Вы тут

Брэсцкія пісьменнікі ладзяць шмат творчых сустрэч з чытачамі


Калі гаворка заходзіць пра Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, часцей за ўсё згадваюць такія праекты як унікальнае энцыклапедычнае выданне «Літаратурная карта Брэстчыны», літаратурную прэмію імя Уладзіміра Калесніка і цэлы шэраг іншых літаратурных конкурсаў, да якіх прыцягваюцца найбольш маладыя аўтары. Але адметнасцю абласной суполкі майстроў слова я  назвала б іх пастаянныя вандроўкі ў глыбінку, сустрэчы з юнымі і сталымі патэнцыйнымі чытачамі. Такая работа прыкметна актывізавалася з прыходам на пасаду старшыні абласнога аддзялення Таццяны Дземідовіч амаль тры гады таму.


У дзі­ця­чай біб­лі­я­тэ­цы

Не атрымаецца арандаваць транспарт большай умяшчальнасці, яны не бядуюць, Таццяна Анатолеўна саджае некалькі калег у сваю машыну — і наперад, да чытача. Адной з самых яркіх сустрэч 2017 года Таццяна Дземідовіч назвала паездку ў Белавежскую пушчу. Ехалі як быццам павіншаваць сябра сваёй суполкі Фёдара Саевіча з 85-годдзем, але сустрэча вылілася ў вялікае і змястоўнае мерапрыемства.

Жыхар вёскі Ясень Фёдар Саевіч — былы ляснічы запаведнага лесу. А калі выйшаў на пенсію, стаў пісаць апавяданні, вершы, казкі. Кожны дзень спасцігаючы таямніцы лесу, міжволі станеш паэтам — не раз жартаваў сам аўтар літаратурна-мастацкіх і навукова-папулярных кніг. Іх ужо дзевяць у Фёдара Канстанцінавіча. Ва ўсіх ён піша пра любоў усяго жыцця — пушчу. Адна з кніг так і называецца «Белавежская пушча — мая любоў, мой лёс».

Але ж цікава, што сваёй любоўю Фёдар Саевіч заразіў усю сям'ю. Яго сын Канстанцін, доктар біялагічных навук, краязнавец, выкладае у сталічнай ВНУ, і ўсе яго чацвёра дзяцей, значыць, унукаў Фёдара Канстанцінавіча, любяць пушчу і літаратуру. І не проста прыязджаюць на канікулы да дзядулі. Унук Фёдар скончыў лесагаспадарчы факультэт БДТУ і прыехаў працаваць у дзедаву вёску, узвёў тут дом і абсталяваўся. А малодшая ўнучка Ліза перамагае ў літаратурных конкурсах, піша даследчыя артыкулы. Усе ўнукі былога лесніка любяць прыроду і валодаюць словам. Фёдар Канстанцінавіч пазнаёміў калег з сям'ёй, паказаў асаблівыя векавыя дрэвы, памятныя мясціны ў лесе, дзе раней стаялі вёскі, нават працавалі заводы. Яшчэ ён павёў да помніка яўрэям, расстраляным у 1942 годзе. Тыя людзі, іх было каля 30 чалавек, хаваліся на востраве сярод балота ў спадзяванні на паратунак. Але іх выдалі. Упершыню пра гэтую трагічную гісторыю расказаў менавіта Саевіч у сваёй кнізе і стаў ініцыятарам узвядзення памятнага знака. Цяпер мемарыяльны знак ёсць.

