Вы тут

Васіль Вашчыла (1690—1744)


У савецкай беларускай гістарыяграфіі імя Васіля Вашчылы стала сімвалам барацьбы беларускіх сялян за свабоду. Ён узначаліў найбуйнейшае ў Беларусі ХVІІІ стагоддзя сялянскае паўстанне. Вобраз Вашчылы натхніў Уладзіміра Караткевіча, і, як вынік, з'явілася п'еса «Маці ўрагану», паводле якой быў зняты і аднайменны фільм. Пры ўсёй гераізацыі вобраза Вашчылы прызнаем, што ён быў чалавек мужны, харызматычны і вельмі разумны. Сапраўды, узначаліць паўстанне (а за ім пайшлі не толькі сяляне, але і мяшчане, і нават шляхта) і не дапусціць яго пераўтварэння ў стыхійны, жорсткі бунт, трымаць дысцыпліну сярод паўстанцаў — для гэтага трэба валодаць і арганізатарскім талентам, і маральным аўтарытэтам, і мужнасцю падняцца супраць мацнейшага ворага.


Крычаўскае паўстанне само па сабе ўнікальнае, бо не мае аналагаў у беларускай гісторыі, яно было не супраць несправядлівага сацыяльнага ладу, а супраць канкрэтных асоб — драпежных арандатараў князя Гераніма Радзівіла. Як уладальнік Крычаўскага староства ён перадаў тое прагным да нажывы арандатарам, якія ўводзілі на сваю карысць новыя падаткі і павіннасці. Даведзеныя да галечы сяляне скардзіліся Радзівілу: «Адкуль нам, няшчасным, узяць, калі мы з цяжкасцю можам пракарміць нашы душы? Мы ўжо маем шмат пазык, адны на невыносныя падаткі, іншыя на хлеб, таму што нам забаранілі яго мець, заўсёды не толькі з хлява, але праз гумны забіралі ў нас арандатары, арэндныя ўтрымальнікі ды іх слугі». Але ён заставаўся глухі да скаргаў сялян, якіх не лічыў за людзей, яшчэ часцей хадакі траплялі ў рукі арандатараў і неслі цяжкую кару. Двойчы хадаком да Радзівіла сяляне выбіралі Васіля, селяніна з вёскі Селішча (яго сапраўднае прозвішча замяніла дзіцячая мянушка Вашчыла). Першы раз ён хадзіў ажно ў далёкую Варшаву, і пасля вяртання быў схоплены слугамі галоўнага арандатара староства Гдаля Іцкавіча і пакараны 150 ударамі бізуна. Вашчыла выжыў. Другі раз, ужо ў 1731 годзе, яго злавілі дарогай і кінулі ў ланцугах у Крычаўскую турму.

