Вы тут

«Кінатэатры працуюць на «выкід на вуліцу»: фільм скончыўся і да пабачэння»


Культуры кінапрагляду нанесены прыкры ўрон: адзіная ў Мінску пляцоўка, што стала паказвала класіку кіно і аўтарскія фільмы, вымушана была закрыцца. Праект Сіnеmаsсоре, нязменны прыстанак кінаманаў цягам ужо дзесяці гадоў, 1 кастрычніка сышоў з малой залы кінатэатра «Ракета». Калі раней кінатэатр яўна вылучаўся з усёй шматлікасці ўстаноў «Кінавідэапраката», то цяпер стаў уніфікаванай пляцоўкай са звычайным рэпертуарам. Так, у Мінску, дзе, на жаль, няма асобнага арт-кінатэатра, не засталося і залы «сур'ёзнага» кіно. Зараз Сіnеmаsсоре займаецца фестывалем дакументальных фільмаў пра музыку і новую культуру Bеаt Wееkеnd, а ў гарадах Беларусі паказвае «Фауста» Фрыдрыха Мурнау ў суправаджэнні жывой музыкі ў выкананні Fіvе-Stоrеу Еnsеmblе. Мы сустрэліся з заснавальнікамі Сіnеmаsсоре Вольгай Надольскай і Герам Глікам і ў першую чаргу запыталіся, чаму ім прыйшлося сысці з «Ракеты».


Вольга Надольская і Гера Глік у кінатэатры «Кастрычнік».

Г.: Такі вынік наспяваў цягам некалькіх гадоў, хоць і была надзея, што навальніца пройдзе бокам. Пасля сыходу з пасады генеральнага дырэктара «Кінавідэапраката» Васіля Коктыша да нас узнікла шмат пытанняў, маўляў, мы займаем залу і паказваем у ёй старое кіно, якое нікому не патрэбна, бо народ хоча новае, вясёлае і масавае. Пагаварыць на гэты конт нас запрасіў новы дырэктар Юрый Чачукевіч, але размова нічым не завяршылася, ён толькі прапанаваў прывезці ў «Ракету» аэрахакей, таму што ў кінатэатра, на яго погляд, было сумнае фае. Дзякуй богу, гульнявы аўтамат там проста не ўмясціўся. Пытанні да нас сціхлі, але асадак застаўся.

В.: Быў такі паказальны выпадак. Калі мы выпускалі ў пракат «Каляды, зноў», перад прэм'ерным сеансам зрабілі адмысловае мерапрыемства — музыканты ігралі Сэн-Санса з Чайкоўскім, то-бок, музыку з фільма, можна было пачаставацца пернікамі. Білеты былі раскуплены за пару дзён. Кіраўніцтва выклікала нас да сябе з пытаннем: «Ну добра, зараз вы пернікаў напяклі, а далей што будзеце рабіць?» Нам казалі, што мы павінны займацца рэкламай, збіраць публіку, прыносіць грошы і так далей, хоць нам здавалася, кінатэатр і «Кінавідэапракат» таксама павінны прыкладваць да гэтага нейкія намаганні.

Г.: З цяперашнім генеральным дырэктарам усё зноў звялося да таго, што малая зала павінна прыносіць прыбытак. У кіраўніцтва «Ракеты» ўзнікла ідэя зрабіць з яе такую ж, як у «Піянеры», — усталяваць DСР, пачаць круціць новыя фільмы і збіраць поўныя залы. Пытанне, чаму на новыя фільмы ніхто не ходзіць у вялікую залу, заставалася рытарычным. У рэшце рэшт яны падлічылі выдаткі і адмовіліся ад сваёй ідэі. Гэты выпадак быў другой куляй. Значыць, калі ёсць ужо дзве — уверх, уніз — трэцім павінен быць прыстрэл (смяецца). Цэнтральная куля прагучала ў канцы жніўня: дырэктар «Кінавідэапраката» папрасіў нас забраць сваё абсталяванне, каб замяніць яго сваім. Нас паставілі перад фактам, што на сеансах у чацвер, пятніцу, суботу і нядзелю будуць дэманстравацца фільмы, адабраныя «Кінавідэапракатам», а ў астатнія тры дні — з нашай падборкі. Мы адмовіліся працаваць на такіх умовах, бо ў малой залы была канцэпцыя, у большай ступені адукацыйная, чым забаўляльная: мы паказвалі старыя карціны, класіку, этапныя фільмы гісторыі кіно, прычым абавязкова на мове арыгінала з субцітрамі. Наша канцэпцыя была б разбурана: калі чатыры дні паказваць дубліраваныя фільмы, а тры — з субцітрамі, узнікае незразумеласць. Дагэтуль глядач ведаў, што ў «Ракеце» заўсёды можа знайсці класіку і кіно на мове арыгінала. Нам падаецца няправільным прымушаць яго звяраць па календары, калі ідзе масавае кіно, а калі — аўтарскае. Нашым ідэалам было, каб за любы фільм, што дэманструецца ў гэтай зале, нават калі ён не вельмі запатрабаваны, не было б сорамна. Мы паказвалі тое, што трэба паглядзець і проста ведаць. Ёсць жа пэўная літаратура — яна табе, можа, і не падабаецца, але ты павінен ведаць, што такі твор існуе.

— З закрыццём гэтай пляцоўкі ў плане паказаў нямасавага кіно ў нас атрымліваецца зусім беднасць.

Г.: Ну не зусім беднасць, такія фільмы будуць з'яўляцца ў пракаце, проста паказвацца па прынцыпе «хто не паспеў, той спазніўся», бо сістэма «Кінавідэапраката» не дазваляе рабіць доўгі пракат: прэм'еры патрабуюць пэўнай колькасці сеансаў і каб іх размеркаваць, прыбіраюцца, зразумела, артхаусныя карціны. Але ўжо даказана, што артхауснае кіно працуе ў даўжыню: умоўна кажучы, у «Джокера» пасля першага тыдня адбудзецца спад на, скажам, пяцьдзясят працэнтаў, пасля другога — яшчэ на нейкі працэнт, а на сур'ёзнае кіно спачатку прыходзіць маленькая колькасць людзей, а з часам усё больш і больш. Такое кіно можа працаваць месяц, два, тры, у ЗША некаторыя фільмы маюць пракатны лёс у некалькі гадоў. У свой час мы выбралі «Ракету», таму што кінатэатр быў стратны, стаяла пытанне аб тым, каб яго зачыніць, і «Кінавідэапракат» нічога не губляў. На другім паверсе тады была танцпляцоўка, а ў вялікай стаялі букеты з пластыкавых кветак і фанерныя зайцы, і Васіль Коктыш пагадзіўся на нашу шалёную ідэю рэарганізаваць прастору. Калі мы адкрывалі малую залу, нам казалі, што гэта
вар'яцтва, і да нас ніхто не прыйдзе, але наведвальнасць Сіnеmаsсоре была ў сярэднім шэсцьдзясят працэнтаў.

— Наколькі ў Мінску такі спецыфічны рэпертуар эканамічна выгадны?

Г.: Для кінатэатра наш праект не быў стратны.

В.: Калі мы адкрываліся, у нас было шмат ідэй — мы хацелі стварыць бібліятэку, арганізоўваць лекцыі і так далей, але ўсё ўпёрлася ў абставіны.

Г.: Правядзенне лекцый нельга аформіць юрыдычна, бо гэта кіназала. Сеансы падпіраюць адзін аднаго, адпаведна дзеля абмеркавання трэба здымаць наступны паказ, на што ніхто не пойдзе, бо гэта страта грошай.

В.: Цяпер «Кінавідэапракат» павялічвае колькасць сеансаў, яны ідуць фактычна нахлёстам, так што паміж паказамі залы амаль не паспяваюць прыбраць і праветрыць. Мы зараз выглядаем кансерватарамі, але мы ўпэўненыя, што раней культура кінапаказаў была вышэйшая. Інтэрвал паміж сеансамі быў не меншы за трыццаць хвілін, цітры паказваліся да канца пры прыглушаным святле.

Г.: Не кажучы ўжо пра тое, што на прагляд нельга было заходзіць з ежай: калі нехта шамацеў шакаладкай, уся зала на яго абарочвалася і шыпела. Нам дазволілі павесіць на дзвярах аб'яву аб тым, што ўваход з ежай забаронены — некаторыя ўсё роўна праходзілі, а некаторыя, калі бачылі аб'яву, прасілі дазволу пакінуць свой папкорн у каморцы альбо на акне.

— На ваш погляд, у нас ёсць глядач для аўтарскага кіно і культура прагляду ўвогуле?

Г.: Ёсць, але гэтую культуру трэба развіваць, а не душыць. У цэлым яна стала страчвацца, калі прыйшоў папкорн. У шматлікіх артхаусных кінатэатрах за мяжой забаронена ўсё, што шамаціць і пахне, а некаторыя прынцыпова супраць папкорну.

— А ці шмат у нас кінаманаў?

— За час нашай работы змянілася некалькі пакаленняў. Нас часта папракалі, маўляў, колькі можна паказваць Хічкока і Вудзі Алена, але іх фільмы заўсёды збіралі гледача, што нас таксама здзіўляе. Вялікім попытам карысталіся Кубрык, Ален, Хічкок, некаторыя карціны Уайлдара. Доўга працавалі «Каляды, зноў», мы тры месяцы паказвалі «Самакрытыку буржуазнага сабакі», гледачы раптоўна сталі хадзіць плакаць на «Ціхае жыццё». У панядзелак, пасля нашага апошняга сеанса, людзі дзякавалі нам, у некаторых на вачах былі слёзы.