Для пісьменнікаў такая паездка ў глыбінку стала проста знаходкай. Як і, напрыклад, наведванне Арэхаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна. У школу прыбыла даволі прадстаўнічая дэлегацыя майстроў слова. І проста на парозе пісьменнікі крыху разгубіліся, бо разлічвалі на будзённую сустрэчу-гутарку ў школьнай бібліятэцы. А дзеці, аказалася, рыхтаваліся. Сустрэлі іх хлебам-соллю, паказалі сваю творчасць. Многія школьнікі ад бабуль перанялі ўменне вышываць, вязаць, ствараць народныя касцюмы. Вучні таксама паказалі музейны куток, прачыталі любімыя вершы. Ну і галоўнае, вядома, змест мерапрыемства: стасункі, пытанні, адказы. «А іх было многа, вясковыя школьнікі, па-першае, уважліва слухалі, — расказала Таццяна Дземідовіч. — А іх пытанні сведчылі пра тое, што яны ў адрозненне ад многіх гарадскіх равеснікаў ведаюць цану хлебу, цану адукацыі. Яны з маленства дапамагаюць бацькам. І пры гэтым некаторыя з іх вельмі нават дружаць з творчасцю. У канцы сустрэчы асобныя хлопчыкі і дзяўчынкі крыху саромеючыся паказвалі свае вершы. І гэта ў пэўным сэнсе стала для нас адкрыццём. Бо прынята лічыць, што цяперашнія дзеці бавяць час у смартфонах і навакольным жыццём усё менш цікавяцца. Мы яшчэ раз пераканаліся, як важна з дзецьмі гаварыць».

Так было і на творчай сустрэчы з вайскоўцамі Пінскага пагранатрада, якія служаць на заставе «Дзівін». Туды пісьменнікі наведаліся разам з выхаванцамі Дзівінскага дзіцячага дома. І гэта стала асаблівым мерапрыемствам. Па-першае, вартавыя мяжы расказалі пра сваю работу, пра важнасць і асаблівасці аховы дзяржаўнай граніцы, пра дапамогу мясцовага насельніцтва. Бо ў памежных вёсках здавён заўважалі чужога чалавека і паведамлялі на заставу. А пісьменнікі тым часам прачыталі вершы на патрыятычныя тэмы. І адбылася размова пра Радзіму, малую і вялікую, пра месца кожнага на сваёй зямлі.

У Брэсцкім пагранатрадзе на сустрэчу з пісьменнікамі прыйшлі афіцэры і прапаршчыкі. Там размова ішла на іншым узроўні. І ўжо дарослыя людзі паказалі сваю зацікаўленасць літаратурным працэсам. У гэтай сустрэчы прымаў удзел Аляксей Скакун. Цікава, што Аляксей Сцяпанавіч пасля таго, як пакінуў пасаду кіраўніка аднаго з наймацнейшых сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны «Астрамечава», стаў актыўным сябрам пісьменніцкай суполкі. Ён, як ніхто, можа расказаць пра творчы складнік працы земляроба, пра любоў і пашану да зямлі. Аляксей Скакун вядомы не толькі як аўтар кніг, але і як таленавіты фотамастак. Таму не раз творчыя сустрэчы суправаджаюцца яго невялікімі фотавыстаўкамі.

Вялікую работу з чытацкай аўдыторыяй вядуць пісьменнікі ў рэгіёнах. Яны ходзяць у бібліятэкі і вайсковыя часці, да медработнікаў і калгаснікаў. У Пінску такія сустрэчы ладзіць Марыя Ляшук, у Лунінцы — Таццяна Канапацкая, у Жабінцы — Анатоль Бензярук.
У Пружанах добра ведаюць і заўсёды чакаюць Міколу Антаноўскага. Дарэчы, на абласным этапе конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» Мікіта Вайцюк стаў адным з пераможцаў з вершам Антаноўскага «Жыццёвая балада».  Супрацоўнік мытні, аўтар гістарычных раманаў Анатоль Брытун з задавальненнем сустракаецца са старшакласнікамі. Актыўна камунікуюць з любой аўдыторыяй Георгій Тамашэвіч, Аляксандр Валковіч, Любоў Красеўская, Зінаіда Дудзюк. А наперадзе — новыя вандроўкі. «Задумак шмат, хутка паедзем у Ражкоўку Камянецкага раёна да цудоўнага абраза, які ў вайну выратаваў цэлую вёску», — паведаміла Таццяна Дземідовіч.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.