Прыгнёт з боку арандатараў і іх прыслужнікаў узрастаў, яны адчувалі сябе беспакаранымі. Аднак усяму ёсць мяжа. Вясной 1740 года сяляне вёскі Панкі спалілі дом аднаго з арандатараў. За гэта да смяротнай кары прысудзілі 18 чалавек. На абарону іх паднялася ўся воласць, і сваім правадыром паўстанцы выбралі Вашчылу. Яны вызвалілі арыштаваных. Вашчыла на чале ўзброенага атрада пачаў усталёўваць справядлівасць: ён забараніў адміністрацыі гнаць сялян на прымусовую работу на лясных будах, а калі забароны былі парушаны, паўстанцы спалілі дзве буды. Але «на сваіх паноў ніякага ўмыслу не мелі», — сведчыў Вашчыла. Ён хацеў утрымаць паўстанцаў у рамках закону. Геранім Радзівіл патрабаваў жорсткага падаўлення паўстання, бачачы ў гэтым «нешта небывалае», — «граміць і належна караць свавольных». Мясцовыя ўлады кінулі на паўстанцаў усе наяўныя сілы. Каля Хоцімска ўрадавы атрад разбіў частку паўстанцаў і шмат каго з іх захапіў у палон. У адказ паўстанне шуганула ва ўсім старостве. Адміністрацыя прасіла Радзівіла прыслаць яго асабістыя войскі (ён меў каля шасці тысяч жаўнераў), бо ў старостве «сапраўдная казаччына — нельга паказацца ў вёсках». Замест войска той прыслаў новага галоўнага арандатара, які быў не лепшы за папярэдніка і больш за тое, прыступіў да праверкі зямель, каб павысіць падатак. Тут ужо ўзбунтавалася шляхта, якая падбівала сваіх сялян на паўстанне. Напрыклад, ушацкі староста Крыштаф Валовіч падбадзёрваў паўстанцаў: «Трымайцеся, не паддавайцеся», хіславіцкі староста Марцін Цеханавецкі ўвогуле прыслаў атрад у 300 чалавек. Паўстанцы разбілі ўрадавыя сілы і па сутнасці захапілі ўладу ў старостве. Сведка тых падзей пісаў: «Быў пасля таго гэты Вашчыла сам у гэтым горадзе (Крычаве. — Аўт.) і павеце ўправіцелем некаторы час, збіраючы з сялян патрэбныя падаткі па ранейшым звычаі на князя». Вашчыла здаваў у арэнду корчмы, буды, млыны, забараніў арандатарам прыцясняць сялян і патрабаваў належным чынам аплачваць іх працу. Багацеі плацілі адмысловы падатак, які ішоў на дапамогу беднякам.

Услед за Крычаўскім староствам на барацьбу падняліся сяляне Віцебскага і Аршанскага паветаў. Па вёсках і мястэчках хадзіла пагалоска, што Вашчыла — унук Багдана Хмяльніцкага. Цяпер ужо захваляваліся цэнтральныя ўлады і рушылі на паўстанцаў атрад на чале з мінскім стольнікам Валадковічам. Але той, прыйшоўшы ў Крычаў, нібыта трапіў у пастку — усе дарогі з горада занялі паўстанцы.

На ўсмірэнне паўстанцаў Геранім Радзівіл паслаў сваё прыватнае войска. 18 студзеня 1744 года ў бітве каля Крычава паўстанцы пацярпелі паражэнне. Усе палонныя (77 паўстанцаў) былі забіты. Вашчыла адвёў ацалелыя сілы за Сож і ў вёсцы Царкоўшчына пачаў збіраць новае войска. Сабралася каля чатырох тысяч чалавек. Але і кіраўнік урадавых войскаў палкоўнік Пястжэцкі папоўніў свае шэрагі прысланай Радзівілам дапамогай. Ён не стаў выпрабоўваць лёс у бітве з паўстанцамі, а 26 студзеня ранкам нечакана напаў на іх лагер. Знішчальны агонь са стрэльбаў і гармат пасеяў паніку, загінула 200 чалавек і 176 трапіла ў палон — іх жорстка пакаралі смерцю.

Васіль Вашчыла ўцёк у Расію. Яго адправілі для следства ў Кіеў. Вашчыла выдаваў сябе за ўраджэнца вёскі Чамаданава Старадубскага палка, значыць, падданага Расійскай імперыі. Улады выпісалі яму пашпарт і хацелі ўжо адпусціць, як у Кіеў прыйшоў ліст Радзівіла, у якім пісалася, што Вашчыла, «собрав несколько десят тысяч (!) своевольных людей, дворы, местечки и деревни господ шляхтичей Мстиславского воеводства ограбил и более тысячи людей умертвил». Пачалося новае следства. Вашчыла абвяргаў абвінавачванні: сяляне самі паўсталі, не забіваў, не рабаваў, «ні капейкі са староства не ўзяў». Яго адправілі ў Старабуд пад следства змешанай расійска-радзівілаўскай камісіі. Тут, у Старадубскай турме, захварэўшы на дызентэрыю, Вашчыла 18 жніўня памёр, нягледзячы на ўсе намаганні дактароў — магчыма, выбраў смерць, каб не трапіць у рукі радзівілаўскіх катаў і застацца свабодным.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы