Усе дамоўленасці паміж Беларуссю і Украінай будуць выконвацца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перамовах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, паведамляе БЕЛТА.
«Усё, пра што мы дамовімся, будзе выконвацца. Хачу запэўніць, што мы свята будзем выконваць нашы дамоўленасці», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Зяленскаму ад імя ўсёй беларускай дэлегацыі, адзначыўшы, што ў Жытомір у агульнай складанасці прыехалі амаль паўтысячы чалавек. «На блізкую нам, можна сказаць, родную зямлю. І вы вельмі тонка заўважылі, правільна, што ў нас, нягледзячы на тую мяжу, якую нас быццам бы прымусілі выбудаваць, паміж людзьмі няма ніякіх межаў, кардонаў. Мы сапраўды разумеем адзін аднаго. Хоць і размаўляем на розных мовах, яны блізкія і зразумелыя нашым людзям», — сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шмат хто будзе пісаць пра тое, што адбылося знаёмства двух прэзідэнтаў. «Нічога падобнага. Мы з вамі знаёмыя вельмі даўно. Праўда, завочна. Сёння мы сустракаемся тут сам-насам для таго, каб яшчэ раз зверыць гадзіннікі, прайсціся па парадку дня нашых адносін і дамовіцца», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Нам гісторыя дала такі шанец: дамовіўшыся, выканаць на карысць нашых народаў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што для Беларусі ёсць не толькі прагматычная аснова ўзаемадзеяння з украінскай дзяржавай і народам Украіны. «Гэтая глыбокая вялікая ідэалогія заснавана на гісторыі, якую мы з вамі перажылі. Ды і цяпер нам няпроста. Усе праблемы, якія ёсць у нас і ў вас, мы перажываем разам. Хачу вас запэўніць: вы ніколі не мелі праблем з тэрыторыі Беларусі і з Беларуссю і вы ніколі не будзеце іх мець. Мы заўсёды будзем самымі добрымі і надзейнымі вашымі прыхільнікамі, партнёрамі. І калі новая ўлада Украіны захоча мець з намі брацкія цесныя адносіны, за намі справа не стане», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
«Нашы краіны сапраўды не маюць межаў. Я перш за ўсё кажу пра людзей», — сказаў украінскі лідар.
Уладзімір Зяленскі пачаў перамовы са слоў: «Добры дзень, сябры!» Ва ўступным слове ён перайшоў з рускай на ўкраінскую мову, адзначыўшы, што нават так кіраўнікі дзяржаў разумеюць адзін аднаго.
«Нашы людзі дружныя, ментальна абсалютна блізкія. І я ганаруся, што ў нас такія добрыя адносіны і суседзі», — падкрэсліў Прэзідэнт Украіны.
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы
Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…
На прасторах яе вялікасці кнігі.