Вы тут

Чым на форуме «ТэАРТ» гамбургскі тэатр «сарваў залу»


Калі таты доўга няма (гадоў так дваццаць, мама кажа, што ён у вайсковым паходзе, здзяйсняе гераічныя подзвігі), а сын раптам сустракае хлопца, які лічыць сваім бацькам таго ж чалавека, ці можа гэта скончыцца добра? Нават калі хлопчыкі выраслі і сустракаюцца ўжо дарослымі людзьмі? Вядома, можна абысціся і без бойкі на кулаках. Прыстойныя людзі заўсёды ж могуць паразмаўляць па-чалавечы.


Ну-ну... Тэлемах і Тэлегон спрабуюць гэта зрабіць — і не могуць паразумецца. Не толькі таму, што ў іх розныя мамы. Для кожнага важны вобраз бацькі, імя якога грыміць па свеце, тым больш, што ён не абы-хто, а легендарны цар Ітакі Адысей, герой Траянскай вайны, які знік на дваццаць гадоў, цяпер такога маглі б прылічыць да прапаўшых без вестак. Добра знайсці такога тату, пабачыць яго (жывым ці мёртвым), ды ў рэшце стаць яго спадкаемцам, пажадана адзіным... Як магла б выглядаць сустрэча двух сыноў Адысея, паказаў тэатр «Талія» з Гамбурга ў рамках міжнароднай праграмы форуму «ТэАРТ».

«Адысея» рэжысёра Анту Рамера Нунеса не мае дачынення да тэксту Гамера. І ў прынцыпе, да тэксту як такога. Бо, калі людзі спрачаюцца/сварацца, любыя словы — гэта найперш эмоцыі, магутны выкід энергіі, які трансфармуецца ў пачуццё. Яно зразумелае, нават калі цяжка разабраць, што гучыць. Ды і не трэба. Таму і з'явіўся вось такі варыянт, калі акцёры ў спектаклі кантактуюць паміж сабой з дапамогай выпадковага злучэння гукаў. То-бок на мове, якой не існуе, — яе прыдумалі толькі для гэтага спектакля. Для гледачоў, якія прывыклі лавіць словы, перад паказам у межах «ТэАРТа» зрабілі адмысловы пралог-тлумачэнне, ды яшчэ з жартам: «Калі перад пачаткам спектаклю на сцэну выходзіць драматург, гэта нічым добрым не скончыцца...» А вось гэта залежала ад таго, хто на што разлічваў.

Класічная гамераўская «Адысея» тут ні пры чым — на сцэне няма ніякай згадкі пра антычнасць. На меркаваным партрэце таты, які ўмацоўвае на сцяне адзін з сыноў, — мужчына-зорка, герой сучасных мрояў. А самі Тэлемах і Тэлегон — такія вытанчаныя дэндзі ў адпрасаваных строях (але паколькі іх імёны не гучаць, то гэта могуць быць проста людзі, які сустрэліся пры адпаведных абставінах). Яны прыходзяць аддаць даніну павагі чалавеку, якога не дачакаліся. Труна, што выязджае з глыбінь сцэны, схіляе да думкі, што, магчыма, ужо і не дачакаюцца. Таму ў аднаго ў руках — жалобны вяночак. У другога — кветка, але ж як прыгожа яна стаіць у вазе каля труны! Паглядзіце, хто больш любіць тату... І панеслася. Спачатку размова — на той самай мове, якую не зразумее ніхто ў свеце, але ўяўленне дапаможа пралічыць сутнасць таго, што могуць сказаць адзін аднаму зводныя браты, якія сустрэліся першы раз. Тым больш што ад слоўных высвятленняў адносін яны неўзабаве пераходзяць да дзеянняў.

І тут пачынаецца самае галоўнае і фантастычнае — ужо без слоў. Тое, што героі робяць і як, прымушае трымаць увагу, сачыць за кожным іх рухам. Спрэчка за тату і каля яго труны падаецца праз сітуацыі, якія адчуе сучасны чалавек. Закладзеная той самай першай кветкай, яна, падобна размове, то фантануе эмоцыямі і ўсплёскамі актыўнасці, то крыху сцішваецца, дазваляючы перавесці дух, — але не столькі акцёрам (яны пераўвасабляюцца вокамгненна), колькі гледачам, бо трэба ж звязваць убачаныя сцэны паміж сабой, фармулюючы для сябе галоўную думку. Міміка, жэсты, рухі — вось на гэтых складніках трымаецца «вандроўка па матывах Гамера», якую разыгралі Томас Ніхаус і Паўль Шрэдэр. Часам гэта падобна на клаўнаду ці работу выдатных ілюзіяністаў, якія пускаюць мыльныя бурбалкі і абыгрываюць паперкі з малюнкамі. Але думка пра тое, што ты не ў цырку, прыходзіць адразу, як адзін з братоў апынаецца закрытым у труне. Мужчыны мераюцца сваімі самымі вартымі якасцямі: то мускуламі як культурысты, то сіламі як барцы сумо, то праз розныя музычныя інструменты даказваюць права быць найлепшым сынам найслаўнейшага чалавека.

Яны, відаць, працягвалі б даказваць гэта і на дне марскім. Але паступова іх разборкі набываюць жорсткі характар, і вось ужо адзін дастае і з'ядае жывое (яно б'ецца!) сэрца другога. Незаўважна мілыя людзі (няхай і не вельмі блізкія, але ўсё ж родныя) ператвараюцца ў жорсткіх істот. І тады разумееш: гэта не жарты. Смех сціхае. Камяк падкатвае да горла, калі адданыя сыны з бензапіламі распільваюць татаву труну. І літаральна на вачах ператвараюцца ў фантасмагарычных пачвар.

Сапраўдны жах выходзіць у залу. У поўнай цемры, пад гучны гул бензапіл. Жудасна...

Гэты жах — разумееш — нараджаюць людзі. Тэатр можа яго толькі паказаць, каб паглядзелі, як проста ў яго ўвайсці. Утрыравана і вельмі радыкальна. Але гэта тая тэатральная форма, якая ператварае гледача ва ўдзельніка, правакуе на эмоцыю і ў выніку падштурхоўвае да глыбокіх думак пра тое, што (каго) мы насамрэч любім. Чаму так страшна? Бо чыстае зло можа нараджацца з жыццёвай сітуацыі (спаборніцтва за любоў бацькоў, канкурэнцыя паміж дзецьмі, падзел/распіл спадчыны...). Гэтае зло можа хадзіць сярод нас, рухацца, жартаваць да часу, а потым нечакана выбухнуць бядой. І гэты жах адчуваеш на фізіялагічным узроўні, калі з-за цяжару атмасферы некаторы час не знаходзіш сіл адарвацца ад крэсла.

Заплюшчваю вочы, седзячы ў поўнай цемры. Але пах газы дастае нават да балкона...

Радыкальныя выказванні ў тэатры не новыя, але, можа быць, гэта той самы выпадак, калі глядач рэальна адчувае сябе закладнікам сітуацыі. Чым больш непрыемная сітуацыя, тым больш жадання яе пазбягаць — і ў сваім жыцці, і ў тым, што існуе звонку і праходзіць для нас фонам. Гэта не тэатр для назіранняў, гэта тэатр з сапраўдным уварваннем у жыццё.

Пры чым тут Адысей? Ды ні пры чым. Проста на яго месцы можа быць кожны. Ці на месцы яго сыноў. А не хочацца, праўда ж?

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Добра, што тата не бачыў...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».