Вы тут

Мардэхай Юшкоўскі тлумачыць сэнс твораў Марка Шагала


Доктар філалогіі, літаратуразнаўца з Вільнюса Мардэхай Юшкоўскі, спецыяліст па мове ідыш, за некалькі хвілін можа растлумачыць, чаму славуты ўраджэнец Віцебска Марк Шагал пісаў тое, што, напэўна, большасці незразумела. Напрыклад, закаханых у небе, жывёл за сталом побач з людзьмі, старога з жоўтым тварам...


«Шагал жа быў рэалістам! Яго родная мова — ідыш. І ён думаў, гаварыў, пісаў на ёй. Мала хто ведае, што ён складаў вершы, і вельмі добрыя! Справа ў тым, што Марк Шагал у пераносным сэнсе маляваў на гэтай мове. Як даследчык скажу, што мастак адлюстроўваў тое, што прынята называць прымаўкамі, народнай мудрасцю, жартамі», — упэўнена даказвае эксперт.

Ён чытае лекцыі ў многіх краінах. Пра «Шагала — рэаліста», у прыватнасці, ужо чулі тысячы людзей у Ізраілі, Украіне, Расіі, Грузіі... У Беларусі — упершыню!

Мардэхай Юшкоўскі, акадэмічны дырэктар міжнароднага Цэнтра мовы і культуры ідыш пры Сусветным яўрэйскім кангрэсе ў Вільнюсе спецыяльна прыляцеў у Беларусь з Ізраіля, каб прачытаць лекцыю «Марк Шагал. Мастак, які маляваў на ідыш». Ён выступіў у музеі Марка Шагала, а потым зноў паляцеў у Ізраіль, бо даты яго лекцый распісаны далёка наперад.

Дырэктар віцебскага шагалаўскага музея Ірына ВОРАНАВА канстатавала, што для Віцебска прыезд эксперта — вялікія гонар і ўдача, а для гараджан — магчымасць раскрыць для сябе Шагала наноў.

Спадар Юшкоўскі так нетрадыцыйна экспрэсіўна для вучоных яго ўзроўню апавядаў пра Шагала, яўрэйскія традыцыі, мястэчкі, што слухачы рэагавалі бурна. Сярод іншага замежны госць спяваў, парадзіраваў яўрэяў з мястэчка, чытаў вершы...

— Вось незразумела, бадай, амаль усім: чаму закаханых Шагал маляваў не як усе, а на небе. Проста ў ідыш ёсць выраз у розных формах, як, дарэчы, і ў рускай мове: «Ад шчасця лётаць хочацца!» Вось і маляваў закаханых над Віцебскам, — разважае лектар.

Пра лятаючых кароў таксама, на думку Юшкоўскага, усё зразумела. Калі па-руску хтосьці апавядае нешта, скажам так, малаверагоднае, яму кажуць: хопіць бабуліных казак, небыліц. На ідыш пра тое самае скажуць прыкладна так: «Карова лётала — вы пра гэта?» Вось Шагал і маляваў — тое, што чуў ад сваякоў, сяброў, на вуліцы! Літаральна так.

— А твар старога зялёнага колеру з жоўтай барадой на адной з карцін? Дык у нас кажуць, што чалавек ад бед, хвароб ды перажыванняў пазелянеў! Як і пра твар, які пачарнеў. Усё лагічна... Як і каза белага колеру — часты персанаж твораў, сімвал чысціні. На адным з палотнаў — каза каля немаўляці, хіба тут нешта трэба тлумачыць? — разважае спадар доктар.

Юшкоўскі нагадвае: славутая аўтабіяграфічная кніга Марка Шагала «Маё жыццё» ў арыгінале напісана на ідыш. Але ў перакладзе на іншыя мовы чамусьці знікае яго падзагаловак пра яўрэйскага хлопчыка з Віцебска. А ў гэтым і ёсць «ключ да кода Шагала!» Бо ў дзяцінстве мастак жыў у правінцыйным гарадку, гаварыў на ідыш. Таму і маляваў тое, што чуў, бачыў, адчуваў навокал... Жыццё яўрэйскага мястэчка «па-шагалаўску» — адлюстраванне рэальнасці. І нават калі ўзяць выяву чалавека, які «стаіць на галаве», — гэта не проста фантазія, а перадача выказвання пра тое, што свет перакульваецца.

— Чаму ў творах Шагала дзяўчына не глядзіць на свайго мужчыну? «Ён ёй закруціў галаву, ды так, што яна стала як заварожаная!» — прыкладна так можна перакласці з ідыш словы пра жанчыну, якая вельмі закахалася, — працягвае даследчык. — Ён сам пісаў, што бачыць свет праз яўрэйскія прымаўкі.

Мардэхай Юшкоўскі прызнаўся, што сам нечакана для сябе «адкрыў Шагала праз ідыш». І вельмі рады, што яго асабістае адчуванне мастака атрымлівае такое разуменне і падтрымку ў іншых людзей, каму цікава разабрацца ў шагалаўскай таямніцы.

І калі задумацца, знайсці логіку ў каранях, знаках, зразумець Шагала будзе вельмі проста.

Родная мова — гэта вялікая сіла. Дзе б чалавек ні жыў, хай нават амаль забыў пэўныя словы і выразы, мова ўсё роўна ўплывае на яго характар, звычкі, успрыманне свету. Таму, як упэўнены літаратуразнаўца, Шагал менавіта такі, якім мы яго ведаем, бо гаварыў, пісаў, маляваў на ідыш!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Разгадаць «код Шагала»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?