Вы тут

Распрацоўваецца законапраект аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі


Законапраект аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі, які цяпер разглядаецца Палатай прадстаўнікоў, прадугледжвае важныя інавацыйныя падыходы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўкараненне паслугі персанальнага асістэнта для людзей з інваліднасцю, аб сітуацыйнай дапамозе для інвалідаў ва ўсіх грамадскіх установах, кватаванні рабочых месцаў для іх і іншыя новаўвядзенні.


«Будзе ўкараняцца паслуга персанальнага асістэнта для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — паведаміла журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская. — На сённяшні дзень такія памочнікі для людзей з інваліднасцю ўжо маюцца, але яны звычайна прызначаныя для дапамогі тым, хто перасоўваецца на інваліднай калясцы. З прыняццем закона плануецца, што гэтая паслуга будзе ўкараняцца для людзей з рознымі формамі інваліднасці». Тут маюцца на ўвазе перш за ўсё паслугі асабістага перакладчыка мовы жэстаў ці асістэнта для адзінокіх і адзінока пражываючых інвалідаў І і ІІ груп. Таксама паслуга суправаджэння будзе абавязкова ўводзіцца ў сем'і, у якіх ёсць людзі з інваліднасцю.

Па словах Тамары Красоўскай, пасля прыняцця закона людзі з інваліднасцю таксама змогуць атрымліваць сітуацыйную дапамогу ва ўсіх грамадскіх установах. Аказваць яе будуць спецыяльна навучаныя людзі. «Напрыклад, чалавек з інваліднасцю прыходзіць у краму. Яго сустракае гэты памочнік. Ён забяспечвае суправаджэнне, кансультуе, дапамагае, калі трэба, перамяшчацца», — расказала Тамара Красоўская.

Змены закрануць і сферу адукацыі, у якую будзе ўсё шырэй укараняцца інклюзіўнае навучанне. Для гэтага будуць спецыяльна абсталяваныя класы, індывідуальныя праграмы для дзяцей, якія маюць у гэтым патрэбу.

«Мы павінны зрабіць камфортнымі усе сферы жыцця для людзей з абмежаванымі магчымасцямі», — сказала Тамара Красоўская. Новы закон будзе накіраваны на гэта. Але вельмі важна, каб у нашым грамадстве таксама памянялася стаўленне да такіх асоб, каб мы ўспрымалі інвалідаў як звычайных людзей, якія жывуць побач з намі і проста часам маюць патрэбу ў дапамозе.

***

Пра ўсё гэта ішла гаворка на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў, прысвечаным укараненню інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання ў інтарэсах людзей з інваліднасцю. У ім, акрамя дэпутатаў, узялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Сам законапраект аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі паступіў у парламент 9 верасня. Ён быў разасланы ва ўсе пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў для разгляду, унясення прапаноў і карэкціровак. Да ўдзелу ў рабоце над законапраектам будуць прыцягнутыя і грамадскія аб'яднанні, у першую чаргу тыя, што прадстаўляюць інтарэсы людзей з інваліднасцю.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.