Вы тут

Мапа краіны ў эмоцыях


Літаратура і гісторыя заўсёды існавалі ў цеснай повязі. За многія гады такога суіснавання з’явілася шмат форм, якія спалучаюць гэтыя дзве плыні.


Ізяслаў Катляроў, адзін са стваральнікаў кнігі «О, Беларусь, ты — гербная дзяржава!» («Беларуская навука», 2019), выбірае своеасаблівую форму, але асноўваецца на даўняй спадчыне: пераасэнсаваўшы форму геральдычнай эпіграмы, ён стварыў цыкл геральдычных санетаў, прысвечаных гарадам Беларусі. Кніга ўтрымлівае арыгінальныя тэксты на рускай мове і пераклады іх на беларускую, выкананыя Соф’яй Шах.

Выданне падзеленае на сем частак. Першая з іх — тэксты на агульную гістарычна-геральдычную тэматыку, гэта свайго роду аўтарскае асэнсаванне тэмы. Астатнія шэсць частак падзеленыя адпаведна абласцям Беларусі, першы санет у кожнай з іх — прысвячэнне гербу вобласці — дае назву раздзелу.

Санет — адна з цвёрдых вершаваных форм, да якой і сёння творцы звяртаюцца даволі часта. Правілы яго складання ў пэўнай ступені змягчыліся: пяцістопны ямб неабавязковы, дапушчальныя адыходы ад класічнай рыфмоўкі, — але за кошт адпаведнай строфікі і колькасці радкоў форма застаецца пазнавальнай. І. Катляроў для геральдычнага цыкла выбраў форму шэкспіраўскага санета, у якой тры катрэны і двухрадкоўе ў канцы. Што цікава, аўтар не падзяляе свае вершы на строфы графічна, пераходы можна назіраць, сочачы за рыфмоўкай і рытмам.

Самі тэксты — не столькі апісанне гербавай выявы, колькі асацыятыўны рад, які ўзнікае ў аўтара пры поглядзе на выяву. Зразумела, што ўмясціць у чатырнаццаць радкоў гісторыю горада або легенду пра з’яўленне герба немагчыма, але аскепкі і таго, і іншага часта сустракаюцца ў санетах. Нягледзячы на стрыманасць, якой вымагае выбраныя тэма і форма, у многіх тэкстах заўважна эмацыянальная ўключанасць аўтара ў тэкст.

Город, словно сам себе родня, —

все века соединил сегодня.

В каждом веке истина своя.

Роду невозможно жить безродно.

Церковью Каложской вижу я

всё, что всенародно благородно.

Адчуваецца, што пісьменнік імкнецца перадаць дух горада, укласці ў радкі нябачнае і неапісальнае ўражанне ад атмасферы месца. Па санетах складана зрабіць выснову, у якім з гарадоў аўтар пабываў сам, але гэта хутчэй плюс: паэтычная мапа атрымліваецца аднароднай. Паколькі сам аўтар ніякіх мясцін не вылучае, то чытачу, вядома ж, спачатку захочацца прагартаць кнігу і прачытаць пра свой родны горад і пра тыя, дзе ён бываў.

Варта асобна адзначыць дакладнасць перакладу санетаў на беларускую. Не прачытаўшы анатацыю, можна ўвогуле заблытацца, на якой мове напісаны арыгінал. Змешчаныя ў кнізе насупраць, вершы сапраўды набываюць люстэркавае падабенства.

Горад, быццам сам сабе радня, —

Знітаваў усе вякі сягоння.

Існаснасць у кожным з іх свая. Р

оду немагчыма жыць бязродна.

Тое ўсё Каложай бачу я,

Што высакародна ўсенародна.

Па ўсім цяжка сказаць, што кніга геральдычных санетаў — падарожжа па гарадах Беларусі або па гісторыі гарадоў. Але гэта тое, што можа заахвоціць да падарожжа. Урывачныя факты пра выявы на гербах і іх эмацыянальнае апісанне дакладна можа падштурхнуць да таго, каб даведацца штосьці новае пра гісторыю месца або нават наведаць яго, вызначыць дакладнасць атмасферы горада, якую перадае тэкст.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.