Вы тут

Ці шукаюць людзі суцяшэння ў гаджэтах?


Нягледзячы на тое, што ўсе мы ўжо даўно прывыклі да карыстання смартфонамі, навукоўцы да гэтага часу не да канца вывучылі іх уплыў на наша здароўе. Але вынікі шматлікіх даследаванняў ужо даказалі наяўнасць сувязі паміж дэпрэсіяй і залежнасцю ад смартфонаў.


Аднак да гэтага часу незразумела адно — смартфоны з'яўляюцца прычынай дэпрэсіі, ці ж наадварот — дэпрэсіўны стан прымушае людзей часцей сыходзіць у віртуальную прастору? Новае даследаванне, праведзенае навукоўцамі з амерыканскага штата Арызона, дало адназначны адказ на гэтае пытанне.

У сваёй рабоце група навукоўцаў пад кіраўніцтвам прафесара Мэцью Лап'ера сфакусіравалася менавіта на псіхалагічнай залежнасці ад смартфонаў, а не на празмерна працяглым карыстанні электроннымі прыладамі. На думку даследчыкаў, навуковых работ, якія датычацца агульнай працягласці выкарыстання смартфонаў, і так дастаткова. І гэта пры тым, што чалавек можа праводзіць за смартфонам шмат часу з велізарнай карысцю — напрыклад, ведучы дзелавыя перамовы ці вывучаючы нешта для сябе новае. А вось залежнасць ад смартфона вельмі небяспечная, і да яе схільныя практычна ўсе маладыя людзі ва ўзросце 18—20 гадоў.

Каб высветліць, ці сапраўды смартфоны могуць выклікаць дэпрэсію ці прычынай залежнасці ад смартфона з'яўляюцца псіхалагічныя праблемы чалавека, навукоўцы правялі апытанне менавіта сярод 18, 19 і 20-гадовых маладых людзей. Ад добраахвотнікаў патрабавалася ацаніць актуальнасць сцвярджэнняў, накшталт «Я нервуюся, калі побач са мной няма смартфона» па чатырохбальнай шкале. Таксама пры дапамозе апытання даследчыкі высветлілі ступень адзіноты кожнага чалавека. Праз некалькі месяцаў добраахвотнікі адказалі на гэтыя ж пытанні паўторна.

Якімі б ні апынуліся вынікі даследавання, навукоўцы ведалі, што рабіць далей. Яны вырашылі: калі апытанне дакажа, што прычынай залежнасці ад смартфонаў з'яўляецца адзінота і дэпрэсіўны стан, яны пазбавяць людзей ад залежнасці пры дапамозе псіхатэрапіі. Калі ж выявіцца, што смартфоны самі прычына дэпрэсіі, навукоўцы змогуць палепшыць псіхалагічны стан людзей, пазбавіўшы іх ад залежнасці.

Вынікі апытання паказалі, што смартфоны самі з'яўляюцца прычынай дэпрэсіўнага стану людзей. Калі верыць адказам добраахвотнікаў, пры адсутнасці смартфона побач, яны пачынаюць адчуваць моцны непакой. Калі ж ён побач — пачынаюць актыўна ім карыстацца і часам цалкам забываюць пра сваё жыццё. У выніку яны марнуюць час дарма, не дасягаюць сваіх жыццёвых мэт і ў цэлым перастаюць адчуваць сябе шчаслівымі.

Як правіла, людзі пачынаюць капацца ў сваім смартфоне, калі адчуваюць стрэс. Каб пазбавіцца ад залежнасці і не пагаршаць стан свайго псіхічнага здароўя, ім неабходна выбіраць больш здаровыя метады пазбаўлення ад стрэсу. Да іх навукоўцы адносяць даволі банальныя, але на самай справе дзейсныя і прыемныя заняткі — зносіны з сябрамі, спорт, медытацыю, захапленні і хобі. Шпацыр па парку, дарэчы, таксама выдатна падыдзе, таму што надае людзям адчуванне шчасця.

Іван Купарвас

Загаловак у газеце: Смартфон — спадарожнік дэпрэсіі?

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Культура

Мір. Cляды літаратурныя

Мір. Cляды літаратурныя

У Беларусі ведаюць Мір — цяперашні гарадскі пасёлак, а раней старадаўняе мястэчка — як унікальны адрас гістарычнай памяці.

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.