Вы тут

Моладзь, якая выбрала работу ў АПК, сабралася на форум на Гомельшчыне


Спецыялісты, якія абралі сельскую гаспадарку справай свайго жыцця, скарысталіся магчымасцю і задалі пытанні кіраўніку вобласці Генадзю Салаўю.


Ідэя правядзення форума належыць Прэзідэнту Беларусі. Папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і сельскага ладу жыцця — не адзіная мэта такой сустрэчы. Размова ішла і пра стварэнне ўмоў для павышэння сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці сельскай моладзі, пра формы супрацоўніцтва органаў улады, адукацыйных устаноў, камерцыйных і грамадскіх арганізацый у рабоце па сацыяльным развіцці сяла, пра фарміраванне кадравага рэзерву аграпрамысловага комплексу...

— Дзяржава многа робіць, каб падтрымаць замацавальнасць кадраў. Сёння наша агульная задача ў тым, каб стварыць для сельскай моладзі камфортныя ўмовы жыцця і працы на вёсцы, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — І толькі разам з маладымі людзьмі можна стварыць іх, выпрацаваўшы стратэгію развіцця. Пры гэтым важна зацікаўліваць моладзь з самага ранняга ўзросту, паказваць на прыкладах бацькоў і прафесіяналаў сваёй справы іх значнасць. Рэсурсы для развіцця галіны ёсць: дакладнае земляробства, GРS-навігацыя — прагрэсіўныя тэхналогіі, якія даступныя і ўжо ўжываюцца ў Беларусі.

Сустрэча з моладдзю праходзіла ў вёсцы будучыні — аграгарадку Ціхінічы. Гэты населены пункт — адзін з 25 самых перспектыўных у Гомельскай вобласці. Вытворчасць і развітая сацыяльная інфраструктура населенага пункта даюць магчымасці для стварэння новых рабочых месцаў.

Дыялог адбыўся ў рэжыме адкрытага мікрафона. Маладых работнікаў прадпрыемстваў АПК цікавілі стаўленне губернатара да здаровага ладу жыцця, сацыяльных сетак і інфармацыйнай прасторы, ступень даверу маладым кіраўнікам, забеспячэнне жыллём, прафесійны рост маладога жыхара вёскі і тыя задачы, якія сёння ставіць перад сельскай моладдзю дзяржава.

Старшыня Беларускага прафесійнага саюза аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў падкрэсліў, што ў апошнія гады замацавальнасць маладых спецыялістаў на вёсцы складае больш за 50 %. Каб усе 100 % заставаліся ў галіне, трэба яшчэ многа зрабіць:

— Зямля не прабачае памылак, ляноты і безадказнасці. Вялікая роля адводзіцца асабістым якасцям як кіраўнікоў, так і спецыялістаў. Пры гэтым не выключаецца значэнне работы ў камандзе. Важна не замоўчваць праблемы, якія ўзнікаюць, а вырашаць іх, не саромецца спытаць у калег, перадаваць свой досвед і прыслухоўвацца да іншых, прытрымлівацца тэхналогій. Толькі так можна рухацца наперад, — пералічыў ён.

Сёлета на сельгаспрадпрыемствы Гомельшчыны прыбыло каля 800 выпускнікоў галіновых ВНУ і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў. Каля 100 маладых спецыялістаў АПК прыняла ўдзел у І Форуме сельскай моладзі. Яны наведалі сельскагаспадарчую вопытную станцыю НАН Беларусі ў аграгарадку Доўск, машынна-трактарны парк ААТ «Ціхінічы», экамузей «Беларуская лялька», азнаёміліся з дзейнасцю ААТ «Рагачоўскі МКК», залажылі яблыневую алею. Пяці маладым сем'ям, дзе абодва сужэнцы працуюць у прадпрыемствах АПК, уручылі падарункі ад Гомельскага аблвыканкама.

У Гомельскай вобласці пражывае каля 1,5 мільёна чалавек, з іх ва ўзросце ад 14 да 31 гады — звыш 270 тысяч, ці пятая частка ўсяго насельніцтва. Штогод у народна-гаспадарчы комплекс рэгіёна ўліваецца амаль паўтары тысячы маладых спецыялістаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.