Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Песню... запявай!

Кашмар суседзяў і жахлівы сон прыхільнікаў караоке, гаспадары вушэй, па якіх як след патаптаўся мядзведзь, і ўладальнікі прэміі глядацкіх антыпатый «Маўчанне — золата». Менавіта яны — выканаўцы без слыху і голасу, аднак з непераможным жаданнем спяваць на публіцы — сталі ўдзельнікамі новага музычнага шоу «Шчас спяю!», якое стартуе
6 кастрычніка на расійскім Першым канале, а ў Беларусі будзе транслявацца на АНТ.

З больш чым 1200 заявак былі адабраныя 30 удзельнікаў — «найгоршых вакалістаў краіны», якія тым не менш мараць скочыць вышэй галавы і праспяваць насамрэч добра. У кожным выпуску музычныя прэтэнзіі пяці кандыдатаў будуць ацэньваць вядучы Гарык Марцірасян і публіка ў зале. У кожнага «вакаліста» будзе дзве спробы, каб пакінуць добрае ўражанне: спевы пад піяніна і праз 30 секундаў прэзентацыя гатовай сцэнічнай пастаноўкі. Пры гэтым за кадрам застанецца месяц рэпетыцый з прафесіяналамі — педагогамі па вакале, харэографамі, стылістамі, рэжысёрам... Такім чынам, гледачы ўбачаць толькі «чароўнае пераўтварэнне» і прагаласуюць за тых вакалістаў, чые спевы нанеслі ім найменшую маральную шкоду. Пераможца кожнага выпуску атрымае спецыяльны прыз за волю да перамогі. Убачыць і пачуць, хто ж у «Шчас спяю!» здолее трапіць у ноты, можна будзе штонядзелю ў вячэрнім эфіры АНТ.


Новым тэматычным відэачасопісам «Азбука спорту», што расказвае пра развіццё і папулярызацыю дзіцячага спорту ў нашай краіне, парадаваў сваіх гледачоў тэлеканал «Беларусь 5». Адметнасць праекта ў тым, што яго вядучыя — тыя самыя прадстаўнікі малодшага пакалення, якія разам з прафесіяналамі гатуюць простыя і карысныя стравы, вучацца правільна размяркоўваць фізічныя нагрузкі і асвойваюць азы тых ці іншых відаў спорту. Зрэшты, аўтары праекта мяркуюць, што «Азбука спорту», якая выходзіць у эфір з суботы да аўторка, будзе карысная і для бацькоў, якія вагаюцца, у якую секцыю варта аддаць дзіця, каб вырасціць калі не чэмпіёна, дык актыўнага і загартаванага чалавека.

Яшчэ адна навінка сезона на «Беларусь 5» — праграма «Вось гэта спорт». Вядучы Генадзь Вайтовіч расказвае ў ёй пра малавядомыя, неалімпійскія, але па-свойму цікавыя віды спорту: дрон-рэйсінг, петанк, чырлідынг, дог-фрысбі, парашутны, пажарна-выратавальны спорт, корфбол. Пра ўсё гэта можна даведацца больш падрабязна, пачынаючы ад 4 кастрычніка.


Калі вы не прыхільнік забаўляльных «фрык-шоу» і аддаяце перавагу разумнаму, добраму, вечнаму, не абмініце ўвагай новы сезон праекта «Квартэт 4х4», што ўжо стартаваў на канале «Культура». У 2018-м прэм'ера арыгінальнага музычнага тэлепраекта мела велізарны поспех, які, вельмі імаверна, паўторыцца і сёлета.

Паводле задумы, у праекце ўсіх па чатыры: чатыры выканаўцы ў кожным калектыве, чатыры квартэты ў кожнай групе канкурсантаў, чатыры сеты ў кожным туры спаборніцтва і чатыры аўтарытэтныя члены журы (сёлета гэта акардэаніст Пётр Дранга, кампазітар Лора Квінт, мультыінструменталіст, этнограф, спявак і прадзюсар Сяргей Старасцін і рок-музыкант, лідар гурта «Ва-Банк» Аляксандр Ф. Скляр). І толькі вядучы нязменна адзін: акцёр тэатра і кіно, адзін з заснавальнікаў камічнага тэатра «Квартэт І» Каміль Ларын.

У другім сезоне свае творчыя знаходкі і імправізацыі прадставяць 16 квартэтаў з Расіі і блізкага замежжа, як заўжды, зусім розныя па стылях і кірунках, абраных інструментах, арыгінальнасці музыкантаў. Словам, калі вы з племені меламанаў, «Квартэт 4х4» — гэта проста нейкае суботняе свята для вушэй і для душы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.