— Я часта сустракаюся з неразуменнем: навошта, маўляў, глядзець класіку на вялікім экране ў кінатэатры. У вас ёсць тлумачэнне?

Г.: Па-першае, у зале іншая атмасфера, таму што энергетыка ідзе не толькі ад экрана. Канешне, можна сядзець дома з нагамі ў тазіку і пацягваць піва, але ў зале зусім іншае адчуванне. Гэта як яднанне фанатаў: яны ж прыходзяць на стадыён не толькі паглядзець футбол, але і дзеля камунікацыі. З дому можна хіба што напісаць і чакаць паўгадзіны, пакуль табе адкажуць, а тут адразу палезлі ў бойку, набілі адзін аднаму морды і засталіся шчаслівыя. Тое ж самае на кінапаказе — можна агучваць свае думкі, абмяркоўваць і спрачацца. Нам не падабалася, што кінатэатр працуе, як я гэта называю, на «выкід на вуліцу»: фільм скончыўся і да пабачэння, прыбіральшчыца з анучай выганяе ўсіх з залы. Гэта катастрофа.

— А вам падаецца, глядач сёння хоча абмяркоўваць
кіно?

Г.: Хоча альбо не хоча: яму трэба даць выбар. А то часам ідзеш і бачыш групкі па дзесяць-пятнаццаць чалавек, якія паляць і абмяркоўваюць кіно на вуліцы.

В.: Мы арганізоўвалі паказ фільма «Трыццаць», а пасля яго — Q&А з рэжысёрам Сімонай Коставай. На абмеркаванне з 250 гледачоў засталося 150, што мяне здзівіла, і пытанні былі вельмі добрыя. У пэўны момант нам пачалі паказваць, што час выйшаў, і проста адкрылі дзверы. Сімона выйшла пакурыць і ў залу вярнуцца ўжо не змагла, таму што пачаўся наступны сеанс. Людзі падыходзілі да рэжысёркі і размаўлялі наўпрост, потым яны ўсе разам пайшлі працягваць абмеркаванне ў суседні бар.

— Якой вы бачыце новую пастаянную пляцоўку Сіnеmаsсоре?

В.: У мяне ёсць кінатэатр мары — ён знаходзіцца ў Берліне і называецца Wоlf. Гэта маленькі кінатэатр у пад'ездзе жылога дома з дзвюма невялікімі заламі і прасторай для прэзентацый і іншых мерапрыемстваў. Яны самі фарміруюць рэпертуар, мастак робіць афішы да кожнага фільма, кінатэатр выпускае сваю газету. Мяне прыгнятае тое, што ў Мінску з амаль двума мільёнамі насельніцтва дагэтуль няма пляцоўкі, куды можна прыйсці і ў любы момант знайсці аўтарскае кіно.

Г.: Неяк мы прапаноўвалі звярнуць увагу на работу сеткі адназальных і двухзальных кінатэатраў «Маскіно» ў Маскве, што належыць гораду. Яны пайшлі шляхам, якім варта было б пайсці і нашаму кінапракату: размеркавалі па кінатэатрах асобныя спецыялізацыі. У блізкіх да цэнтра зрабілі ўпор на разнапланавы рэпертуар, уключаючы артхаус і стужкі на мове арыгінала, а бліжэй да ўскраін сталі паказваць сямейнае кіно і блокбастары. У сетцы ж «Кінавідэапраката» атрымліваецца, што ва ўсіх кінатэатрах ідуць адны і тыя ж фільмы. Зараз, напрыклад, паўсюль будзе паказвацца «Джокер» і паўсюль — дубліраваны.

— Якія прыклады стэрэатыпнага стаўлення да кіно могуць вас збянтэжыць?

В.: Неабходнасць вызначаць жанр фільма альбо падзяляць кіно на ігравое і дакументальнае: межы ўжо даўно размыліся. Яшчэ мяне вельмі абурае, калі кажуць, што нікому не патрэбна кіно з субцітрамі, хоць мне падаецца, за час існавання Сіnеmаsсоре не адно пакаленне гледачоў прынцыпова перастала глядзець фільмы ў дубляжы. Калі мы толькі пачыналі, нам нават вярталі білеты і казалі, што ў кіно прыйшлі глядзець, а не чытаць. Цяпер жа, наадварот, гледачы шукаюць у раскладзе сеансы на мове арыгінала. І гэта датычыцца не толькі артхауснага кіно, але і масавага.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.