Вы тут

Новы від афёры з'явіўся ў інтэрнэце


У гонар свайго дня нараджэння найбуйнейшы банк краіны дорыць кліентам грошы ў суме 100 рублёў. Такую інфармацыю паведамляюць адно аднаму ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». У групавых чатах карыстальнікаў нібыта іх агульныя знаёмыя дзеляцца тым, што прынялі ўдзел у акцыі і сталі ўладальнікамі нечаканых дывідэндаў. Для гэтага неабходна толькі паведаміць рэквізіты банкаўскай карткі. У надзеі лёгка сарваць куш многія ідуць па інструкцыі і тут жа рэкламуюць акцыю сваякам, знаёмым, сябрам.


Менавіта такім чынам пра падарунак ад банка даведалася і 61-гадовая жыхарка Маладзечна. У перапісцы са сваячкай жанчына паведаміла ёй 16-значны нумар і тэрмін дзеяння дзвюх плацежных картаў, а таксама коды, якія прыходзяць на мабільны тэлефон. Аднак западозрыўшы падман, яна паспрабавала звязацца са сваячкай па тэлефоне. Трубку ніхто не падняў, а ў адказ прыйшло паведамленне, што «абанент ператэлефануе». У банку жанчыну «абрадавалі» тым, што адна з яе картаў была заблакаваная з-за падазроных аперацый, з другой жа БПК спісана 57 рублёў. Па факце крадзяжу грашовых сродкаў маладзечанка звярнулася ў міліцыю.

Дарэчы, самой сваячцы пашанцавала больш — зламыснікам з чата яна таксама паведаміла рэквізіты сваёй банкаўскай карты, праўда, грошай на ёй не было.

Як паведамляе Група інфармацыі і грамадскіх сувязяў Маладзечанскага РАУС, практычна штодня ў райаддзел міліцыі сталі звяртацца жыхары рэгіёна. Усе яны пацярпелі ад ашуканскіх дзеянняў у сацыяльнай сетцы. У групавых чатах ад імя нібыта знаёмых ім прапаноўвалі атрымаць 100-рублёвы падарунак ад банка, калі яны паведамяць рэквізіты карты. Усе заяўнікі, як правіла, людзі старэйшага ўзросту. З-за сваёй залішняй даверлівасці гэтая катэгорыя грамадзян з'яўляецца вельмі ўразлівай. Цяпер па гэтых фактах праводзіцца праверка.

Як бачым, метад зламыснікаў у асноўным застаўся ранейшы, змяніліся месца лакацыі і падстава для падману. Калі раней ашуканцы «працавалі» з моладдзю ва «УКантакце», то цяпер «пераключыліся» на старэйшых грамадзян у «Аднакласніках». Таму, маючы зносіны ў сацыяльных сетках, раяць праваахоўнікі, пераканайцеся, што вы сапраўды перапісваліся са знаёмым чалавекам, і што яго ўліковы запіс не ўзламаны. Інакш ад імя знаёмага вам чалавека будзе перапісвацца і абяцаць залатыя горы ашуканец. Ні ў якім разе нікому не паведамляйце канфідэнцыйныя звесткі. Толькі павышаная пільнасць і ўважлівасць дапаможа супрацьстаяць жулікам у інтэрнэце.

Канстанцін ЛЮТКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.