пастаноўках «Паўлінкі». Яны перайшлі ў валоданне музея.

Дырэктар музея Купалы Алена Ляшковіч прымае віншаванні. Фота Сцяпана Надольскага

Пасля віншаванняў сцэну цалкам заняло мастацтва, купалава слова. Акцёры Купалаўскага тэатра Юлія Шпілеўская і Алег Гарбуз паказалі эпізод з «Паўлінкі». У пранікнёным выкананні народнага артыста Рэспублікі Беларусь Генадзя Аўсяннікава прагучаў дэбютны верш Янкі Купалы «Мужык». Заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў праспяваў фрагмент з фольк-оперы «Адвечная песня», што шаснаццаць гадоў упрыгожвала рэпертуар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Аляксандр і Алена Віслаўскія выканалі некалькі песень з праграмы «Тутэйшы» на словы Янкі Купалы, якую сёлета прэзентавалі падчас Свята Купалы. Падарункам ад Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета стаў верш «Спадчына», пакладзены на музыку Ігарам Лучанком. Выканаў песню Ілья Сільчукоў. Выступленне суправаджалася кадрамі хронікі з жыцця музея — ад моманту адкрыцця і першых экскурсій. Да стварэння свята спрычыніўся і ансамбль «Песняры», выканаўшы некалькі твораў на вершы Купалы са свайго рэпертуару. У праграму была ўключана адмыслова напісаная ў 2017 годзе песня на верш «Генацвале», прысвечаны Эліко Метэхелі. Прэзентацыя песні адбылася ў Грузіі падчас першых Дзён беларускай культуры.

Вечар скончыўся сапраўды ўрачыста: сённяшнія і былыя супрацоўнікі музея выйшлі на сцэну разам, каб праспяваць гімн Купалавага дома на словы Навума Гальпяровіча і музыку Алеся Камоцкага. «Слова Купалы мы захаваем», — спяваў адмысловы хор.

«Гасцінны Купалавы дом з радасцю і шчырасцю сустракае сваіх наведвальнікаў», — заверыла на развітанне дырэктар музея Алена Ляшковіч.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.