Вы тут

Гісторыя забабонаў і прывілеяў


Таіса Супрановіч. Халодны дзень і цёплы вечар. Мінск. Выдавецкі дом “Звязда”, 2017.

Кніга складаецца з трох аповесцяў і пяці апавяданняў. Сугучнасць лёсаў і характараў герояў і гераінь, пераважна вяскоўцаў, скразная праблематыка дазваляюць разглядаць гэтыя тэксты як адзінае мастацкае палатно. Крыніцы зла, якое раз’ядае душы беларусаў, пісьменніца бачыць у сацыяльных узрушэннях ХХ стагоддзя, бездухоўнасці, нацыянальным нігілізме, нішчымніцы, дзікунскіх забабонах.

Зло старажытнае, дрымучае, пры тым звычайнае, побытавае - гэта такія праявы вясковага ўкладу, як жорсткасць, зайздрасць, цкаванне тых, хто чым-небудзь, няхай не па сваёй віне, адрозніваецца ад шэрай масы, патрыярхальныя стэрэатыпы. Ганебнай мянушкай «Фрыцаўна» аднавяскоўцы называюць вывезеную падчас вайны ў Германію Шуру. Маладога мужа гераіні апавядання «Хутаранка» ўвогуле зводзяць у магілу «ліхія людскія вочы». Гвалт над жанчынай не лічыцца за злачынства. Партыец-камуніст Жарнакоў на горкі яблык збівае цяжарную ад яго Шуру, якая ў выніку страчвае дзіця. Ганна ранкам пасля вяселля атрымлівае ад мужа поўху – за тое, што на прасціне няма сведчання яе цноты. І хоць сведчанне тое Багдан пасля атрымае, гэта не перашкодзіць яму ганьбіць жонку. Падмуркам, на якім стаіць жыццё, выяўляецца доўгацярплівасць беларускіх жанчын, іх самаахвярная любоў да дзяцей. Але ёсць мяжа цярпенню: новае пакаленне беларусак па-іншаму ставіцца да шлюбу, імкнецца да незалежнасці ад мужчын і эканамічнай самастойнасці.

У кнізе багата трапных дэталяў – заўважаныя вокам пісьменніцы, яны набываюць сімвалічнае гучанне. У доме састарэлых следчы Віктар Хадкевіч бачыць паміраючую жанчыну. Па прасціне цягнецца ланцужок: гэта мурашкі праклалі шлях да цела. Сімвал смерці і адначасова бесперапыннасці жыцця, бязлітаснасці прыроды, для якой мы ўсяго толькі звёны ланцуга.

Анка Упала. “На заснежаны востраў”. Раман. Выдавец А.М. Янушкевіч, Мінск, 2017.

Гераіня аўтабіяграфічнай кнігі Анкі Упалы праходзіць стажыроўку па шведскай мове ў народнай школе недалёка ад Стакгольма. Вучоба, побыт студэнцкага інтэрната, паездкі ў шведскую сталіцу. Камунікацыя з карэннымі жыхарамі краіны і з эмігрантамі з усіх канцоў свету даецца няпроста: «Я пачала думаць на пякельнай беларуска-шведска-англійскай трасянцы. Да ўсяго яшчэ руская – мова міжнародных зносін з людзьмі з постсавецкай прасторы». Але галоўная складанасць у іншым: побач з Аленай прыстасоўваюцца да жыцця на чужыне розныя людзі, у кожнага з якіх свае псіхалагічныя траўмы. Перад гераіняй паўстаюць пытанні, над якімі жыхары Беларусі проста не задумваюцца, бо не сутыкаюцца з імі ў паўсядзённым жыцці. Адна з такіх праблем – расавая дыскрымінацыя. “Мой колер скуры – адзін з многіх, і за ім цягнецца гісторыя прывілеяў. За колерам скуры Тунтэматон —  іншая гісторыя, іншы досвед”. Ад сваіх новых сяброў Алена даведваецца пра асаблівасці жыцця ў патрыярхальных соцыумах: у Афрыцы, ісламскіх краінах. Гэтая гранічна шчырая дзённікавая проза дазваляе зразумець: свет, у якім мы жывем, значна шырэйшы за нашы стэрэатыпныя ўяўленні пра яго.

Алена Брава.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.